Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Астравецкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
17.11.2025

Як 2025 год склаўся для сельскай гаспадаркі раёна, у інтэрв’ю расказаў першы намеснік старшыні райвыканкама Іван Карніла

  З якімі цяжкасцямі сёлета сутыкнуліся хлебаробы, дзякуючы чаму наш раён увайшоў у абласны топ-4 па надоях малака – пра гэта і іншае ў інтэрв’ю карэспандэнту газеты расказаў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Карніла.   – Давайце пачнём святочнае  інтэрв’ю з традыцыйнага пытання пра ўраджай. Надвор’е выпра­боўвала хлебаробаў вясной і летам. І якім у выніку атрымаўся сёлета астравецкі каравай?  – На маёй памяці гэта самы скла­даны год за апошняе дзе­ся­ці­годдзе. Нам, вядома ж, хацелася б сабраць большы ўраджай, але з улікам аб’ектыўных акаліч­насцей атрымалі нядрэнныя вынікі. Збожжавыя на круг давалі 47 цэнтнераў з гектара. Для параўнання: летась іх ураджайнасць склала 40 цэнтнераў. Валавы намалот сёлета 67 тысяч тон – гэта на 4 тысячы больш, чым у 2024-м.  Нядрэнна ўрадзілі і цукровыя буракі: чакаецца, што накапаем звыш 100 тысяч тон. Намалацілі больш за 10 тысяч тон рапсу.  Набліжаюцца да фінішу асенне-палявыя работы. На 11 лістапада засталося ўбраць толькі 23 гектары кукурузы на зерне і 30 – цукровых буракоў. Зябліва ўжо ўзнялі на большай палавіне плошчаў.  – У мінулым годзе наш раён упершыню заняў 1-е месца ў вобласці па выні­ках корма­нарыхтоўкі. А як сёлета аграрыі спра­­цавалі ў гэтым накірунку? Ці былі прынцыповыя адрозненні  ад мінулых гадоў? – І ў гэтым годзе мы спрацавалі добра. На ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавалі 40,67 кармавых адзінак пры сярэднеабласных 33,34. Па гэтым паказчыку займаем 1-ю пазіцыю ў вобласці.  Назапашана 106% сенажу і 105%  сіласу ад патрэбы. Гэта даз­воліць забяспечыць сытную зімоўку жывёлы на комплексах і фермах, тым больш, што шмат кар­моў засталося з мінулага года. Многія гаспадаркі сфарміравалі паўтарагадовы іх запас, у тым ліку і КСУП «Варняны». Таму ў наступным годзе нам, напэўна, нават не спатрэбіцца столькі кармоў.  – Самы час перайсці ад кармавой базы да яе спажывальнікаў. Ведаю, што і ў жывёлагадоўлі ёсць чым пахваліцца: упершыню Астравецкі раён выйшаў па надоях на 4-ю пазіцыю з 17-ці. Дзякуючы чаму дасягнуты такі вынік? – Чацвёртае месца мы часам дзе­лім са Смаргонскім і Шчу­чынскім раёнамі. У планах – там застацца аднаасобна. (Усмі­хаецца.)  Такі вынік стаў магчымы дзякую­чы шэрагу фактараў. Па-першае, не засталося ферм ці комп­лексаў, дзе не была б накормлена жывёла. Нагадаю: яшчэ 6 гадоў назад, калі я прыйшоў у Астравецкі раён, ужо са студзеня некаторыя  гаспадаркі куплялі сянаж і сілас. Сёння на першы план выйшла якасць травяністых кармоў.  Своечасова з палёў звезлі салому – палепшыліся ўмовы ўтры­мання жывёлы.  Станоўчы ўплыў аказала пра­дуктыўнае асемяненне, адпаведна – павелічэнне выхаду цялят, а значыць – і надоі малака.  – Рыхтуючыся да інтэрв’ю, зазірнула ў архіўныя падшыўкі «раёнкі». У 2015 годзе валавы надой малака за 10 месяцаў склаў амаль 49 тысяч тон. Мяркую, цяпер значна больш? Але ці магчыма ўвесь час «плюсаваць»? Ці ёсць нейкая мяжа, у тым ліку ў надоі ад каровы?   – Нездарма кажуць: няма мяжы дасканаласці. Але ёсць адно «але». Існуе такое паняцце, як экана­мічная абгрунтаванасць. Чым вышэй рост прадуктыўнасці, тым большыя за­траты, нагрузка на карову і паказчык выбыцця.  