Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

В день рождения БРСМ новым членам объединения вручили членские билеты

09.09.2024
В день рождения БРСМ новым членам объединения вручили членские билеты

Дзяўчаты і хлопцы з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якім падабаецца не толькі паспяхова заяўляць пра сябе, малую радзіму і краіну, але і дапамагаць гэта рабіць іншым, прытрымліваюцца  крэда: толькі разам і толькі наперад. Гэты дэвіз неаднойчы гучаў і падчас урачыстага прыёму астравецкіх актывістаў у самае шматлікае аб’яднанне  – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

На цырымонію развітання з піянерскім гальштукам запрасілі юных жыхароў раёна, якія ў гэты дзень атрымалі членскія білеты БРСМ.

– Штогод мы ініцыіруем новыя праекты, каб кожны ахвочы меў магчымасць рэалізаваць сябе ў накірунках па душы. Наша арганізацыя аб’ядноўвае не толькі школьнікаў старэйшых класаў, але студэнцкую і рабочую моладзь – гэта вы бачылі на відэароліку, які мы падрыхтавалі. Спадзяюся, што праз некалькі гадоў і вы станеце героямі падобнага відэа, дзе будзеце расказваць пра сваю дзейнасць, дзяліцца планамі і ідэямі, – звярнулася да моладзі першы сакратар Астравецкага райкама БРСМ Вольга Максімава. – Вас чакае насычанае грамадскае жыццё, шмат цікавых спраў, новыя знаёмствы – у нас мноства прапаноў. Ад вас жа галоўнае – жаданне ва ўсім гэтым удзельнічаць, і, канешне,  свежых ініцыятыў. І дзякуй за тое, што выбралі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі!


Вольга Максімава прыгадала, што ідзе набор на другі сезон раённага праекта “PROзакон” і прэзентавала новы – “Школу зааваланцёра”.

Чым запомніцца піянерскае дзяцінства, чаму вырашылі ўступіць у БРСМ і якія накірункі гэтага аб’яднання цікавяць найбольш – пра гэта карэспандэнт “раёнкі” пацікавіўся ў маладых людзей.


Дар’я Сілюк:


– Была актыўным  членам піянерскай арганізацыі: удзельнічала ўсюды, дзе мне прапаноўвалі, – як вынік: паспрабавала сябе ў розных накірунках. (Усміхаецца.) Па вялікім рахунку, падабалася ўсё – люблю “дзвіж”, разнастайнасць. Часам, праўда, даводзілася цяжкавата сумяшчаць вучобу і грамадскую дзейнасць, але паспявала.

У БРСМ шмат знаёмых – чула ад іх толькі станоўчыя водгукі. Неаднойчы сама ўдзельнічала ў мерапрыемствах пад эгідай гэтай арганізацыі --  цікава, захапляльна.  Рада, што цяпер адна з маладзёжных актывістаў.

Радзівон Гайдуль:


– Акрамя шмат чаго іншага, наша піянерская дружына шэфствавала над ветэранамі працы – мне такая работа падабалася, бо дала добры вопыт стасункаў. Увогуле падабаецца валанцёрства, праца на карысць людзям, горада – на агульны дабрабыт. У БРСМ таксама  далучуся да ліку добраахвотнікаў. А яшчэ хачу стаць удзельнікам праекта  “PROзакон”, спадзяюся, у мяне гэта атрымаецца.

Аліна Баркоўская:


– Узгадала прыём у піянеры ў 5 класе. Адчувала гордасць, калі павязвалі гальштукі. І разам з тым закрадваўся нейкі страх, хваляванне: ці атрымаецца, ці змагу стаць лідарам?

За некаторымі праектамі БРСМ сачыла даўно – цікавыя. Адназначна цяпер магу сказаць, што працягну ўдзел у валанцёрскай рабоце – люблю такія справы. Калі прапануюць якіясьці паездкі, таксама буду “за”. 

 Вольга Андрушкіў:


– Сяброўкі даўно ў БРСМ – ім падабаецца, яны шмат дзе ўдзельнічаюць, займаюцца валанцёрствам. Сябар быў  у “PROзаконе”, яго нават на адкрыццё новага будынка суда запрашалі.

Мне падабаецца дапамагаць людзям – таму адназначна далучуся да гэтага накірунку работы нашага аб’яднання. І па меры магчымасці не буду абыходзіць увагай творчыя справы. Люблю танцаваць – на школьных мерапрыемствах  выступаю і буду рада ўдзельнічаць у падобных творчых ідэях БРСМ.

Вось якая яна, маладая Беларусь:  актыўныя, ініцыятыўныя, адкрытыя да цікавых прапаноў хлопцы і дзяўчаты.  Яны хочуць зрабіць жыццё ярчэйшым, быць запатрабаванымі і весці за сабой – і ў іх гэта дакладна атрымаецца.


Островецкая правда
© Островецкий районный исполнительный комитет, 2024.