03.12.2025
Больш за дваццаць гадоў вадзіцелем у ЖКГ працуе Вацлаў Чарняўскі
Вацлаў Чарняўскі больш за 20 гадоў працуе вадзіцелем у Астравецкай ЖКГ, 10 з іх – за рулём смеццевоза. І робіць гэта старанна і адказна. . – Паставілі задачу на дзень – яе трэба выканаць, – перакананы мужчына . – Што і раблю ўжо амаль чвэрць стагоддзя. (Усміхаецца.) І ад мяне таксама залежыць чысціня на вуліцах нашых населеных пунктаў. У жыллёва-камунальную гаспадарку мужчына прыйшоў у 2002 годзе з сельгастэхнікі, дзе таксама быў вадзіцелем. Спачатку сеў за руль асенізатарскай машыны, якую ў народзе называюць «бочкай», потым вазіў брыгаду, і вось ужо 10 гадоў як працуе на вялікім і магутным смецццевозе. – За два дзесяцігоддзі тэхніка ў нашай арганізацыі змянілася. Старыя «газончыкі» замянілі новыя МАЗы сучасных стандартаў еўра-5. Я пачынаў на ГАЗ-53 – магу параўноўваць. Цяпер у кабіне маёй машыны цёпла і ўтульна, – усміхаецца вадзіцель . На пытанне, ці не хацелася змяніць вялікую машыну на больш вёрткую і хуткую легкавую, адказвае цвёрдае «не» – прывык да грузавых. І дадае: – Гэта маё месца, мая тэхніка. Так, яна вялікая, таму вылазіць з кабіны, каб высвабадзіць смеццевыя кантэйнеры, і зноў у яе залазіць – тая яшчэ задачка, але і добрая фізпадрыхтоўка – дапамагае заставацца стройным. (Смяецца.) – Якім павінен быць прадстаўнік маёй прафесіі? – перапытвае Чарняўскі і задумваецца . – Пільным, уважлівым. І абавязкова ўсмешлівым. Кожную працоўную раніцу вадзіцель смеццевоза атрымлівае заданне на дзень – і адпраўляецца на лінію. Мы знайшлі машыну Вацлава Чарняўскага на гарадскіх вуліцах, дзе брыгада камунальнікаў збірала смецце, – хоць звычайна яна працуе на далёкіх маршрутах – па вёсках і хутарах раёна. – Вам пашанцавала, – смяецца вадзіцель . – Сёння я «гарадскога» калегу падмяняю, а так шукай-свішчы па ўсёй Астравеччыне. І не спадзявайцеся, Вацлаў Станіслававіч, сваіх герояў мы ўсюды знаходзім, нават у самых далёкіх куточках раёна. Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович