01.06.2026
Галоўнае для аграрыяў пытанне - першы ўкос, або Як праходзіць корманарыхтоўка ў КСУП «Гудагай»
На Астравеччыне першы ўкос толькі набірае абароты, але ўжо зараз прасочваюцца ўсе перадспасылкі для нарыхтоўкі якасных кармоў, якія, як вядома, з’яўляюцца адным з галоўных складнікаў вялікага малака. Корманарыхтоўка ў КСУП «Гудагай» базіруецца на інтэнсіўнай укоснай сістэме траў у аптымальнай фазе іх вегетацыі, а таксама наладжанай бесперабойнай лагістыцы. Сакрэтамі паспяховага правядзення касавіцы з карэспандэнтам «раёнкі» падзяліліся галоўны аграном Андрэй Ненартовіч, механізатары і вадзіцелі. У КСУП «Гудагай» не па чутках ведаюць, што менавіта першы ўкос фарміруе фундамент для якаснага сенажу з максімальным утрыманнем пратэіну. Каб зімой накарміць жывёлу на 7 малочна-таварных комплексах, тут за сезон плануюць назапасіць 47 тысяч тон сенажу, 698 тысяч тон сіласу і 730 тон сена. Што гэта атрымаецца, не сумняваюся. Стаўка на высопрадукцыйную энерганасычаную тэхніку, строгі тэхналагічны кантроль на ўсіх працэсах корманарыхтоўкі, пачынаючы ад скошвання травы і заканчваючы яе закладкай, праводзяць да ажыццяўлення запланаванага. Першым укосам у гаспадарцы плануюць пакласці травы ў пракосы на плошчы крыху больш за 3 600 гектараў. Трэць ад запланаванага ўжо ў валках у траншэях.
З добрым настроем працуюць вадзіцелі Аляксандр Змітровіч і Валерый Вайткевіч Для гэтага дастаткова трох модульных ратацыйных касілак з дзевяцімятровым захопам. На падборы і здрабненні масы, у залежнасці ад фронту работ, асаблівасцей сенажаці і яе аддаленасці ад малочна-таварнага комплексу, дзе адбываецца закладка траншэі, і надвор’я задзейнічана да 3 корманарыхточых комплексаў і да 10 трактараў і аўтамабіляў з прычэпамі. З першых вуснаў Андрэй Ненартовіч, галоўны аграном КСУП «Гудагай»:
– Для сёлетняй корманарыхтоўкі нічога з тэхнікі не набывалі – у нашай гаспадарцы трактарна-машынны парк абноўлены некалькі гадоў назад. На першым укосе задзейнічаны вопытныя механізатары і вадзіцелі. Актыўна займаемся перазалужэннем угоддзяў і падсевам шматгадовых траў і іх падкормкай. Нездарма кажуць, што чэрвеньскі ўкос вырашае лёс зімовых надояў. Мне здаецца, што гэты год для корманарыхтоўкі выдаўся неблагі. Косім у аптымальную фазу вегетацыі, таму асноўную частку сенажу нарыхтуем першым укосам. З галоўным аграномам гаспадаркі назіраем за работай аднаго з механізаваных звёнаў. Прызнацца, спрыт і хуткасць, зладжанасць работы парадавалі.
Уладзімір Жук косіць травы На адным з «Ягуараў» падвяленую траву падбіраў і здрабняў Міхаіл Лашчонак. Мужчына неаднойчы падымаўся на святочную сцэну падчас урачыстасці да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі як лепшы корманарыхтоўшчык раёна.
– Працую 13 сезонаў. Спярша ў мяне быў КЗС, пазней – КВК-800, потым перасеў на «Ягуар», – расказаў механізатар . – Цяпер самы рост траў, таму смела можна гаварыць пра масавую ўбоку. На другім кормаўборачным комплексе працаваў Віктар Грымбоўскі. Хоць камбайнёрыць на «зялёным жніве» толькі другі сезон, у сельскай гаспадарцы ён далёка не новы чалавек.
– Дзень дню розніца. Здараецца, што за смену набіваю і 600 тон, а бывае і ўдвая менш, – падзяліўся корманарыхтоўшчык . – Пытанняў і праблем не ўзнікае. Так што ўсё выдатна! На полі налічыла 8 трактараў і МАЗАў, які адвозяць «зялёнку» на малочна-таварны комплекс «Германішкі». – Вадзіцелем працую каля 18 гадоў, – расказаў Віталь Клінцэвіч . – Колькасць рэйсаў штодзень вар’іруецца. Гэта залежыць ад аддаленасці ўчастка ад траншэі, якую закладваюць.
На некалькі хвілін зялёны канвеер у полі спыніўся… Усё ж такі абед павінен быць па распарадку, вядома, што сыты работнік – добры работнік. Смачныя і гарачыя першае і другое, свежую салату і кампот у розныя кропкі гаспадаркі па адным з маршрутаў дастаўляе Іван Грамбоўскі.
– Вадзіцельскі стаж у мяне больш за 40 гадоў, з якіх 35 развожу абеды. А калі пачынаецца масавая корманарыхтоўка ці жніво, то яшчэ і гарачыя падвячоркі, – патлумачыў мужчына . – Сёння ў меню гарохавы суп, курыца з грэчкай і салата з капусты. Каб ежа не астыла – а гэта больш за 50 порцый – перавозім яе ў тэрмасумках. …Падсілкаваўшыся, механізатары і вадзіцелі з падвоенай ахвотай узяліся за справу – і зялёны гудагайскі канвеер прадоўжыўся. Пакуль адны падымалі траву і вазілі яе, іншыя касілі і трамбавалі. Дарэчы, тэмпература і вільготнасць сіласнай масы пастаянна вымяраюцца. Гэта, да слова, адзін з паказчыкаў сумленнасці работы трамбоўшчыкаў. Залянуецца амкадоршчык лішні раз скаціцца з крутой зялёнай горкі – тэмпература масы адразу павялічваецца, што негатыўна адбіваецца на якасці сенажу. Але ніхто не лянуецца – і сёлета ён, па ўсім бачна, павінен атрымацца якасным!
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич