Рапсу – дэсікацыю, механізатарам – двайную аплату, ці Як праходзіць жніво ў КСУП «Гервяты»
    29.07.2025
        Першымі ўбіраць рапс на Астравеччыне пачалі хлебаробы КСУП «Гервяты». Дарэчы, у гэтай гаспадарцы найбольшыя ў раёне плошчы крыжакветкавага – 900 гектараў, і самы вялікі жніўны клін збожжавых – звыш 4 100 гектараў.
Напачатку тыдня зазірнулі на «гервяцкія» нівы, каб паглядзець, ці добры ўраджай саспеў, даведацца, хто яго сёлета будзе ўбіраць і якія праблемныя пытанні ўзнікаюць на жніве. 
У панядзелак, 25 ліпеня, збожжаўборачная тэхніка ў КСУП «Гервяты» была разбіта на два звяны: каля вёскі Мацкі абмалочвалі рапс, ля Малых Якентан – яравы ячмень.
– На масавым жніве ў нас будуць задзейнічаны 17 камбайнаў, прыблізна столькі ж адзінак тэхнікі – на адвозе збожжа і рапсу, – расказаў галоўны аграном Аляксандр Кавалька, які з дырэктарам КСУП «Гервяты» Ігарам Жданавым назіралі за пачаткам абмалоту крыжакветкавага і давалі парады механізатарам. – Па рашэнні райвыканкама транспарт на дапамогу нам выдзелілі аўтапарк, камунальнікі і доследны лясгас.
Па словах галоўнага тэхнолага гервяцкіх палёў, адзіная праблема, якая хвалюе хлебаробаў, – з-за надвор’я тэрміны жніва ссунуліся больш чым на дэкаду. 
– Па ўсім бачна, што давядзецца адначасова абмалочваць збожжавыя і рапс. Да таго ж працягваецца другі ўкос. І ўсюды патрэбны людзі! За пяты год работы ў гаспадарцы ў якасці галоўнага агранома такі непрадказальны і складаны сезон – першы, – расказвае Аляксандр Кавалька. 
Каб пазбегнуць страт ураджаю крыжакветкавага, у КСУП «Гервяты» сёлета выкарысталі метад дэсікацыі – падсушванне раслін з дапамогай спецыяльных прэпаратаў. Гэта паскарае выспяванне, аблягчае і робіць больш танным працэс уборкі. Па меркаванні спецыялістаў, такі агратэхнічны прыём эканамічна апраўданы, хоць і дастаткова рызыкоўны. 
– Штодзень уносілі прэпараты для даспявання рапсу на плошчы не больш за 100 гектараў, праз 5-7 дзён у поле пускалі камбайны. Самае галоўнае, каб у гэты час не задажджыла – тады ўсе намаганні марныя, – патлумачыў галоўны аграном.
Рапс убіраў добра вядомы на Астравеччыне сямейны тандэм Арцёма Бабойця і Аляксандра Маркуна. Браты працуюць у іншай сферы, але амаль кожнае лета прыходзяць на дапамогу аграрыям. Так, 
у 2018 годзе яны першымі ў раёне сярод маладзёжных экіпажаў перасягнулі жаданую мяжу ў тысячу тон збожжа. 
Алег Юркойць пакуль убірае рапс адзін. З дня на дзень да яго павінен далучыцца памочнік з лясной гаспадаркі Дзмітрый Юркойць. 
– Рапс выглядае добра, праўда, месцамі сыраваты, – адзначыў камбайнер. – На круг пакуль дае каля 30 цэнтнераў, думаю, далей будзе сыпацца лепш. 
На новым збожжаўборачным камбайне вытворчасці «Гомсельмаш» смела «ныралі» ў рапсавае мора Андрэй Масевіч, для якога гэта шостае жніво, і Сяргей Махнач – юніёр.
– Працаваць на новай тэхніцы – адно задавальненне, – прызнаўся Андрэй. – У «Гервятах» камбайны ў асноўным давераны вопытным механізатарам, памочнікамі працуе шмат моладзі, як, напрыклад, і Сяргей, які прыйшоў у родную гаспадарку пасля заканчэння Іўеўскага прафесійна-тэхнічнага каледжа.
