02.07.2026
Лукашэнка: для беларусаў работы ў Інданезіі дастаткова, і ёсць гатоўнасць сур'ёзна развіваць узаемадзеянне
Для беларусаў работы ў Інданезіі дастаткова, і ёсць гатоўнасць сур'ёзна развіваць узаемадзеянне. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Інданезіі Прабова Субіянта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У час падрыхтоўкі да гэтага візіту і знаходзячыся другі раз у Інданезіі за час сваёй прэзідэнцкай службы, я абсалютна перакананы, што для беларусаў работы ў Інданезіі дастаткова, і мы гатовы папрацаваць сур'ёзна, каб рэалізаваць тыя мэты, якія вы паставілі перад сваім гіганцкім народам і вялікай краінай", - падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што напярэдадні адбыліся перагаворы на ўзроўні членаў урадаў дзвюх краін і ўжо дасягнуты пэўныя дамоўленасці. "Нашы міністры, члены ўрада з інданезійскага і з беларускага боку ўчора сустракаліся і абмеркавалі асноўныя пытанні, асноўныя напрамкі нашай работы - Беларусі ў Інданезіі і Інданезіі ў Беларусі. Я абсалютна перакананы, што аб многім ужо дамовіліся", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Таму нам трэба зацвердзіць гэтыя дамоўленасці і без затрымак і бюракратыі дзейнічаць. Толькі наперад", - заявіў беларускі лідар. Прэзідэнт адзначыў, што напярэдадні ў яго з Прабова Субіянта таксама адбылася добрая размова, якая паслужыць фундаментам для далейшых крокаў па паляпшэнні і развіцці беларуска-інданезійскіх адносін. Ад імя ўсёй дэлегацыі Беларусі Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Прэзідэнту Інданезіі за дружалюбны прыём, які быў аказаны беларускаму боку.-0-
БЕЛТА