04.11.2025
Як на Астравеччыне прайшла акцыя “Дай лесу новае жыццё”
Лічыцца, што пры правільным вядзенні лясной гаспадаркі магчыма бясконцае лесакарыстанне. А самае галоўнае ў такой справе – пасадка маладых дрэў. На Астравеччыне ў межах добраахвотнай рэспубліканскай акцыі “Дай лесу новае жыццё” гэта зрабіла каля 300 чалавек.
Нагадаю, што кампанія па аднаўленні галоўнага багацця нашай краіны праходзіла ў 2-гі раз. Старт добрай справе летась даў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Сёлета ініцыятыву прымеркавалі да Года добраўпарадкавання і аднаўленню пашкоджаных стыхіяй лясоў.
Як паведаміў намеснік дырэктара Астравецкага вопытнага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Сяргей Шарэйка, падчас акцыі ў раёне пасаджана 1,5 га новых лясоў, дапоўнена – 15 га. Акрамя гэтага, актывісты збіралі смецце.
Найбольш актыўнымі ўдзельнімі акцыі сталі ваеннаслужачыя вайсковай часці 7434 сумесна з выхаванцамі ваенна-патрыятычнага клуба “Адзінства”, супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў з малодшымі сябрамі з клуба “Прарыў”, прадстаўнікі следчага камітэта , пракуратуры, суда, раёна газазабеспячэння, электрасетак, прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Астравецкім раёне, актывісты школьнага лясніцтва “Лесавічок” Варнянскай СШ і афіцэры і курсанты вучэбнага цэнтра Інстытута пагранічнай службы.
– Мы ўдзячны кожнаму, хто выказаў жаданне і знайшоў час, каб далучыцца да нашай акцыі, – працягнуў Сяргей Шарэйка . – Упэўнены, што астраўчане і жыхары нашага раёна і надалей будуць актыўна ўдзельнічаць у шматлікіх экалагічных ініцыятывах і акцыях па добраўпарадкаванні і азеляненні роднага краю.
#ЧистоПоГродненски
Фота з архіва лясгаса
Текст: Алёна Ганулич