27.11.2025
Каханне як песня. Інэса і Аляксандр Парфенчык з Лідскага раёна захоўваюць нацыянальную песенную культуру
Сорак тры гады разам крочаць па жыцці Інэса і Аляксандр Парфенчык з вёскі Бердаўка Лідскага раёна.
Сорак тры гады разам крочаць па жыцці Інэса і Аляксандр Парфенчык з вёскі Бердаўка Лідскага раёна. Крыху менш – сорак гадоў – іх тварэнню – народнаму сямейнаму ансамблю "Мы з вёсачкі-калыскі", які захоўвае і адраджае нацыянальную песенную культуру, праз музыку і паэтычнае слова выхоўвае любоў да сям’і і Радзімы, прапагандуе духоўныя каштоўнасці. Сустрэла лёс у сельскім клубе Гэта было каханне з першага погляду і нот. Прыгожы вокамгненны раман, калі супалі чалавечыя, творчыя і сардэчныя інтарэсы. Таленавітая студэнтка Гродзенскага культасветвучылішча Інэса Загарадная прыехала на практыку ў Дзітвянскі Дом культуры Лідскага раёна і сустрэла там брутальнага, галасістага хлопца з гітарай. Аляксандр Парфенчык да таго часу ўжо адслужыў у арміі, працаваў культработнікам і вучыўся на дырыжорска-харавым аддзяленні Лідскага музвучылішча. – Навошта табе гэтая вёска? – здзіўляліся ўсе навокал, калі выпускніца з чырвоным дыпломам брала накіраванне ў сельскі клуб. А яна паехала да яго – галоўнага мужчыны свайго жыцця. І, забягаючы наперад, скажам, што ні разу не пашкадавала аб гэтым. Праз паўгады закаханыя ажаніліся і неўзабаве перабраліся на малую радзіму Аляксандра – у Бердаўку. Там атрымалі жыллё. Напачатку васьмідзясятых калгас “Бердаўка” быў моцнай гаспадаркай, эфектыўна развіваючы не толькі сельскую гаспадарку, але і сацыяльна-культурную сферу. – У нашай сям’і ўсе спявалі, – успамінае Аляксандр Парфенчык. – На базе Бердаўскага Дома культуры дзейнічаў вялікі хор, кіраўніком і хормайстрам якога была мая стрыечная сястра Зінаіда Унучко-Парфенчык. У самадзейнасці ўдзельнічалі стрыечныя сёстры Таццяна, Сафія і родны дзядзька Іван. А чаму б нам не стварыць сямейны калектыў? – падумалі мы і праз некаторы час пачалі выступаць раднёй. Выступалі пад жывы акампанемент: баян, кантрабас, ударныя, ражкі, шумавыя інструменты. Неўзабаве да ансамбля далучыліся мужы і жонкі родных людзей, нас стала болей. Землякі прымалі нас вельмі цёпла. Знайсці творчы голас У 1985 годзе сямейны ансамбль "Мы з вёсачкі-калыскі" зрабіў першы крок на вялікую сцэну. Гэта быў не проста канцэрт у гонар свята горада Мінска на пляцоўцы ля Палаца спорту – гэта быў пачатак доўгага шляху праз сэрцы тысяч гледачоў. Рэпертуар фарміравалі пераважна з аўтарскіх песень, якія сачынялі Аляксандр і Зінаіда, некалькі мелодый напісала Інэса. Шмат твораў прысвяцілі сваёй вёсачцы-калысцы, менавіта яна стала невычарпальнай крыніцай натхнення для Парфенчыкаў. Спявалі беларускія народныя ды сучасныя песні пра Бацькаўшчыну, вёску, сям’ю і каханне. У студзені 1994 года калектыў стаў дыпламантам Рэспубліканскага фестывалю сямейных ансамбляў у Слоніме, а 20 красавіка 1994 года першым у краіне за плённую працу па папулярызацыі беларускага музычнага мастацтва атрымаў званне “Народны аматарскі калектыў”. У гэтым жа годзе за распаўсюджванне ідэі сямейнай творчасці народныя музыкі атрымалі Ганаровую грамату Прадстаўніцтва ААН у Рэспубліцы Беларусь і Ганаровую грамату Міністэрства культуры. Потым было шмат рэспубліканскіх і міжнародных фэстаў, конкурсаў, святаў, “Дажынак”, дзе сямейны ансамбль прымалі на ўра. Напачатку 2000-х гадоў ансамбль налічваў ажно дванаццаць чалавек! Гэтым саставам аб’ехалі амаль усе гарады Беларусі, падарылі радасць тысячам гледачоў. Атрымалі Падзяку ад Прэзідэнта краіны. Душой калектыву на працягу сарака гадоў заставаліся Аляксандр і Інэса: ён – загадчык Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра і кіраўнік народнага сямейнага ансамбля, яна – культарганізатар і “правая рука”. Многія здзіўляюцца: на працы і дома разам, як жа не надакучылі адзін другому? А яны спявалі, выхоўвалі дзяцей, будавалі ўласны дом, сачынялі песні, завочна вучыліся-самаўдасканальваліся і радаваліся, што любоў да песеннага мастацтва паступова прарастае ў сэрцах новых пакаленняў. Чатыры пакаленні на адной сцэне Нядаўна народны сямейны ансамль "Мы з вёсачкі-калыскі" гучна і прыгожа адзначыў сваё 40-годдзе. Вялікая святочная праграма “Адна сям’я, адно жыццё, адна