31.01.2026
Бегчы на паўкроку наперадзе. Лукашэнка паставіў задачу перад беларускай мікраэлектроннай прамысловасцю
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ставіць перад айчыннай мікраэлектроннай прамысловасцю задачу бегчы на паўкроку наперадзе, вырабляючы запатрабаваную ў свеце прадукцыю. Аб гэтым ён заявіў пры наведванні ААТ "Планар", якое працуе ў сферы мікраэлектроннай прамысловасці і з'яўляецца адным з лідараў у гэтай галіне, паведамляе БЕЛТА.
"Гэта будучыня", - заявіў кіраўнік дзяржавы, гаворачы пра развіццё мікраэлектроннай прамысловасці. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў гэтай сферы трэба і далей "бегчы на паўкрока наперадзе і выпускаць прадукцыю, запатрабаваную ва ўсім свеце".
"Калі ты не адстанеш, у цябе заўсёды будзе работа і вялікія грошы. Не толькі нашы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка генеральнаму дырэктару ААТ "Планар" Сяргею Авакаву. - Ты апярэдзіў усё і ўся. І ў Беларусі, і ў Расіі. Ты ўсіх апярэдзіў".
Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі ўдалося захаваць тыя вытворчасці, якія засталіся пасля Савецкага Саюза. Больш таго, дзякуючы дапамозе, аказанай у свой час дзяржавай, прадпрыемствы, якія засталіся з савецкіх часоў, удалося мадэрнізаваць і зрабіць перадавымі. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка падзяліўся ўспамінамі пра свой першы візіт на "Інтэграл".
"Тады наогул грошай не было, і ўсім трэба было (дапамагчы. - Заўвага БЕЛТА). Я разумеў, што, калі былі б грошы, мы рванулі б. Што тады мяне падштурхнула? Хутчэй за ўсё, інтуіцыя. "Інтэгралу" дапамаглі, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Ведаеце, калі чалавек сваімі рукамі нешта стварае, і вельмі складанае, гэта вельмі шкада страціць. Гэта ў аснове маёй жыццёвай філасофіі. І я чапляўся за ўсе школы, усе прадпрыемствы, якія ў нас былі створаны, інтуітыўна разумеючы, што яны будуць патрэбны".
"І наш час прыйшоў. Мы не дарэмна ўкладвалі грошы. Тое, аб чым людзі ў савецкі перыяд марылі (тыя, хто закладваў гэту аснову), мары гэтыя пачалі здзяйсняцца", - прадоўжыў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў дачыненне да развіцця прадпрыемства Аляксандра Косінца, які ў свой час па даручэнні кіраўніка дзяржавы займаўся пытаннямі інавацыйных пераўтварэнняў на "Планары". "А вы ўпіраліся, не хацелі ісці (па гэтым шляху. - Заўвага БЕЛТА). А цяпер наперадзе бягуць і паказваюць, які цуд стварылі. Малайцы. Дзякуй вам за гэта. Гэта прыклад таго, як мы павінны дзейнічаць у будучым, - сказаў Прэзідэнт. - Дзякуй вам за тое, што вы стварылі такую ўнікальную вытворчасць. У гэтым напрамку будзем рухацца, будзем усяляк дапамагаць".
На "Планары" кіраўніку дзяржавы далажылі аб выніках работы прадпрыемства за пяць гадоў і перспектывах развіцця на бліжэйшыя гады. Як расказаў гендырэктар "Планара" Сяргей Авакаў, за пяцігодку выручка прадпрыемства вырасла ў чатыры разы, а экспарт - у пяць разоў. На "Планары" вядуцца маштабныя работы па мадэрнізацыі і пашырэнні вытворчасці.
У прыватнасці, размова ішла аб рэалізацыі трох буйных інвестыцыйных праектаў. "Калі вы не адстанеце і будзеце рухацца хаця б такімі тэмпамі, як цяпер, заўсёды спажывец вашых тавараў, вырабаў грошы знойдзе, у тым ліку і дзяржава, яна заўсёды падставіць сваё плячо. І не толькі наша дзяржава, але ў дадзеным выпадку і Расія, якой вельмі патрэбна ваша прадукцыя", - канстатаваў Прэзідэнт.
Ён растлумачыў, што пасля распаду Савецкага Саюза развіццё мікраэлектроннай галіны ў Расіі значна затармазілася, краіна шмат страціла ў гэтым напрамку. Беларусь жа захавала і вытворчасці, і навуковыя школы, кампетэнцыі, і высокакваліфікаваныя кадры, якія перадавалі свае вопыт і веды наступным пакаленням. Дзякуючы гэтаму цяпер у многіх галінах вырабляецца сучасная прадукцыя, запатрабаваная ў многіх краінах, у тым ліку ў Расіі. "Наш час настаў", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
З удзелам Прэзідэнта 30 студзеня ў ААТ "Планар" адбылася цырымонія запуску Цэнтра спецтэхналагічнага абсталявання для вытворчасці фоташаблонаў і мікраоптыкі. Гэта адзіны на тэрыторыі краін былога СССР комплекс, які дазваляе выпускаць вырабы тэхналагічнага ўзроўню 90 нм, крытычна неабходныя для стварэння перадавых узораў абсталявання электроннага машынабудавання.
Усе падрыхтоўчыя, праектныя і будаўніча-мантажныя работы былі выкананы ў максімальна сціслыя тэрміны, за кошт чаго ўдалося завяршыць стварэнне цэнтра на 2 гады раней за запланаваны тэрмін.
Па выніках выканання ўсіх работ у інжынерна-лабараторным корпусе створаны Цэнтр спецтэхналагічнага абсталявання для вытворчасці вырабаў мікраоптыкі і фоташаблонаў. Кампетэнцыямі па распрацоўцы і стварэнні такога абсталявання валодаюць толькі некалькі краін у свеце: ЗША, Японія, асобныя краіны Еўрасаюза. Пры гэтым лінейка абсталявання для бездэфектнага вырабу фоташаблонаў, размешчаная ў цэнтры, з'яўляецца ўнікальнай, паколькі ніводная дзяржава ў свеце не валодае кампетэнцыямі па распрацоўцы і вырабе ўсёй наменклатуры лазернага абсталявання электроннага машынабудавання, неабходнай для арганізацыі тэхналагічнага працэсу вытворчасці фоташаблонаў.
З улікам перспектыў развіцця, у цэнтра ёсць патэнцыял для далейшага пераходу да больш нізкіх праектных норм - 65 нм, для чаго плануецца дааснасціць вытворчасць.-0-