15.06.2021
Больш за 180 фестываляў плануецца правесці ў Беларусі ў бягучым годзе
Больш за 180 фестываляў плануецца правесці ў Беларусі ў бягучым годзе. Аб гэтым расказаў міністр культуры Анатоль Маркевіч у інтэрв'ю праграме "Тыдзень" на тэлеканале СТБ, паведамляе БЕЛТА.
"Палітра нашых фестываляў вельмі вялікая, толькі міжнароднага і рэспубліканскага ўзроўняў праходзіць больш за 50. А ўсяго ў бягучым годзе мы запланавалі правесці больш за 180 фестываляў у маштабах краіны. Фестывальная работа дае магчымасць убачыць таленты і нашу моладзь", - адзначыў міністр.
Што датычыцца Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2021", то, на думку Анатоля Маркевіча, яго адметнасцю ў бягучым годзе стаў актыўны ўдзел рэгіёнаў. "У ім прынялі ўдзел усе раёны Мінскай вобласці і рэгіёны нашай рэспублікі, якія прыехалі падзяліцца вопытам, паказаць сваё вялікае майстэрства, і гэта выдатна, таму што такія мерапрыемствы аб'ядноўваюць людзей", - лічыць міністр.
Таксама кіраўнік ведамства расказаў, што эпідэміялагічная і палітычная сітуацыя не ўнясуць ніякіх карэктываў у культурную праграму свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"). "Зусім нядаўна мы сустракаліся ў Александрыі па рабочых пытаннях, звяралі пазіцыі і бачым, што мы гатовы да правядзення гэтага мерапрыемства. Стрыжневым момантам гэтага свята стане асноўны канцэрт, які пройдзе па заяўках саміх гледачоў і гасцей Александрыі", - паведаміў Анатоль Маркевіч.
Гаворачы аб Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", міністр пацвердзіў, што некаторыя артысты адмовіліся ў ім удзельнічаць, але ў гэтым, паводле яго слоў, няма ніякай трагедыі. "Адмовіліся літаральна лічаныя артысты, але гэта негатыўна не паўплывае на сам фестываль. І тое, што для ўдзелу ў міжнародных конкурсах сярод выканаўцаў падалі заяўкі прадстаўнікі больш як 30 краін, з'яўляецца яскравым пацвярджэннем таго, што ніякія знешнія сілы нам абсалютна не страшны", - рэзюмаваў Анатоль Маркевіч.-0-