песня” сабрала ў філіяле “Бердаўскі культурна-дасугавы цэнтр Лідскага РЦКіНТ” землякоў, сяброў, прыхільнікаў творчасці. На сцэну выйшлі чатыры пакаленні сям’і Парфенчык. Сваё прызнанне юбілярам выказалі прадстаўнікі раённай і мясцовай улады (Аляксандр Генадзьевіч, між іншым, на працягу дваццаці гадоў – дэпутат мясцовага сельскага Савета), ВІА “Шкляры” з Бярозаўкі, вядомы беларускі вакаліст Андрэй Панісаў, народны ансамбль народнай музыкі і песні “Гудскі гармонік”, народны ансамбль бытавых інструментаў “Каханачка” і іншыя. Прагучалі любімыя творы з рэпертуару народнага ансамбля і лічба: за сорак гадоў праз калектыў прайшло дваццаць пяць блізкіх па духу і родных па крыві чалавек. Пры гэтым спецыяльную музыкальную адукацыю маюць толькі Аляксандр, Інэса і Зінаіда, астатнія сумяшчаюць заняткі музыкай са сваімі прафесіянальнымі абавязкамі. – Юбілей – магчымасць азірнуцца назад і ўспомніць старэйшае пакаленне роду, якое перадала нам у спадчыну музычны талент, расказаць пра нашы карані і месца сілы – Бердаўку, якой праз два гады споўніцца пяць стагоддзяў, – дзеліцца Аляксандр Генадзьевіч. – Я тут нарадзіўся, вырас, тут мой дом, і няма на свеце нічога лепшага за наш куточак. Інэса таксама сэрцам прырасла да гэтых маляўнічых мясцін. Як тут ні ўспомніць пра тое, што не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек – месца. Гэтыя ўлюбёныя адзін у другога і сваю прафесію таленавітыя творчыя людзі сталі сапраўдным брэндам аграгарадка, яго прыгожым тварам. Яны робяць культурнае жыццё мястэчка насычаным, выхоўваюць моладзь, развіваюць турызм, праводзяць захапляючыя экскурсіі па маёнтку Аляксандра Дамбавецкага і пейзажным парку, а ў жніўні ладзяць традыцыйныя балі. Побач з імі міжволі становішся фанатам сямейнага ансамбля, захапляешся гісторыяй старажытнага маёнтка і шчыра верыш у моц дрэва жаданняў. На моцных каранях – прыгожая крона Сям’і Парфенчык у Бердаўскім культурна-дасугавым цэнтры прысвечаны цэлы музей! Музей “Мы з вёсачкі-калыскі” з’явіўся па ініцыятыве Лідскай раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” і Лідскага райвыканкама ў 2017-м. Тут сабрана ўся гісторыя вялікай дружнай сям’і, аб’яднанай любоўю да песні. Радаслоўнае дрэва дэманструе прыгожыя твары роду – фотаздымкі ад прашчураў з 1932 года да ўнукаў. Сцяна славы – “музыкальны Алімп” – распавядае пра зорны час Інэсы Парфенчык падчас удзелу ў тэлевізійным шоу “Фактар.бай 60+” і творчы лёс ураджэнца Бердаўкі вакаліста Андрэя Панісава. Тут жа – экспазіцыя з адмысловымі керамічнымі вырабамі – сувенірамі, што стварае мясцовая дзятва пад кіраўніцтвам Аляксандра Генадзьевіча ў гуртку лепкі з гліны, а таксама інфармацыя пра былога ўладальніка маёнтка Аляксандра Дамбавецкага – на дзіва шматграннага чалавека. У суседнім пакоі – экспазіцыя пра ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Паўла Хоміча – дзядулю Аляксандра Парфенчыка па мацярынскай лініі, які дайшоў да Берліна, фарсіраваў Буг і ўзнагароджаны медалём “За адвагу”, канцэртныя касцюмы, інструменты і ўзнагароды калектыву за сорак гадоў творчага шляху. Цэлы пакой прысвечаны беларускаму вяселлю 50-80-х гадоў мінулага стагоддзя. Парфенчыкі трапятліва захоўваюць ды таленавіта ўзнаўляюць сямейныя традыцыі рэгіёна і старадаўнія абрады. – Усё гэта сёння ўспрымаецца як гісторыя, мае каштоўнасць для нашага радаводу і, думаю, для нашых гасцей, якія шукаюць сэнс жыцця і сябе, – лічаць мае героі. – На прыкладзе нашай сям’і музей выхоўвае патрыятызм, вучыць любіць сваю зямлю, сям’ю, падтрымліваць блізкіх. Сям’я – галоўнае багацце чалавека. Аляксандр Генадзьевіч і Інэса Георгіеўна ўпэўнены, што наперадзе ў іх шмат шчаслівых гадоў і незабыўных сустрэч. Бо побач з імі і за імі – новыя пакаленні: іх дзеці, пляменнікі, унукі, унучатыя пляменнікі. Дачушка Ганначка хаця і не стала прафесійным музыкантам (эканаміст па прафесіі), але працуе акампаніятарам у сямейным калектыве, жыве разам з бацькамі. Сын Дзяніс – аўтамеханік, мінчанін, але на святы заўжды прыязджае, каб паспяваць разам. Унукі – дзесяцігадовая Арыяна, дзевяцігадовы Назар і васьмігадовы Макар – з задавальненнем працягваюць пеўчыя традыцыі сям’і і толькі немаўля Арцемій пакуль назірае за роднымі з глядзельнай залы.
Гродненская правда