Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Знакомьтесь: молодые специалисты, ветврачи Гертруда и Дмитрий Гончары

24.04.2024
Знакомьтесь: молодые специалисты, ветврачи Гертруда и Дмитрий Гончары


Стэрэатып, што маладыя людзі не хочуць ісці ў сельскую гаспадарку, разбурае прыклад сямейнай пары Ганчароў.
Гертруда і Дзмітрый другі год працуюць ветэрынарнымі ўрачамі ў РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» на малочна-таварным комлексе «Рытань». Радасці і цяжкасці, перамогі і праблемы –  яны ўсё дзеляць на дваіх. 
Хоць у працоўных кніжках Ганчароў аднолькавыя запісы «ветэрынарны ўрач» – на комплексе абавязкі ў мужа і жонкі розныя. 
– Я адказваю за цялят – на ком­п­лексе больш за 470 галоў на дарошчванні. Кожныя тры дні па аналізе крыві правяраю імунаглабулін. Цяляты – тыя самыя дзеці. Глянуўшы на малое, магу сказаць, добра яно сябе адчувае ці яму нездаровіцца. Часцей за ўсё цяляты хварэюць на дыспепсію – расстройства стрававання, якое звычайна ўзнікае ў першыя дні жыцця жывёліны,   –  расказвае Гертруда. 
Дзмітрый на комплексе лечыць дойных кароў – рабіць гэта яму дапамагае і жонка. 
– Самая вераломная хвароба – мастыт, – далучаецца да размовы Дзмітрый. – Парушэнні тэхналагічнага працэсу дойкі ці нават тое, што карова нялоўка прылегла на вымя, могуць стаць прычынамі захворвання. На днях разам з Гертрудай – спа­дзяюся, што нам дадуць каго-небудзь у дапамогу, – бу­дзем правяраць дойных кароў (а гэта 550  галоў) на схаваныя мастыты. 
– Аналіз праводзіць нескладана, аднак аб’ёмы работы вялікія. У спецыяльную ёмістасць з чатырма адсекамі сцэджваем па струмені малака з кожнага саска  і дадаём рэагент, – з веданнем справы расказвае Герт­руда. – Калі малако не змяніла кансістэнцыі – жывёліна здаровая, а з’яўленне слізі сведчыць пра схаваны мастыт. Такіх кароў адразу выдзяляем у асобную групу і лечым.
Шэсць дзён на тыдзень маладыя спецыялісты праводзяць на малочна-таварным комплексе. Па прызнанні Ганчароў, работа, нягледзячы на ўсе нюансы жывёлагадоўлі, падабаецца. Засмучае мужа і жонку толькі тое, што ў іх не супадаюць выхадныя: Дзмітрый адпачывае ў суботу, а Гертруда – у нядзелю.  Але да гэтага  яны ставяцца спакойна: разумеюць, што нават у нядзелю на комплексе павінен быць дзяжурны ветурач. 
Цікаўлюся ў Ганчароў, чаму сярод дзясятка дарог, якія адкрываліся перад імі пасля заканчэння школы, яны выбралі сельскую гаспадарку. 
– Нарадзілася я ў гарадскім пасёлку Асвея, што на Віцеб­шчыне. Так склаліся абставіны, што асаблівага выбару ў мяне не было. Адвучылася ў Лужаснянскім аграрным кале­джы, потым скончыла Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны,  – расказвае дзяўчына. – А жывёлу я люблю з дзяцінства. Адзінае, што мне не падабаецца, гэта тое, як некаторыя людзі ставяцца да іх: падымаюць руку на безабаронных жывёл – для мяне гэта дзіка. Наш агульны з Дзімам знаёмы, які быў на стажыроўцы ў Германіі, расказваў, што, выганяючы кароў на пашу, прыкрыкнуў на іх і замахнуўся – яму зрабілі заўвагу і папярэдзілі, каб такое было  апошні раз. 
– А я з дзяцінства марыў быць ветэрынарам. Тым больш што перад вачыма быў прыклад бацькі, – прызнаецца Дзмітрый. – І маці, і брат, хоць у сельскай гаспадарцы ён цяпер не працуе, так ці інакш звязаныя з жывёлагадоўляй. Дарэчы, тата пераехаў з Брагінскага раёна на Астравеччыну і таксама працуе ветурачом у саўгасе «Падольскі» на малочна-таварным комплексе «Падольцы».
