06.06.2023
Фестываль народнай творчасці "Ад пражы да ткацтва" пройдзе ў Гродне 10 чэрвеня
Абласны фестываль народнай творчасці "Ад пражы да ткацтва" пройдзе ў Гродне 10 чэрвеня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказала намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч.
"У Гродне на пляцоўцы каля Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці па вул. Савецкай, 8 адбудзецца абласны фестываль народнай творчасці "Ад пражы да ткацтва", які прымеркаваны да Года міру і стварэння і праходзіць у рамках рэалізацыі гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па адраджэнні народных тэхналогій традыцыйнага ткацтва ў Гродзенскай вобласці ў сучасных умовах", - сказала Наталля Рамановіч.
Паводле яе слоў, сваё месца ў скарбніцы беларускай традыцыйнай культуры займае ўнікальная народная творчасць Панямоння - ткацтва двайных дываноў, белаўзорыстых ручнікоў, каляровых узорыстых пакрывал і дываноў, мастацкіх габеленаў.
"На свята збяруцца знакамітыя ткачыхі з усёй вобласці, якія не пакідаюць спрадвечны жаночы занятак, старанна і дасканала асвойваюць мясцовыя традыцыі сапраўды народнага рамяства. Без іх удзелу не абыходзіцца ніводнае раённае фальклорнае свята. На свяце будзе магчымасць сесці за сапраўдныя народныя станкі, сплесці невялікую палоску тканіны або паспрабаваць зрабіць з нітак пояс або тэкстыльную стужку", - дадала Наталля Рамановіч.
У рамках свята "Ад пражы да ткацтва" ўпершыню будзе прадстаўлена тэкстыльнае палатно "Квецень Панямоння", што складаецца з міні-габеленаў, падрыхтаваных усімі аддзеламі рамёстваў і традыцыйнай культуры абласных цэнтраў культуры і народнай творчасці вобласці. "Таксама будзе магчымасць азнаёміцца з выставай габеленаў Алены Шунейка "Тэкстыльныя акварэлі", большая частка якіх выканана на ўнікальных папярочных станках з вертыкальнай асновай, сканструяваных яе бацькам Феліксам Антонавічам у 50-я гады мінулага стагоддзя. Дарэчы, творчасць майстра па вырабе габеленаў у традыцыях двайнога і пераборнага аднабаковага ткацтва таксама ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Менавіта Алена Феліксаўна атрымала грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на рэалізацыю праекта "Ад пражы да ткацтва" ў 2023 годзе, які будзе садзейнічаць адраджэнню народных тэхналогій традыцыйнага ткацтва ў сучасных умовах і выкарыстанню іх у рабоце арганізацый культуры, экскурсійна-турыстычнай дзейнасці", - рэзюмавала Наталля Рамановіч.-0-
БЕЛТА - Навiны Беларусi