Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Астравецкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
28.10.2025

Лукашэнка абазначыў прапановы Беларусі па мірным парадку дня. У фокусе санкцыі, міграцыя, ШІ

  28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на ІІІ Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы абазначыў ключавыя прапановы краіны па мірным парадку дня, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў гэтым годзе споўнілася 80 гадоў ААН, Хельсінкскаму заключнаму акту - 50 гадоў. "Таму рэформы ключавых міжнародных інстытутаў абмяркоўваюць не адно дзесяцігоддзе, а праблемы не вырашаюцца", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка, падкрэсліўшы, што прыхільнасць Беларусі да справы міру не пустая рыторыка, а аб'ектыўная неабходнасць. Гэтак жа і для ўсёй Еўразіі, акрамя, зрэшты, краін Захаду. Прэзідэнт абазначыў  чатыры прапановы  краіны для пашырэння мірнага парадку дня. Першая  датычыцца прадуктаў харчавання і медыкаментаў - неабходна забарона на ўвядзенне любых санкцый, у тым ліку другасных, адносна гэтых пазіцый. "Вынік размахвання гэтай дубінай бачны ўсім: эканамічны крызіс, абвастрэнне сацыяльных супярэчнасцей, правакаванне ўнутраных і міжнародных канфліктаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Другая  прапанова Беларусі - па абароне крытычнай міжнароднай інфраструктуры: газа- і нафтаправодаў, інтэрнэт-кабеляў, АЭС. "Забарона на дзеянні супраць гэтых аб'ектаў павінна быць адназначнай. І ў гэтым зацікаўлены ўсе краіны свету, нават тыя, якія сёння трактуюць падрыў газаправода як подзвіг. У любых сітуацыях трэба абменьвацца данымі, забяспечваць іх фізічную недатыкальнасць і бесперабойную работу", - падкрэсліў беларускі лідар. Пераадоленне міграцыйнага крызісу -  трэцяя  прапанова, агучаная кіраўніком дзяржавы. "З тым, што Захад нарабіў у краінах зыходу, ён павінен разабрацца сам. Што датычыцца наступстваў. Мы гатовы працаваць у тым фармаце, які доўгі час забяспечваў кантроль за сітуацыяй для абодвух бакоў", - сказаў Прэзідэнт. "Трэба дамаўляцца, напрыклад, у рамках глабальнай здзелкі. Падыход Прэзідэнта Трампа "ўсё на ўсё" мы можам абмяркоўваць і з ЗША, і з Еўропай (як і любая іншая краіна)", - дадаў Аляксандр Лукашэнка. Відавочна, паводле яго слоў, што неабходна адзіная сістэма праверкі мігрантаў, узмацненне барацьбы са злачыннымі групоўкамі гандляроў людзьмі, паскарэнне працэдур дэпартацыі парушальнікаў. У якасці  чацвёртай  ініцыятывы Прэзідэнт абазначыў неабходнасць прыняцця мер у галіне штучнага інтэлекту. "Некіруемая гонка ў гэтай сферы ператварае яго з карыснага рэсурсу ў зброю. У перспектыве - масавага паражэння", - перасцярог кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым ён нагадаў аб прапанове Беларусі сумежным краінам стварыць пояс лічбавага добрасуседства. "Час гэтым поясам аб'яднаць усю Еўразію. І ўлічыць прынцыпы лічбавага суверэнітэту і нейтралітэту ў нашай будучай Хартыі шматпалярнасці і разнастайнасці ў бягучым стагоддзі", - упэўнены Прэзідэнт. На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падзякаваў усім удзельнікам канферэнцыі за тое, што яны, нягледзячы ні на што, дабраліся да Мінска, а таксама пажадаў плённай працы і разважлівых ідэй, якія цяпер так патрэбны.