Маладыя людзі прызна­юцца, што іх каханне 
дакладна было не з пер­шага погляду. 
– З Гертрудай мы разам ву­чыліся ў Лужаснянскім кале­джы, потым – у акадэміі, у адной групе, – расказвае Дзмітрый.
– Прыблізна два гады мы сябравалі. На другім курсе пачалі сустракацца, а дзесьці праз год пабраліся шлюбам, – успамінае дзяўчына. – Нам камфортна адзін з адным. Дзіма спакойны і разважлівы, я больш энергічная – напэўна, мы дапаўняем адзін аднаго. У верасні будзе чатыры гады, як мы разам. 
Пасля заканчэння ветэрынарнай акадэміі маладыя людзі збіраліся ехаць на Гомельшчыну, але энергічны дырэктар РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» Дзяніс Кірпа пераманіў Ганчароў да сябе: прапанаваў тыя ўмовы, ад якіх яны не змаглі адмовіцца. 
– У адрозненне ад іншых кіраў­нікоў Дзяніс Валер’евіч прыехаў за кадрамі ў акадэмію задоўга да нашага размеркавання, – расказвае Гертруда. – У выкладчыцы патолагаанатоміі, якую ўвесь наш курс вельмі любіў і паважаў, пацікавіўся, ці ёсць сямейная пара маладых ветурачоў.
– Нам было неістотна, дзе працаваць, галоўнае – каб за­бяспечылі жыллём, – падхоп­лі­вае нітачку размовы Дзмітрый. – Пытання, ці пераязджаць на Астравеччыну, не стаяла. Тым больш  Валер’евіч прапанаваў нам добрыя ўмовы і перспектыву развівацца. 
– Мы ведалі, што можам раз­ліч­ваць толькі на сябе і свае ўласныя сілы. Яшчэ падчас вучобы ў акадэміі Дзіма ездзіў у Германію. На заробленыя грошы мы купілі машыну... Работы не баімся. Галоўнае, каб была магчымасць працаваць і атрымліваць годную зарплату, – дадае Гертруда. 
Кажуць, што першае ўражанне падманлівае. У гэтым ўпэўніліся Ганчары, калі прыехалі на Астравеччыну.
–  У Кямелішкі – там нам выдзе­лілі катэдж – мы трапілі зімой. Было цёмна і холадна. Першую ноч спалі на матрацы, – узгадвае дзяўчына. – Дзякуй кіраўніцтву саўгаса, што дапамагло набыць сёе-тое з мэблі. Праз некаторы час мы пераехалі ў меншы, але цёплы і больш утульны дом. Нам тут падабаецца!
Штодзень на саўгаснай машыне ветурачоў возяць з Кямелішак у Рытань. Праўда, калі для аграрыяў пачалася гарачая пара – пасяўная кампанія, – некалькі дзён маладыя людзі хадзілі на работу пешшу. Пакуль Ганчары на комплексе лечаць хворых цялят і кароў, дома сваіх гаспадароў чакае дружная парачка – кот Коця і сабака Монька. 
– Моньку мы ўратавалі. Складана ўявіць больш любячага і адданага хвосціка, – усміхаецца Гертруда. 
Гледзячы на сямейную пару маладых ветурачоў, злавіла сябе на думцы, што ў сельскай гаспадаркі дакладна ёсць будучыня. 
– Пакуль яшчэ не вырашылі, ці застанемся тут пасля ад­пра­цоўкі, – прызнаецца дзяў­чына. – У нашай рабоце шмат нюансаў. Дрэннага паху і гною не цураюся. Шкада, што на комплексах падыход да жывёлы абагульнены і нават абяздушаны. Хоць сваіх падапечных цялятак люблю.
– Мне мая работа падабаецца, – прызнаецца Дзмітрый. –  Не па чутках ведаю, што некаторыя маладыя спецыялісты, асабліва сельскагаспадарчых спецыяльнасцей, сутыкнуўшыся з рэальнасцю, расчароўваюцца. У мяне такога не было. Дакладна ведаю, што ветэрынарыя – гэта маё. 




Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Алёна Ганулич 
Фото: Алена Ганулич
 
© Островецкий районный исполнительный комитет, 2024.