Гудогайские кормозаготовщики - лучшие в районе
16.06.2025
Першы ўкос пераваліў за экватар: травы пакладзены ў пракосы на плошчы на амаль 8,5 тысячы гектараў. Найбольшы спрыт сярод гаспадарак раёна на касавіцы дэманструюць механізатары КСУП «Гудагай» – яны абкасілі ажно 72% плошчаў.
Напрыканцы мінулага тыдня наш карэспандэнт паглядзеў, як нарыхтоўваюць кармы ў гэтай гаспадарцы.
Сёлета ў КСУП «Гудагай» падчас першага ўкосу запланавана скасіць больш за 3 тысячы гектараў. Па стане на 14 чэрвеня, травы ляглі ў пракосы на плошчы 2 200 гектараў. Зялёную масу актыўна закладваюць у сянажна-сіласныя траншэі, сянажную масу таксама нарыхтоўваюць у выглядзе рулонаў – у стрэйч-плёнку гудагайцы ўжо закруцілі 850 тон траў.
Каб зімой пракарміць амаль 7 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, плануецца нарыхтаваць 800 тон сена, амаль 29 тысяч тон сенажу, крыху больш за 47 тысяч тон сіласу і закруціць у стрэйч-плёнку 2 тысячы тон травы – усяго каля 22,5 тысячы тон кармавых адзінак, з разліку на адну ўмоўную галаву гэта 34 цэнтнера.
– Для нашай гаспадаркі, якая спецыялізуецца на малочнай вытворчасці, нарыхтоўка кармоў – стратэгічная задача, – па дарозе на поле тлумачыць галоўны аграном КСУП «Гудагай» Андрэй Ненартовіч. – У параўнанні з мінулым годам, травы сёлета выглядаюць значна лепш – гэтаму паспрыяла цёплае надвор’е і пастаянныя дажджы. Думаю, большую частку травяністых кармоў нарыхтуем з першага ўкосу. На плошчы больш за 600 гектараў высопрадукцыйных сенакосаў унеслі азот: калі і надалей будзе такое надвор’е – атава не прымусіць сябе чакаць.


Маладыя сілы гудагайскай касавіцы: Аляксандра Шукяловіч, Яўген Юркойць і Дар’я Жукоўская
Намаганнямі чатырох касілак у КСУП «Гудагай» травы кладуцца ў пракосах на 100 гектарах – гэта крыху больш за 3% ад плана.
На модульнай ратацыйнай касілцы КМР-9 трэці сезон працуе Генрых Млынскі.
– У сярэднім за дзень абкошваю каля 60 гектараў. Найлепшы вынік сёлетняга сезону – 70 гектараў. Перавагі гэтай касілкі ў тым, што яна сумяшчае некалькі аперацый за адзін праход, – дзеліцца механізатар.

Падборам і здрабненнем падвяленай травы ў КСУП «Гудагай» займаюцца 3 корманарыхтоўчыя комплексы: «Джон-Дзір» і два КВК-800 – за дзень яны ўбіраюць каля 90% скошаных траў. Непадалёк ад аграгарадка Малі гэта рабіў Міхаіл Лашчонак, які, дарэчы, некалькі гадоў запар станавіўся адным з лепшых корманарыхтоўшчыкаў вобласці. Цікаўлюся ў камбайнера, ці плануе сёлета паўтарыць мінулагодні вынік.
– Хто яго ведае, – паціскае плячыма мужчына. – За ўзнагародамі ніколі не гнаўся і не ставіў перад сабой мэты быць першым. Травы, здаецца, нядрэнныя – цяпер самае галоўнае своечасова іх скасіць.

– Ад таго, у якой фазе скошаны травы, залежыць якасць будучых кармоў, – далучаецца да размовы Андрэй Ненартовіч. – Для злакавых цяпер ідэальная пара. Вось-вось – і будзем убіраць канюшыну. Усе бабова-злакавыя ўгоддзі ў нас палепшаныя. Засеяны прамежкавымі культурамі нават невялікія лапікі зямлі побач з фермамі і ў іншых месцах. Стараемся выкарыстоўваць усе магчымасці і зямлю, каб у поўным аб’ёме нарыхтаваць на зіму кармы.

На граблях працуе Яўген Грымбоўскі
Другі кормаўборачны камбайн працаваў каля вёскі Філіпаны. За рулём «Джон-Дзіра» быў Сяргей Урлік, які летась падчас раённага свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі падымаўся за ўзнагародай на рымдзюнскую сцэну як лепшы корманарыхтоўшчык раёна. Дарэчы, партрэт механізатара сёлета занесены на раённую Дошку гонару.
– Камбайн ні хвіліны не прастойвае, – расказвае мужчына. – Тэхнікі для адвозкі зялёнай масы хапае: траву на малочна-таварны комплекс «Малі», дзе закладваюць сянажна-сіласную траншэю, возяць 10 аўтамабіляў і трактароў.

Летась пераможцам працоўнага спаборніцтва на корманарыхтоўцы, якое штогод ладзіць райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, сярод занятых на адвозцы «зялёнкі» вадзіцеляў стаў Пётр Сяргей. Сёлета механізатар таксама возіць траву.
– Травы цяпер харошыя! – гаворыць вадзіцель. – За дзень раблю да дзесяці рэйсаў – іх колькасць залежыць ад таго, як далёка працуем ад фермы ці комплексу.


За рэйс Руслан Шпургіс перавозіць каля 10 тон травы

Вадзіцель Віктар Алёкса
Пакуль адны косяць і возяць траву, другія яе трамбуюць без перабольшання круглыя суткі, бо так патрабуе тэхналогія закладкі сянажнай масы. У дзень майго прыезду ў КСУП «Гудагай» закладвалі травой 7 траншэй. Да слова, некалькі гадоў назад тут пабудавалі па адной сянажна-сіласнай траншэі каля малочна-таварнага комплексу «Германішкі» і малочна-таварных ферм «Дрэвянікі», «Ліпнішкі», «Лоша».

Віктар Грамбоўскі другі сезон за рулём кормаўборачнага камбайна КВК-800

Уладзімір Жук возіць «зялёнку»

Іосіф Макарэвіч пазалетась стаў на жніве першым вадзіцелем-тысячнікам

Вадзіцель Валерый Змітровіч
У многім якасць будучага сенажу залежыць ад трамбоўкі. Для гэтага гудагайцы набылі спецыяльнае прычапное прыстасаванне, якое механізатары называюць катком – ён заступае на змену двум «Амкадорам» ноччу.

Такім катком трамбуюць у траншэях траву

На «Амкадоры» зялёную масу ў траншэі трамбуе Ігар Алёкса
– Выкарыстанне для трамбоўкі пагрузчыкаў не вызваляе ад таго, што трэба ў першую чаргу думаць пра суадносіны колькасці сенажыруемай масы да вагі трамбавальнай тэхнікі, – гаворыць галоўны аграном Андрэй Ненартовіч. – Каток ідэальна выціскае паветра. Пры выкананні асноўных правіл закладкі траншэі – трохдзённы тэрмін, герметычнасць і іншых – атрымліваецца сянаж высокай якасці.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст: Алёна Ганулич Фото: Алёна Ганулич