Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Астравецкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
03.09.2026

Пра ўдзел у духоўна-асветніцкіх экспедыцыях “Дарога да святыняў” успамінае Ніна Рыбік

  Стартавала чарговая, 33-я па ліку, міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў”. Прачытала аб гэтым у СМІ – і агарнулі настальгічныя ўспаміны…   Некалі, калі трапляліся паведамленні пра экспедыцыю, зайздросціла яе ўдзельнікам белай зайздрасцю. Яны мне здаваліся нейкімі небажыхарамі, якія могуць амаль тыдзень стасавацца з разумнымі і таленавітымі людзьмі, светачамі духоўнасці. Марыла некалі апынуцца сярод тых, каму дазволена іх слухаць – і чуць, але не магла нават уявіць, што гэта магчыма. Аднак марам уласціва збывацца. У 2009 годзе мяне запрасілі ў яе. Тады Дзень беларускага пісьменства адзначалі ў суседняй Смаргоні, а экспедыцыя якімі б шляхамі ні праходзіла – кожны раз маршрут розны, мае дзве нязменныя традыцыі: пачынаецца на Святым Полі ў Баранавіцкім раёне, дзе явілася Сталавіцкая ікона Маці Божай, і заканчваецца ў сталіцы Дня беларускага пісьменства. Дарэчы, менавіта ў той год экспедыцыя набыла статус міжнароднай: сярод яе ўдзельнікаў быў расійскі акцёр Уладзімір Ягораў. Ён, да слова, потым неаднойчы бываў у Астраўцы, сустракаўся з калектывам рэдакцыі, чытачамі раённай бібліятэкі, прыхаджанамі царквы Святых апосталаў Пятра і Паўла. Думаю, тыя, хто бачыў кароткаметражны фільм “Імя маё” з яго ўдзелам, памятаюць гэтага акцёра. Тыя, каму пашчасціла стасавацца з ім, – яго цікавыя расповеды, вершы, шматлікія гісторыі. Але не адным Уладзімірам Ягоравым… Практычна кожны з удзельнікаў экспедыцыі быў асобай. Мне пашчасціла ў той першы раз сустрэцца з археолагам Пятром Лысенкам, які раскапаў Бярэсце. Пётр Фёдаравіч на той час быў ужо вельмі немалады і ў экспедыцыі ўдзельнічаў у апошні раз. Я не ведала пра гэта, але слухала яго ва ўсе вушы: са мной гаварыла сама гісторыя! Прастата і мудрасць вучонага, пісьменніка, грамадскага дзеяча Анатоля Бутэвіча… Глыбокія і чыстыя, як беларускія крыніцы, вершы Вадзіма Спрынчана… Неверагодныя па кампазіцыі, гульні святла і ценяў, філасафічнасці вобразаў і сюжэтаў здымкі Яўгена Пясецкага, якія я папрасіла для ілюстрацыі свайго рэпартажу… Глыбінная духоўнасць і шчырая душэўнасць кіраўнікоў экспедыцыі: айца Сергія Гардуна і пісьменніцы Ніны Загорскай (ужо тады ёй дапамагаў яе Алесь Лапата-Загорскі, які цяпер узначальвае “Дарогу да святыняў”). Тады – як, зрэшты, і ў кожны раз – мы праехалі больш тысячы кіламетраў. Рабілі прыпынкі ў гарадах і вёсках, сустракаліся з дзецьмі і моладдзю, удзельнічалі ва ўроках духоўнасці і круглых сталах, маліліся ў саборах і невялікіх вясковых цэркаўках, раздавалі на свечкі прыхаджан Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга… І напрыканцы дня засыналі, ледзь датыкнуўшыся галавой да падушкі, хоць начавалі ў прыстасаваных умовах: па 10-15 чалавек у адным пакоі. Але ўсё было так цудоўна, так узвышана, насычана, пазнавальна, шчыра, светла, пранікнёна, што не зважаліся ні стома, ні хранічны недасып, ні перанасачанасць інфармацыяй і эмоцыямі. І калі ў Смаргоні я даведалася, што наступны Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў маіх родных Хойніках – а значыць, туды ж будзе кіравацца экспедыцыя! – стала прасіцца за год да гэтай падзеі: калі можна, вазьміце мяне яшчэ раз! Згодна выконваць любыя абавязкі! І ў 2010 годзе ўсё паўтарылася, толькі на больш высокай хвалі эмацыйнага напалу. Бо на гэты раз маршрут ляжаў па маёй роднай Гомельшчыне, апаленых чарнобыльскай бядой гарадах і пасёлках: Мазыр, Лельчыцы, Лоеў, Нароўля, Брагін, Камарын... Хойнікі! І кожнае пасаджанае дрэва ў садзе малітвы, кожны малебен у царкве і выступленне ў школе неслі асаблівыя сэнс і значэнне. …Потым мяне неаднойчы запрашалі ў экспедыцыю. Але я адмаўляла. Па-першае, не ставала часу. Але галоўнае: баялася страціць у буднях, у штодзённым паўтарэнні тую благадаць, што была са мной на працягу гэтых дзвюх навукова-асветніцкіх экспедыцый. “Ежедневное горе – не горе, ежедневное счастье – не счастье». Я шчыра радуюся за тых, хто сёння па благаславенні мітрапаліта Веніяміна выправіўся ў чарговую духоўна-асветніцкую экспедыцыю “Дарога да святыняў”. І жадаю ім, а таксама тым, хто будзе сустракаць яе на шляху да Касцюковічаў, зведаць тыя ж пачуцці, што і я ў 2009 і 2010 гадах. Текст: Нина Рыбик Фото: из архива АП