Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Астравецкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
09.06.2020

За дзень у КСУП «Гервяты» скошваюць 140 гектараў траў

На Астравеччыне набірае тэмпы корманарыхтоўка: напачатку гэтага тыдня аграрыі паклалі ў пракосы травы больш чым на трэці запланаваных плошчаў.  Карэспандэнт «раёнкі» даведаўся, якія спа­дзя­ван­ні на першы ўкос ускладаюць корма­на­рыхтоўшчыкі КСУП «Гервяты», колькі і якіх кармоў яны плануюць назапасіць да зімне-стойлавага перыяду. Звяно кормаўборачнай тэх­нікі працавала каля вёскі Мацкі – на сенакосе я налічыла каля дзесяці адзінак: касілкі, граблі, кормаўборачныя комплексы, МАЗы і трактары... За працэсам корманарыхтоўкі на першым раслінаводчым участку сачыла памочнік брыгадзіра Міраслава Субаткевіч.  – Стаўку робім на першы ўкос. Пасля дажджоў травы хутка адраслі, цяпер галоўнае – убраць іх у аптымальныя тэрміны,  – расказвае малады аграном.  – Першую сянажна-сіласную траншэю заклалі побач з малочна-таварнай фермай «Чэхі», цяпер ідзе закладка тэхналагічных ёмістасцяў у Гервятах. Тры кормаўборачныя камбайны, чатыры касілкі, з якіх дзве з дзевяціметровым захопам, граблі, больш за дзесяць машын для адвозкі зялёнай масы – тэхнікі хапае. Дарэчы, для большай аператыўнасці вазіць «зялёнку» сёлета нам дапамагаюць прыватнікі. Кіраваць працэсам корма­нарыхтоўкі, няхай і на асобна ўзятым участку, – адказная справа, асабліва для ма­ладога спецыяліста. Цікаў­люся ў Мі­ра­славы, ці ўзнікаюць непа­ра­зу­менні з механізатарамі.   – Ведаеце, не! Большасць пра­цаўнікоў – адказныя і сумленныя. Калі трэба, без пытанняў затрымаюцца ў полі,  – з усмешкай гаворыць дзяўчына.  – І сама я на свежым паветры дапазна. Работа мне падабаецца. Спецыяльнасць агранома выбрала выпадкова, але не шкадую. Камусьці трэба і хлеб расціць!  Гервятцы добра разумеюць, што ад паспяховасці правядзення корманарыхтоўчай кампаніі залежыць не толькі развіццё жывёлагадоўчай галіны, але і гаспадаркі ў цэлым. Менавіта для гэтых мэт быў набыты новенькі, лічы, з канвеера кормаўборачны комплекс нямецкай вытворчасці «Ягуар». Яго  даверылі аднаму з самых вопытных механізатараў гаспадаркі – Ігару Гудзінскаму. Цікаўлюся ў камбайнера, як ідзе па полі новая машына.  – У параўнанні з «Джон-Дзі­рам», на якім я раней працаваў, – неба і зямля. Гэту розніцу добра зразумее любы механізатар: новая тэхніка – гэтым усё сказана,  – расказвае камбайнер.  – За гадзіну падбіраю травы на двух гектарах – за дзень атрым­лі­ваецца нарыхтаваць каля 130 тон. Але ўсё залежыць ад траў – балазе, яны сёлета значна лепшыя, чым у мінулым годзе.  «Зялёнку» да траншэй прывозіць Віктар Бабойць На «Джон-Дзіры» траву возіць Анджэй Ясевіч Віктар Янэцкі займаецца трамбоўкай зялёнай масы Такога меркавання, дарэчы, прытрымліваецца і намеснік дырэктара КСУП «Гервяты» па вытворчасці Станіслаў Івашка.  – Хоць нарыхтоўваць кармы сёлета пачалі толькі 1 чэрвеня – калі не памыляюся, летась у маі «набілі» некалькі тысяч тон, – травы радуюць. Для ўборкі злакавых цяпер  ідэальная пара,  – адзначыў Станіслаў Ста­ніслававіч.  – Кармавыя расліны трэба ўбіраць у аптымальныя фазы вегетацыі, напрыклад, шматгадовыя бабовыя – у фазе бутанізацыі, аднак не пазней пачатку цвіцення, злакавыя – да пачатку калашэння – ад гэтага залежыць пажыўнасць сенажу. Лічу, што ўсе перадспасылкі для паспяховага правядзення корманарыхтоўчай кампаніі ў нас ёсць.  Сёлета ў КСУП «Гервяты» падчас першага ўкосу запланавана скасіць 3 300 гектараў.  Па стане на 7 чэрвеня, травы ляглі ў пракосы на плошчы 909 гектараў – а гэта 28% ад плана. Зялёную масу актыўна закладваюць у траншэі, яе ж нарыхтоўваюць у выглядзе рулонаў – у стрэйч-плёнку гервятцы ўжо закруцілі 477 тон траў (25%). Восьмы сезон запар на корманарых­тоўчым камбайне травы ўбірае Валянцін Гайдуль Каб у зімне-стойлавы сезон пракарміць амаль 7 000 галоў буйной рагатай жывёлы, у гаспадарцы сёлета плануюць нарыхтаваць  каля 1 600 тон сена, крыху больш за 30 000 сенажу і каля 37 000 сіласу – усяго 22 849 тон кармавых адзінак. У разліку на адну ўмоўную галаву ў КСУП «Гервяты» ўжо нарыхтавалі крыху больш за цэнтнер кармавых адзінак. У гаспадарцы разлічваюць, што тэмпы з кожным днём будуць нарастаць.  Віктара Рынкевіча механізатары называюць не інакш, як наш пажарны – Ухіл усё ж робім на на­рыхтоўку звычайнага сенажу – тэхналогія скармлівання не дазваляе круціць нам шмат рулонаў. На зімне-стойлавы перыяд плануем нарыхтаваць 1 900 тон такога корму – гэтага больш чым дастаткова,  – працягвае Станіслаў Івашка.  – Бу­дзем закладваць сянаж з люцэрны. Сёлета пад яе адвялі звыш 500  гектараў – у перспектыве павелічэнне плошчаў да 1 000. Унікальнасць гэтай культуры ў тым, што пасля скошвання яна хутка адрастае, таму  за сезон можа даваць два, а то і тры ўкосы.  У дзень майго прыезду ся­нажна-сіласную траншэю ў Гервятах трамбавалі дзве адзінкі тэхнікі – «Кіравец» і «Амкадор». На трамбоўцы «зялёнкі» не першы год заняты Віктар Гродзь.  – З напарнікам працуем з сямі раніцы да васьмі вечара,  – расказвае механізатар.  – Ноччу нас падмяняюць іншыя работнікі. Тэмпературу і вільготнасць зялёнай масы пастаянна вымяраюць работнікі ветэрынарнай службы. Ад трамбоўкі і хут­касці закладкі траншэі ў многім залежыць якасць сенажу. Залянуецца механізатар лішні раз «скаціцца» па травяной горцы – тут жа падымецца тэмпература «зялёнкі» – і корм страціць сваю спажыўнасць у некалькі разоў. А працяг­лая загрузка траншэі можа прывесці да моцнага разагрэву масы і ўтварэнню таксінаў, якія спрыяюць развіццю мастытаў і захворванню канечнасцей у кароў.  – Пры закладцы ў траншэю злакавых кансервант не вы­ка­­­рыстоўваем, яны ідэаль­на закансервуюцца самі. А вось бабовыя лічацца склада­насі­ла­суемымі, таму без кансер­вантаў ніяк,  – гаворыць Ста­ніслаў Івашка. – Увогуле пры нарыхтоўцы кармоў галоўнае – прытрымлівацца тэхналогіі. А з кармамі жывёлаводам ніякая зіма не страшная!   Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке  t.me/GrodnoMediaGroup . Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.   Текст:  Алёна Ганулич Фото:  Алёна Ганулич