Ці спраўляюцца «гервятцы» з вялікімі аб’ёмамі на ўборцы, хто працуе на жніве і ці радуе сёлета ўраджай – пра гэта і іншае даведаўся карэспандэнт «раёнкі».
Хоць афіцыйна гэтая гаспадарка не мае статуса насенняводчай, але па факце з’яўляецца такой. Прадуманая сортазмена, догляд за пасевамі згодна з тэхналогіяй, укараненне новых агратэхнічных прыёмаў, сучасная тэхніка, памножаныя на прадуманую работу агранамічнай службы, даюць станоўчы вынік. Хоць часам, канешне, карэктывы ўносіць праславутае надвор’е, як, напрыклад, у мінулым годзе, калі чэрвеньская спёка не дала коласу наліцца і літаральна высушыла пасевы, нягледзячы на ўсе намаганні хлебаробаў.
– Ураджай сёлета радуе: і збожжавыя, і рапс. Добра выглядаюць кукуруза і буракі, – не ўтойваў сваёй задаволенасці галоўны аграном КСУП «Гервяты» Аляксандр Кавалька па дарозе на поле, дзе працавала адно з хлебаўборачных звёнаў. – З тысячы гектараў крыжакветкавага каля 70% – гэта гібрыды, астатнія – сарты, насенне якіх вырасцілі самі. Хоць лічыцца, што першыя больш далікатныя ў сэнсе апрацовак, тэхналогія догляду пасеваў была аднолькавай. Цікава, што сыплюцца яны амаль аднолькава, з розніцай у 1-2 цэнтнера. Таму смела можна казаць, што наша айчыннае насенне нічым не горшае за імпартнае, якое тым больш нятаннае. Мяркуйце самі: кошт пасяўнога матэрыялу гібрыднага рапсу на гектар цягне на 60 еўра, а сваё – толькі сабекошт яго вырошчвання. Эканомія відавочная, таму, магчыма, у наступным годзе плошчы пад сартамі павялічым.
У КСУП «Гервяты» адна з самых высокіх на Астравеччыне ўраджайнасць рапсу: з гектара тут намалочваюць 39 цэнтнераў пры сярэднераённых 32,5.
Апярэдзіўшы маё пытанне пра сакрэт такой ураджайнасці, галоўны тэхнолаг гервяцкіх ніў прадоўжыў:
– Прызнацца, чакаў, што ўраджайнасць крыжакветкавага будзе яшчэ большай. Не першы сезон мы выкарыстоўваем метад дэсікацыі – падсушванне раслін з дапамогай спецыяльных прэпаратаў. Гэта паскарае выспяванне, аблягчае і робіць больш танным працэс уборкі. Пры абмалоце недаспелага рапсу часта забіваецца камбайн – а гэта цягне за сабой значныя страты ўраджаю. У адзін год спрабавалі «клеіць» – ёсць такі агратэхнічны метад, каб стручкі заўчасна не растрэскваліся, але не ўбачылі эфекту. Гэта тэхналогія больш падыходзіць да сартоў, а мы ж займаемся гібрыдамі. У іх у прынцыпе на генетычным узроўні закладзены імунітэт да растрэсквання.
Ля Якентан рапс убірала звяно ў складзе 6-ці камбайнаў, якіх з дарогі не было відаць – крыжакветкавы стаяў суцэльнай сцяной. Абмалочвалі гэтую культуру як вопытныя, так і маладыя камбайнеры.
Для Аляксандра Вештарта, які ў КСУП «Гервяты» працуе інжынерам, сёлетняе жніво другое – і першае ў якасці старшага камбайнера. Запытала ў хлебароба, з якімі думкамі і эмоцыямі ён распачынаў уборку, тым больш што абыходзіцца без памочніка.
– У мінулым годзе былі ў пары з Вадзімам Лукойцем, ён таксама інжынер. Сёлета шэф сказаў, што можам працаваць паасобку, – расказаў малады чалавек. – Напачатку было боязна, думаў, ці спраўлюся адзін, але ўцягнуўся. Пачыналі на ячмянях, потым убіралі фестулоліум, тры дні назад перайшлі на рапс. На гэтым полі добрая ўраджайнасць. Паўтара круга зрабіў – і бункер поўны, а гэта каля 6,5 тоны.
У навічка жніва не магла не пацікавіцца, ці ёсць паміж гервяцкімі камбайнерамі саперніцтва і ці хочацца трапіць у лік «тысячнікаў».
– Скажу за сябе: працую спакойна, без спешкі. Для мяне галоўнае – убраць ураджай без страт. Я не рвач і не ганюся за тонамі ці прэміямі, – прызнаўся Аляксандр.
А вось яго калега Андрэй Вінцкусь упэўнены, што кожны хлебароб хоча ўзяць жаданую тысячу тон адным з першых у раёне.
– Нездарма яно называецца працоўным спаборніцтвам. Колькі працую на жніве (а гэтая мая 18-я ўборка), столькі прафсаюз яго праводзіць. У 2017 годзе мы з сынам сталі першымі «тысячнікамі». Кіраўніцтва раёна і гаспадаркі віншавала нас у полі, – успомніў камбайнер. – Найбольш за дзень набіваў 116 тон, а за ўборку –1 600. За ўсе гады работы не прыпомню, каб так рана пачыналі жаць, як сёлета.
Абмалочваць гервяцкія нівы Вінцкусю сёлета дапамагае Іван Барадынка, які спецыяльна на перыяд уборкі ўзяў адпачынак на асноўным месцы работы, у Белдзяржстраху.
– Начальства без пытанняў адпусціла, усе разумеюць важнасць уборачнай кампаніі – ад гэтага залежыць харчовая бяспека нашай краіны, – упэўнены памочнік камбайнера. – Ды і падабаецца мне. Сам я вясковы, да арміі і пасля на «Ніве» хадзіў па полі.
…Увагу хлебаробаў доўга не забірала, каб не замінаць важнай справе. З галоўным аграномам выправіліся ў іншы канец гаспадаркі, пад Гервяты, дзе другое звяно ўбірала трыцікале.
Па дарозе перахапілі МАЗ, за рулём якога быў Яўген Медушэўскі, які імчаў на поле. У першую палавіну дня калгасны механік займаецца сваімі непасрэднымі працоўнымі абавязкамі: замаўляе патрэбныя запчасткі, «выпускае» з тэрыторыі майстэрні тэхніку і іншае, а пасля абеду возіць збожжа на роўных з астатнімі вадзіцелямі.
– Спачатку было цяжка перастроіцца на новы рэжым. Здараецца, што пазменна працуем і ноччу – трэба ж збожжа перавозіць па тэрыторыі зернескладаў. Але ўжо так уцягнуўся, што не ўяўляю, што буду рабіць, як скончыцца ўборка, – з усмешкай сказаў Яўген. – У нашай гаспадарцы самыя вялікія жніўныя плошчы, і ўсе работнікі разумеюць, што сабранае збожжа трэба спарадкаваць і размеркаваць. Таму ў першую палавіну дня я – механік, а ў другую – вадзіцель.
Усяго на ўборцы новага ўраджаю ў КСУП «Гервяты» працуе 16 камбайнаў, якія ў залежнасці ад фронту работ разбіваюць на некалькі вытворчых звёнаў. На адвозе задзейнічана каля 15-ці адзінак тэхнікі. Вазіць збожжа і рапс гервятцам дапамагаюць працаўнікі лясгаса, аўтапарка, сельгастэхнікі і нават абласнога Гроднадругчармета.
– У нас дастаткова разгорнутая лагістыка, таму шмат прыцягнутых вадзіцеляў з іншых прадпрыемстваў і арганізацый. Сушыльная гаспадарка сканцэнтравана ў Гервятах, а зернесклады раскіданы: Рымдзюны, Дайлідкі, Чэхі, Швейляны, – працягвае Аляксандр Кавалька. – Неяк задумаўся, што галоўнае на жніве. Многія кажуць, што ўбраць ураджай. Абмалаціць – гэта не праблема: толькі дай камбайнерам адмашку – не спыніш потым. Мне здаецца, самае галоўнае – давесці да кандыцыі і размеркаваць сабраны ўраджай: што пойдзе ў засекі на фураж і на насенне, а што – на выкананне дзяржзаказу. Тут патрэбен гаспадарскі прадуманы падыход, на некалькі крокаў наперад трэба планаваць жніўны фронт работ. Можна хутка абмалаціць нівы, а зерне будзе ляжаць у кучах і прэць. Дык хай лепш збажына даўжэй пастаіць у полі, абдзіманая ветрам, – зярнятам нічога не зробіцца.
За гутаркай хутка прыехалі ў Гервяты, дзе некалькі камбайнаў убіралі азімы трыцікале, пад які адведзена больш за 1 160 гектараў.
– Парадавала сёлета гэтая культура, – прызнаўся галоўны аграном. – Раней вырошчвалі высакарослыя сарты. Пасевы выглядалі добра, а ў выніку ўраджай так сабе атрымліваўся – адна салома. Некалькі сезонаў шчыльна працавалі ў гэтым накірунку, падбіралі аптымальныя для нашых зямель сарты. Спыніліся на «таледзе» і не прагадалі. На круг хлопцы бяруць больш за 51 цэнтнер.
Словы агранома пацвердзіў і інжынер Вадзім Лукойць, які другі год запар летам садзіцца на камбайн.
– Гэта наша гаспадарка і наш ураджай. І як яго не дапамагчы ўбраць? Тым больш так хораша сыплецца, – рытарычна зазначыў малады хлебароб.
...Паназіраўшы за ходам жніва ў «Гервятах», пагутарыўшы з галоўным аграномам і хлебаробамі, зразумела, чаму збожжа і рапс тут на адзнаку «клас».
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Источник: https://www.ostrovets.by/news/novosti/news45425.html