Да вызначанага моманту рост прадуктыўнасці эканамічна мэта­згодны. А каб яго нарошчваць, патрэбны больш дарагія і якасныя кармы, дабаўкі, ветпрэпараты і іншае – усё павінна быць на вышэйшым узроўні. І можа ўзнікнуць сітуацыя, калі затраты на іх не акупяцца прыбаўкай прадукцыі.  – Тады раскажыце, калі ласка, пра сітуацыю ў раённай жывё­ла­гадоўлі.  – Тэмп росту вытворчасці пра­дукцыі жывёлагадоўлі складае 107,7% да аналагічнага перыяду мінулага года. Павялічылася пагалоўе на 318 галоў і дасягнула 33 852 асобін, у тым ліку дадалося 156 малочных кароў. Адпаведна валавы надой малака за 10 месяцаў склаў крыху больш за 72 тысячы тон (108% да 2024-га). Ад каровы атрымалі 7 034 кілаграмы малака, што на 470 больш, чым у мінулым годзе.  На пачатак лістапада да ана­лагічнага перыяду 2024-га КСУП «Гудагай» і КСУП «Гервяты»  павя­лічылі валавую вытворчасць малака на 8%, КСУП «Міхалішкі» – на 27%, РУП «Астравецкі саўгас «Па­­дольскі» – на 6%. Толькі ў КСУП «Варняны» яна не дасягнула ле­ташняга ўзроўню і склала 96%.  Варта патлумачыць, чаму «Варняны» выбіваюцца з агульнага шэрагу. У гэтай гаспадарцы было вырашана зменшыць пагалоўе да 91% ад ранейшага. Сёння яны нават з меншым пагалоўем «плюсуюць». Магчыма, не так значна, як іншыя гаспадаркі, тым не менш гэта добры знак.  Лідар раёна па прыбаўцы малака – КСУП «Міхалішкі», дзе ад каровы надаілі 5 191 кілаграм (+1 094). Зазначу, што рост малака на першапачатковым этапе забяспечваецца за кошт выканання базіснай умовы – кармлення. А далей ужо на першы план выхо­дзяць іншыя тэхналагічныя моманты: паўнавартасныя рацыёны, работа спецыялістаў па ўзнаўленні статка і іншае.    Валавыя прывагі буйной рагатай жывёлы дасягнулі 5 199  тон («плюс» 209), а сярэднясутачныя склалі 723 грамы (+24). У параўнанні з мінулым годам КСУП «Гудагай» нарасціў першы паказчык на 4%, КСУП «Варняны» і «Гервяты» – на 6%, КСУП «Міхалішкі» – на 11%. У РУП «Аст­равецкі саўгас «Падольскі» валавая прывага склала 97% да ўзроўню папярэдняга года. Нягле­дзячы на тое, што апошняя гаспадарка крыху не дацягнула да мінулагодняга паказ­чыка, сярэд­нясутачныя пры­вагі там адны з самых высокіх у раёне: 733 грамы. Немалаважны накірунак работы ў малочнай галіне – міні­мі­­зацыя невытворчага выбыцця жывёлы. Па гэтым паказчыку мы таксама адны з лепшых у вобласці.    – Зразумела, што будучыня жывёлагадоўлі за сучаснымі ма­лочна-таварнымі комп­лек­са­мі. У КСУП «Гудагай» ня­даў­на ўра­­чыста адкрылі ў Дра­вяніках 5-ты па ліку МТК. Ад­нак не ўсе гас­падаркі ў стане дазво­­ліць сабе новыя аб’екты. Як з улі­кам эка­намічных асаблі­вас­цей у іх будзе развівацца жывё­лага­доўля? – Прэзідэнтам Беларусі перад аграпрамысловым комплексам краіны пастаўлена задача да канца 2030 года перавесці статак з лінейных ферм на сучасныя МТК.  У нашым раёне 88% кароў скан­цэнтравана на малочна-таварных комплексах. Засталося 12% – гэта каля 1 200 галоў. У гэтым накірунку праводзіцца пла­намерная работа: працягваецца будаўніцтва яшчэ аднаго жывё­лагадоўчага будынка на МТК «Сакалойці» КСУП «Гервяты». Пасля яго ўвядзення дойны статак павялічаць да тысячы галоў.  КСУП «Міхалішкі» і «Варняны» таксама імкнуцца будаваць, зразумела, не ў такіх маштабах, як «Гудагай» і «Гервяты», але і яны арыентуюцца на паляпшэнне ўмоў працы для работнікаў.  З кожны годам людзей на вёсцы становіцца ўсё менш, як і работнікаў, занятых у сельскай гаспадарцы. Цяпер у АПК раёна крыху больш за 1 400 працаўнікоў, а ў 2019-м было 1 900. Ідзе натуральны працэс урбанізацыі. Патрэбна канцэнт­рацыя вытворчасці, якая магчыма толькі на сучасных буйных жывёлагадоўчых аб’ектах, дзе сканцэнтравана большая колькасць жывёлы і занята менш людзей.  – Каб пазбегнуць розных чутак і здагадак, раскажыце пра будучы лёс КСУП «Варняны» і яго працаўнікоў у сувязі з перадачай прадпрыемства пад крыло «Гроднаэнерга».  – Напачатку хачу адзначыць, што ў няпростых умовах  у КСУП «Варняны» ўласнымі сіламі зра­білі вельмі шмат: самастойна  правялі веснавую і азімую пасяўную, убралі збожжавыя, адны з першых вызвалілі палі ад саломы і ўбралі кукурузу. Больш таго, гэта гаспадарка нават дапамагала іншым, у прыватнасці КСУП «Міхалішкі», сеяць і нарыхтоўваць кармы.  Спадзяюся, што эканамічная дапамога адной з найбольш фінансава моцных арганізацый дасць імпульс для далейшага развіцця «Варнян», высокіх выт­ворчых паказчыкаў і, адпаведна, – зарплаты. Так што будзем спа­дзявацца на лепшае.  – Якія прыярытэты развіцця раённага аграпрамысловага комп­лексу і кропкі росту сельскай гаспадаркі вам бачацца ў далейшым? – Гэта маштабаванне сельгас­выт­ворчасці: будаў­ніцтва ма­лоч­на-таварных комп­лексаў і ма­дэр­нізацыя існую­чых памяш­канняў, а таксама паляпшэнне ўмоў ра­боты працаў­нікоў.  Большасць нашых МТК маюць сучаснае абсталяванне, якое значна аблягчае працу (малочнае таксі, пастэрызатары і многае іншае). На кормакухнях не толькі сканцэнтраваны працэсы прыгатавання харчавання для цялят, але і створаны ўсе неабходныя ўмовы для лю­дзей.  – Як вам бачыцца будучыня вёскі? –  Вёска, зямля і людзі, якія на ёй працуюць, заўсёды будуць у па­шане. Стратэгічная задача лю­бой краіны – сфарміраваць фонд харчовай бяспекі. Менавіта ў яе авангардзе і знаходзяцца сельс­кія працаўнікі.  У нашым раёне, як і ў цэлым у краіне, шмат робіцца для прыцягнення ў аграпрамысловы комплекс і замацавання ў ім перспек­тыўных кадраў. Нездарма кажуць: будучыню будаваць маладым.  Вялікую ўвагу надаём не толькі прафарыентацыі школьнікаў, але і цеснаму ўзаемадзеянню са студэнтамі – заўтрашнімі вет­урачамі, заатэхнікамі, інжыне­рамі. Планава наведваем розныя сельскагаспадарчыя вну, расказваем пра ўмовы работы на нашых прадпрыемствах, шматлікія бонусы, сярод якіх і дадатковыя стыпендыі, даплаты, у тым ліку пры заключэнні кантракта, падвоз ці прадастаўленне службовага аўтамабіля, выдзяленне жылля і многае іншае. Сёлета нашы спецыялісты пабывалі і выступілі ўжо ў некалькіх універсітэтах.  Як вынік, колькасць маладых кадраў у нас большае, а галоўнае – іх замацаванасць за апошнія гады павялічылася. – Калі для аграпрамысловага комплексу раёна гэты год у цэлым выдаўся паспяховым, то якім ён быў для вас асабіста? – Думаю, ён быў няпростым для ўсіх. Асабліва складанай выдалася ўборка, калі безупынныя дажджы не давалі ўбраць ураджай. Часам сітуацыя была крытычнай, тэхніка проста не магла ўвайсці ў поле. Упэўнены, што 2025-ты нашым аграрыям, як і мне, запомніцца менавіта па ўборачнай кампаніі.  Тым не менш, мы годна спра­віліся з усімі выклікамі і ўбралі кожны саспелы каласок, больш таго – нават дапамагалі жаць гас­падаркам з Віцебскай вобласці.  –  Іван Мар’янавіч з якім настроем, думкамі, адчуваннямі вы сустракаеце Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі?   – Усе працаўнікі нашага аграпрамысловага комплекса – вялікія малайцы. Дзякуючы ім мы змаглі ў такіх дастаткова няпростых умовах атрымаць годны вынік. Таму ўсім дзякую за працу і віншую са святам!   –  Дзякуй за гутарку і вас таксама! Текст:  Алёна Ганулич Фото:  Алёна Ганулич