Аднаго з самых вопытных у гаспадарцы камбайнераў і корманарыхтоўшчыкаў Валянціна Гайдуля заспела за ўборкай яравога ячменю – пад гэтую культуру «гервятцы» адвялі 860 гектараў. На жніве мужчыне сёлета дапамагае Арцём Баніцэвіч.
– Найбольшы  намалот у мяне за сезон быў каля 1 600 тон. Колькі сёлета вазьму? Не люблю наперад загадваць – гэта стане зразумелым, калі хоць трэць плошчаў убяром, – расказаў камбайнер. – З культур найбольш падабаецца пшаніца – хораша яна сыплецца. А нелюбімая – ячмень: жатка забіваецца. 
Менавіта з яго, «вусатага», КСУП «Гервяты» па традыцыі пачалі ўборку збожжавых. 
– На першых абмалочаных участках ячмень сыпаўся пад 43-45 цэнтнера з гектара, летась было толькі 33. Збожжавыя сёлета ўрадлівыя – гэта радуе. Але дадае клопату, што тэрміны жніва, другога ўкосу траў і падрыхтоўкі глебы пад азімую сяўбу сёлета практычна супалі. Хоць ты разарвіся, – патлумачыў складанасці сёлетняга сезону Аляксандр Кавалька. 
У гаспадарцы з дня на дзень пачнуць рыхтаваць глебу да сяўбы рапсу. Сёлета ў «Гервятах» пад яго збіраюцца адвесці рэкордную плошчу – ажно тысячу гектараў. Такое рашэнне ўзважанае і эканамічна абгрунтаванае: у гаспадарцы запусцілі ў работу цэх па перапрацоўцы рапсавага насення. Атрыманы алей ідзе на рэалізацыю, а жмых – на корм буйной рагатай жывёле: гэта значна эканоміць сродкі на набыццё бялковай сыравіны. 
У КСУП «Гервяты» дбаюць не толькі пра ўраджай і вытворчыя паказчыкі, але і пра занятых на жніве людзей. Механізатарам і вадзіцелям у поле прывозяць гарачыя абеды і падвячоркі. Перагледзелі ў гаспадарцы і расцэнкі: камбайнеры за кожную намалочаную тону збожжа ў гэтым годзе будуць атрымліваць удвая больш, чым летась.
Напрыканцы паездкі па ячменных і рапсавых палях КСУП «Гервяты» пацікавілася ў Аляксандра Кавалькі, за што найбольш ён хвалюецца ў гэтую гарачую для хлебаробаў пару. 
– За людзей спакойны, як і ў цэлым за жніво. Турбуе стан дарог на Міцюны і Чэхі – разбітыя, цяжка вадзіцелям. А галоўнае – своечасова ўбраць з палёў салому і ў аптымальныя тэрміны пасеяць рапс, – сказаў на развітанне галоўны аграном.
 Другі сезон на камбайне КЗС-1218 працуе Алег Юркойць
Другі сезон на камбайне КЗС-1218 працуе Алег Юркойць
 На новым камбайне ўпершыню працуюць разам Андрэй Масевіч і Сяргей Махнач
На новым камбайне ўпершыню працуюць разам Андрэй Масевіч і Сяргей Махнач Памочнік Мікіта Сарокін і камбайнер Віктар Мачэль
Памочнік Мікіта Сарокін і камбайнер Віктар Мачэль Адказны за ўборку на дайлідскім участку Уладзімір Грэгуш
Адказны за ўборку на дайлідскім участку Уладзімір Грэгуш Галоўны аграном КСУП «Гервяты» Аляксандр Кавалька
Галоўны аграном КСУП «Гервяты» Аляксандр Кавалька
Валянцін Гайдуль і Арцём Баніцэвіч
 Павел Мажэйка, Генадзь Лабачэўскі (на фота) і Аляксандр Сасноўскі даводязць да патрэбнай кандыцыі збожжа і рапс
Павел Мажэйка, Генадзь Лабачэўскі (на фота) і Аляксандр Сасноўскі даводязць да патрэбнай кандыцыі збожжа і рапс
 
 Вадзіцель Валерый Кірпа неаднаразова прызнаваўся лепшым на адвозе збожжа
Вадзіцель Валерый Кірпа неаднаразова прызнаваўся лепшым на адвозе збожжа 
Браты Аляксандр Маркун і Арцём Бабойць і па жыцці, і на жніве – разам
Островецкая правда