17.11.2022
У цэнтры Гродна пачаліся здымкі часткі гістарычнага дэтэктыва і шпіёнскай драмы "ГДР"
У цэнтры Гродна праходзяць здымкі часткі шматсерыйнага расійскага фільма "ГДР", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У аснове гістарычнага дэтэктыва і шпіёнскай драмы пад назвай "ГДР" - рэальныя падзеі. Дзеянні шматсерыйнага фільма разгортваюцца ў 1989-1990 гады на фоне перабудовы, якая прыводзіць, як адзначаюць стваральнікі фільма, да неабарачальных наступстваў: спачатку развальваецца Варшаўскі блок сацыялістычных краін, а за ім разбураецца і СССР. Як удакладнілі ў прэс-службе тэлеканала НТБ, што прымае ўдзел у стварэнні стужкі, галоўны герой - разведчык Аляксандр Нячаеў - аказваецца ў цэнтры аперацыі, якую арганізавалі спецслужбы некалькіх краін. За доўгі час, што ён правёў у Берліне, Нячаеў моцна мяняецца. Яму складана зразумець, хто з'яўляецца сябрам, а хто, наадварот, уяўляе для яго небяспеку. Але, нягледзячы на гэта, ён прадаўжае адстойваць інтарэсы сваёй Радзімы.
Здымкі 12-серыйнай шпіёнскай драмы праходзілі ў Маскве. Трохдзённы выезд здымачная група зрабіла ў Гродна. Тут здымаецца Берлін часоў 1989 года. Акцэнт зроблены на гістарычных машынах і масоўцы. Сцэны здымаюць на пешаходнай вуліцы Савецкай у цэнтры горада над Нёманам. Дарэчы, прыняць удзел у здымках фільма змаглі і жыхары Гродна. Як падзялілася Анжаліка Скорб, здзейснілася яе невялікая мара. "Жаданне быць у кадры ў мяне было з дзяцінства, люблю быць на публіцы, гэта цудоўная магчымасць паказаць сябе, адчуць сябе крыху зоркай. Хоць сцэна масавая, але адчуванне нельга перадаць, калі ў такім уборы ідзеш па вуліцы, цябе здымаюць і людзі вакол глядзяць", - сказала дзяўчына.
Яе меркаванне падтрымлівае і калега па сцэне Раман Маркоўскі. "Можна ўбачыць, як на самай справе здымаецца кіно, пазнаёміцца з людзьмі, даведацца, як наладжаны гэты працэс. Вельмі цікава. Ды і з мясцовымі жыхарамі, якія гэтак жа, як і мы, прыйшлі паўдзельнічаць у здымках, таксама можна пазнаёміцца. Людзі вакол творчыя, цікавыя. І прыемна будзе пазней на сябе паглядзець і ў кадры ўбачыць знаёмыя прыгожыя гродзенскія вуліцы", - дадаў ён.
Стваральнікі фільма падкрэслілі, што, ствараючы стужку, яны хацелі даць гледачу магчымасць па-іншаму паглядзець на падзеі, што змянілі лёс не толькі ГДР, але і ўсёй Еўропы. А таксама сканцэнтраваць увагу на тым, як разбурэнне сцяны і знікненне ГДР паўплывалі на гісторыю.
Над карцінай працуюць рэжысёр-пастаноўшчык Сяргей Папоў, аператар-пастаноўшчык Гайк Кіракасян, аўтары сцэнарыя Васіль Паўлаў, Андрэй Жыткоў, Вячаслаў Рагожкін і Юрый Бурносаў, прадзюсары Аляксей Земскі, Цімур Вайнштэйн, Наталля Лазарава і Юрый Сапронаў.
Ролі ў фільме выконваюць Аляксандр Гарбатаў, Аляксандр Голубеў, Яўген Харытонаў, Дар'я Урсуляк, Таццяна Лютаева, Кірыл Зайцаў, Сняжана Самохіна, Вадзім Андрэеў, Яўген Куцянін, Генадзь Блінаў, Аляксандр Обласаў, Віталь Каваленка, Мадлен Джабраілава, Яўген Саннікаў, Юлія Марчанка і Уладзіслаў Ветраў.
Прэм'ера фільма "ГДР" запланавана на восень 2023 года, вясной 2024 года фільм можна будзе ўбачыць у эфіры ТБ.-0-
БЕЛТА - Навiны Беларусi