12.10.2020
У Астраўцы прайшоў сельскагаспадарчы кірмаш
Традыцыйны восеньскі кірмаш па продажы сельскагаспадарчай прадукцыі прайшоў у Астраўцы. Гандлёвыя рады раскінуліся на аўтамабільнай стаянцы на вуліцы Берагавой. Да слова, сёлета ў параўнанні з мінулым годам кірмаш прайшоў без размаху. Магчыма, на гэта паўплывала некалькі фактараў: па-першае, кірмашы ў гэты дзень прайшлі і ў суседніх Ашмянах і Смаргоні, па-другое, няпростая эпідэмічная сітуацыя. Праўда, зыходзячы з таго, што на кірмашы ў масках я сустрэла ўсяго некалькі чалавек, відаць, людзям важней папоўніць запасы на зіму, а не захаваць здароўе – сваё і іншых. Але гэта ўжо зусім другая размова…
Попыт на некаторыя прадукты, у прыватнасці бульбу, перавышаў прапанову. У 10 гадзін раніцы ля падворка КСУП «Гудагай» выстраілася вялікая чарга – больш за 30 чалавек – за другім хлебам. Праз гадзіну, гудагайцы падвезлі бульбу – да радасці, усе ахвочыя будуць з дранікамі. Другі хлеб сёлета прадавалі па 40 і 50 капеек за кілаграм. Дарэчы, у параўнанні з мінулым годам бульба падараджэла амаль удвая – летась за кілаграм прасілі 25 капеек.
Хутка размялі і пшаніцу – за кілаграм прадаўцы прасілі ад 42 да 45 капеек. Іншае збожжа – ячмень і трыцікале – можна было купіць за 40 капеек. Цана на гародніну вагалася. На кірмашы можна было адшукаць памідоры за рубль і за 3. Капуста каштавала ў гэтым годзе так, як і ў мінулым, – 50 капеек за кілаграм. Больш таннымі сталі буракі: у 2019-м за кілаграм трэба было заплаціць каля рубля, у гэтым – каля 40 капеек. За такую ж колькасць перцаў прадаўцы прасілі 2,5 рубля і больш, за цыбулю – 85 капеек, за грэцкія арэхі 7-8 рублёў, за агуркі – 3 рублі, за літр журавінаў – 4-5. Саджанцы яблынь і груш можна было набыць за 5-10 рублёў.
Кошт на садавіну – у прыватнасці яблыкі і грушы – вагаўся: з большага прасілі 2 рублі за кілаграм. А вось чырвонабокія яблыкі з варнянскага саду прадаваліся ўсяго за рубель.
На «ўра» разыходзілася свініна КСУП «Варняны» і ялавічына КСУП «Гервяты» – дарэчы, толькі гэтыя гаспадаркі прадавалі свежае мяса.
Былі заўважаны на кірмашы і палаткі Астравецкага лясгаса, філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства і іншых прадпрыемстваў і арганізацый. Добры настрой са сцэны дарылі астравецкія і ашмянскія артысты. У наведвальнікаў кірмашу таксама была магчымасць паўдзельнічаць у конкурсах і выйграць прыз.
У тэму На кірмашы былі паведзены вынікі конкурсу-агляду на лепшае афармленне працоўнай зоны. Сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў: 1 месца – КСУП «Гервяты»; 2 месца – КСУП «Міхалішкі»; 3 месца – КСУП «Варняны». Сярод іншых суб’ектаў гаспадарання: 3 месца – Астравецкі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Сярод рамеснікаў: 3 месца – Генрых Саленік. Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby .
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup .
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич