18.01.2023
Карпенка: законапраект аб змяненні Выбарчага кодэкса можа быць прыняты ў лютым-сакавіку
Законапраект "Аб змяненні Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь" можа быць прыняты ў лютым - сакавіку. Аб гэтым журналістам у час наведвання ААТ "Гродна Азот" расказаў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У першым чытанні прыняты ўжо законапраект аб змяненні Выбарчага кодэкса, у першым чытанні прыняты закон аб УНС, да разгляду рыхтуецца законапраект аб палітычных партыях. Мы цяпер вельмі актыўна працуем з дэпутацкім корпусам па разглядзе ў другім чытанні закона "Аб змяненні Выбарчага кодэкса". Мы спадзяёмся, што ў лютым, можа, у сакавіку, канчаткова ўжо будзе прынята рашэнне па Выбарчым кодэксе", - сказаў Ігар Карпенка.
Ён дадаў: "Мы павінны разумець, што пачынаючы з канца лета - пачатку верасня мы ўступаем у актыўную фазу падрыхтоўкі электаральнай кампаніі 2024 года. Таму што яшчэ да моманту падпісання ўказа аб аб'яўленні адзінага дня галасавання мы будзем вызначаць да 1 верасня колькасць акруг, да 1 кастрычніка вызначым акругі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, да 1 лістапада - акругі па выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў. А не пазней за 23 лістапада павінен быць падпісаны ўказ аб назначэнні адзінага дня галасавання. Гэта ў сваю чаргу прывядзе ўжо да вылучэння прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя камісіі, затым ва ўчастковыя камісіі, фарміравання ўчасткаў для галасавання і інш. Гэта значыць фактычна ў канцы года мы ўжо будзем ў даволі актыўнай фазе падрыхтоўкі электаральнай кампаніі і 25 лютага 2024 года правядзём адзіны дзень галасавання".
"На мой погляд, адзіны дзень галасавання дасць магчымасць нам больш стабільна рэалізоўваць тыя сацыяльна-эканамічныя планы, якія намечаны, тую стратэгію развіцця дзяржавы, якая будзе вызначаць Усебеларускі народны сход. Гэта яшчэ адзін новы інстытут, які з'явіцца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. І адразу пасля адзінага дня галасавання мы будзем праводзіць фарміраванне УНС. У тым ліку дзве функцыі, якія дадзены сёння Цэнтральнай выбарчай камісіі, - гэта арганізацыя выбараў ад дэпутацкага корпуса мясцовых саветаў дэпутатаў і арганізацыя выбараў ад структуры грамадзянскай супольнасці. Увогуле ад першых 350 чалавек будзе выбірацца, ад другіх - 400 чалавек. Таму гэта таксама даволі сур'ёзная кампанія, якую нам трэба будзе правесці. І, на мой погляд, гэта будзе садзейнічаць стабілізацыі грамадства, у пэўнай ступені нейкай устойлівасці ў глабальных сусветных працэсах, якія вельмі няпростыя", - рэзюмаваў Ігар Карпенка.-0-
БЕЛТА - Навiны Беларусi