24.01.2022
У Год гістарычнай памяці на Астравеччыне пройдзе навукова-практычная канферэнцыя
Восенню на Астравеччыне пройдзе навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная жыццю і дзейнасці вядомага грамадскага і палітычнага дзеяча Эдварда Вайніловіча, які ўзначальваў Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі, быў дэпутатам Дзяржаўнай думы, членам Дзяржаўнага савета, – такая дамоўленасць дасягнута пасля сустрэчы кіраўніцтва Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук з прадстаўнікамі Астравецкага раённага выканаўчага камітэта. – Напярэдадні і падчас будаўніцтва Беларускай АЭС мы з калегамі не раз былі на Астравеччыне, праводзілі даследаванні, выступалі з дакладамі, – адзначыў дырэктар Інстытута гісторыі Вадзім Лакіза. – Таму і ўзнікла ідэя папулярызаваць і прапагандаваць гістарычную спадчыну рэгіёна. А яшчэ расказаць пра гістарычных асоб, якія ўнеслі велізарны ўклад у гісторыю Беларусі і свету. Адна з такіх асоб у нашай краіне Эдвард Вайніловіч. Працу па вывучэнні яго жыцця і дзейнасці Інстытут гісторыі сумесна з іншымі зацікаўленымі арганізацыямі і асобамі пачаў каля васьмі гадоў назад – у выніку ў розных раёнах рэспублікі прайшло 7 канферэнцый. Слуцк, Несвіж, Клецк, Іўе, Глыбокае, Свіслач – геаграфія шырокая. Удзельнікамі канферэнцыі могуць стаць школьнікі, настаўнікі, навукоўцы, краязнаўцы, музейныя супрацоўнікі, людзі, якія цікавяцца гісторыяй, культурай, турызмам. У цэнтры ўвагі даследчыкаў – асоба і дзейнасць Вайніловіча, гістарычная эпоха, у якую жыў вядомы дзеяч, а таксама гісторыка-краязнаўчая спадчына рэгіёна, дзе адбываецца канферэнцыя. Па выніку выступленняў выдаюцца зборнікі навукова-даследчых прац. У Год гістарычнай памяці падобная навукова-практычная канферэнцыя пройдзе на Астравеччыне. – Мерапрыемства плануецца прымеркаваць да 90-годдзя з дня нараджэння нашага земляка, літаратуразнаўцы, гісторыка і пісьменніка Адама Мальдзіса, які нядаўна пайшоў з жыцця, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко. – Упэўнены: нашым землякам ёсць пра што расказаць. Карысць ад удзелу ў канферэнцыі будзе і школьнікам. Па-першае, яны змогуць прыдачыніцца да вывучэння гісторыі роднага краю, па-другое, іх работы надрукуюць у зборніку, а па-трэцяе, пераможцаў конкурсу сярод навучэнцаў школ узнагародзяць дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Текст