18.05.2026
Победителей соревнования по итогам весенне-полевых работ наградили на Островетчине
Размова, вядома ж, пойдзе пра механізатараў, кожны з якіх прадэманстраваў найлепшыя вынікі ў сваёй катэгорыі ў працоўным спаборніцтве па выніках вясенне-палявых работ. Нагадаю, што падобныя іспыты з наступным узнагароджаннем штогод ладзіць Астравецкі райкам Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. Спойлер: інтрыгі не атрымалася, у лік пераможцаў увайшлі добра вядомыя ў раёне механізатары, якія неаднойчы былі лепшымі ў мінулыя гады. Па традыцыі да ўшанавання перадавікоў сельгасвытворчасці да раённага лідара аграрыяў Юрыя Адулы і галоўнага бухгалтара Марыі Станкевіч далучыўся карэспандэнт «раёнкі». Адзначу, што лепшы сейбіт збожжавых Юрый Мажэйка з КСУП «Варняны», чый партрэт сёлета змешчаны на раённую Дошку гонару, і цукровых буракоў з КСУП «Міхалішкі» Валерый Сташко атрымалі дыпломы і падарукавыя сертыфікаты некалькі тыдняў назад.
Надышла чарга і тых хлебаробаў, хто старанна рыхтаваў глебу пад новы ўраджай. Не адзін сезон запар сваё майстэрства на ворыве пацвярджае Віталь Трыбоцкі з РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі». У гаспадарцы яго ведаюць як працавітага, адданага «жалезу» і палям механізатара, які, не зважаючы на час, гатовы араць суткамі навылет. Тым больш што сёлета гэта мужчына робіць на новым энерганасычаным айчыннам трактары МТЗ-3522. За 8 дзён ён падрыхтаваў 224 гектары.
Першае месца з мужчынам раздзяліў Пётр Сяргей з КСУП «Гудагай», які неаднойчы пацвярджаў свой статус лепшага аратага і ў прафсаюзным спаборніцтве, і ў раённым конкурсе прафесійнага майстэрства. Літаральна кожны сезон няма роўных на ўнясенні мінеральных угнаенняў Іосіфу Жэгарысу – сапраўднаму аксакалу механізатарскай справы, якой ён прысвяціў звыш 45 гадоў.
Адметна, што прафсаюзны лідар саўгаса Алеся Шыманэль не засталася ў баку ад ушанавання і ўручыла пераможцам падарункі. У намінацыі «Культывацыя» перамогу святкаваў Аляксандр Варановіч з КСУП «Варняны», які на трактары МТЗ-3022 у счэпцы з шыроказахопным камбінаваным агрэгатам за 8 дзён прыкрыў вільгаць у глебе на 735 гектарах.
На пагрузцы і ўнясенні арганікі лепшым прызналі гудагайскі тандэм у складзе Віктара Алёксы і Вітольда Ромаша. Скарбонку перамог у спаборніцтве папоўніў новым дасягненнем Андрэй Махонька з КСУП «Гервяты». У мінулыя сезоны па выніках палявых работ ён перамагаў у намінацыях «Ворыва», «Культывацыя», «Сяўба збожжавых», а сёлета – у «Падсеве траў».
Як зярняты далікатна клаліся ў глебу падчас сяўбы, так і ў дыспетчарскія сцякаліся звесткі з палёў, а з гаспадарак траплялі ў райкам прафсаюза. Другі год запар лепшым адказным за хуткасць і дакладнасць у прадстаўленні актуальных звестак пра ход палявых работ у намінацыі «Інфармацыйная аператыўнасць» стала спецыяліст па ідэалагічнай рабоце РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» Вікторыя Хвясечка.
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич