Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Астравецкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна
01.12.2025

20 гадоў клопату і любві. Аб чым марыць аператар машыннага даення МТК “Войткавічы” Вольга Мелеш

  Праект “Твае людзі, веска”. КСУП “Зара і К” – адна з самых буйных і перспектыўных гаспадарак Ваўкавыскага раёна. Сёння тут працуе некалькі соцен чалавек, большасць з якіх прысвяцілі прадпрыемству амаль усё сваё жыццё. Такая вось адметная рыса аграрнай сферы: практычна кожны яе прадстаўнік пайшоў па слядах бацькоў, бо любоў да роднай зямлі ў беларусаў перадаецца генетычна.  Сярод самых адданых працаўнікоў гаспадаркі – аператар машыннага даення Вольга Мелеш, якая ўжо больш за 20 гадоў працуе на МТК “Войткавічы”.  Яе няздзейсненая мара  Вольга Уласаўна родам з Валынскай вобласці, што на Украіне. Яна была трэцяй, малодшай дачкой у бацькоў. З дзяцінства марыла стаць аграномам, а таму планавала паступіць у інстытут і атрымаць адукацыю. Але, на жаль, з гэтым не склалася. Блізкія сталі адгаворваць дзяўчыну, і яна паслухалася. Да сённяшняга дня гэтая няздзейсненая мара непакоіць сэрца жанчыны. Нягледзячы на гэта, яна ўсё ж такі знайшла сябе ў аграрнай сферы і прысвяціла ёй сваё жыццё. Але не на Украіне, а ўжо тут, на Гродзеншчыне.   – У Беларусі я аказалася выпадкова і не разлічвала, што застануся тут назаўсёды. Дзве мае сястры таксама працавалі ў сельскай гаспадарцы. Адна з іх жыла ў Брэсцкай вобласці. Я прыехала да яе ў госці і ў гэты перыяд пазнаёмілася з будучым мужам. Маладая дзяўчына, летуценніца, канешне ж, я закахалася. А таму вырашыла застацца тут, – успамінае Вольга Мелеш.   Маладыя ажаніліся праз год пасля знаёмства. Глава сям’і працаваў трактарыстам у калгасе. Хутка на свет з’явіўся іх першы сын, праз некалькі гадоў – другі. Некаторы час сям’я жыла на Брэстчыне, але пасля было прынята рашэнне перабрацца на Гро­дзеншчыну. Выбралі Ваўкавыскі раён і пасяліліся ў аграгарадку Войткавічы. Дом маладой сям’і выдзелілі ў гаспадарцы, куды муж адразу ўладкаваўся на працу. Вольга некаторы час была ў дэкрэце, але хутка таксама папоўніла калектыў КСУП “Зара і К”. Першыя чатыры гады яна была паляводам, а пасля жыццёвыя абставіны вымусілі змяніць профіль.   – Сямейнае жыццё ў нас з мужам не склалася. Мы перасталі разумець адзін аднаго, ды і было яшчэ шмат чаго, пра што сёння ўжо нават і не хочацца гаварыць. Так мы і разышліся з ім. Я засталася адна з двума хлопчыкамі. На заробак палявода дзяцей не пракорміш, таму папрасіла ў кіраўніцтва перавесці мяне на даярку. Так я з 1998 года і працую тут, – расказвае жанчына.   Усе каровы на адну літару Прайшло шмат гадоў з таго часу, як Вольга Уласаўна прыступіла да працы на комплексе. За гэты час змянілася многае. МТК адрамантавалі, абнавілася і даільная зала. Працаваць стала камфортней, але з гадамі не лягчэй. Вольга Мелеш сама вырасціла дзяцей, ужо гадуе ўнукаў і прызнаецца, што фізічнае здароўе даўно не тое, але яна не апускае рукі.  – Колькі ўсяго было за гэтыя гады… Мы ж працуем з каровамі, яны часам і б’юцца, і бадаюцца. Быў у мяне выпадак, калі я намагалася злавіць адну надта спрытную кароўку, каб навязаць, а ў выніку атрымала разрыў звязкаў на двух нагах. Але нічога: вылечылася і зноў да працы, – дзеліцца субяседніца.  На адну даярку на МТК “Войткавічы” прыходзіцца каля 90 кароў. Цікавы факт: каб не пераблытацца, кожная даярка мае права даваць імёны сваім кароўкам на пэўную літару. Напрыклад, у Вольгі Уласаўны літара “Г”. Каб прыдумаць імя кожнай карове, варта мець добрую фантазію. Акрамя гэтага, кожнае імя павінна падыходзіць жывёле, асацыіравацца з ёй. Многія з падбіраемых Вольгай Мелеш імёнаў асабліва крэатыўныя. Напрыклад, Гера і Глобус.  – Калі была маладая, то здзіўлялася: як жа можна запомніць кожную карову? А пасля з вопытам пачала адрозніваць іх па знешнасці, вымені і нават па характары, – усміхаецца Вольга.  Жыць і радавацца Кожны працоўны дзень Вольгі Уласаўны пачынаецца ў 5 гадзін раніцы. Яна хуценька збіраецца і выходзіць на двор, дзе яе ўжо чакае ўласны “транспартны” сродак, які штодзённа дастаўляе яе на комплекс. І  гэта не аўтамабіль, а нізенькі конік па імені Орлік, які жыве ў гаспадыні ўжо каля 15 гадоў. Дарога да МТК займае прыблізна 20 хвілін. І калі летам ці позняй вясной гэты шлях праходзіць камфортна, то з прыходам халадоў дабірацца становіцца цяжэй.  На комплексе Вольга спачатку прыбірае стойлавыя месцы кароў, затым прыступае да дойкі. Пасля разам з напарніцамі выводзіць кароў на выгул і зноў прыбірае залу. Прыкладна праз чатыры гадзіны даяркі заканчваюць працу і могуць вяртацца дадому. Але ненадоўга, бо ў 17 гадзін яны зноў павінны быць на комплексе. Канчаткова працу жанчына заканчвае каля 22 гадзін. І так кожны дзень.  Дарэчы, разам з Вольгай у гаспадарцы працуюць яе старэйшы сын і нявестка. Яны таксама пасяліліся ў Войткавічах, і ўнукі часта забягаюць да бабулі ў госці. У поўным складзе сям’я збіраецца на вялікія святы і знакавыя даты. Адна з іх – 1 мая. І не толькі таму, што святкуецца Дзень працы, але і таму, што гэта  дзень нараджэння Вольгі Уласаўны.  Пражытыя гады нашай гераіні былі напоўненыя шматлікімі падзеямі, як добрымі, так і не зусім. Тым, як склалася яе жыццё ўвогуле, Вольга Уласаўна не расчаравана, бо радасных момантаў усё роўна было больш. Але каб была магчымасць павярнуць час назад, то яна абавязкова б яе выкарыстала.  – Што зрабіла б у першую чаргу? Дакладна пайшла б вучыцца. Нікога бы не слухала і здзейсніла сваю запаветную мару. Але змяніць штосьці ўжо немагчыма, таму я жыву і радуюся таму, што маю. Цяпер у мяне новая мара – каб мае блізкія людзі былі здаровыя і шчаслівыя. Каб у свеце заўсёды быў мір і спакой. І каб неба над намі было чыстае-чыстае…  – адзначыла Вольга Мелеш.