05.11.2025
Лукашэнка заслухаў даклады кіраўнікоў Камітэта дзяржкантролю і МУС
5 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 лістапада заслухаў даклады старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіля Герасімава і міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова, паведамляе БЕЛТА. Старшыня КДК далажыў аб выніках праведзенай праверкі ў дарожнай галіне. Адпаведную задачу (аб правядзенні маніторынгу) раней ставіў перад Камітэтам дзяржкантролю кіраўнік дзяржавы. Правяралася якасць выканання будаўнічых работ пры будаўніцтве і рэканструкцыі дарог і мастоў, вывучалася пытанне закупак новай дарожнай тэхнікі. Другая тэма размовы кіраўніка дзяржавы са старшынёй КДК - эфектыўнае выкарыстанне зямель і дзяржмаёмасці. Размова аб уключэнні зямлі ў гаспадарчы абарот, зносе тых ці іншых старых пабудоў. Прэзідэнтам раней было дадзена даручэнне правесці поўную рэвізію сельскагаспадарчых аб'ектаў, якія не выкарыстоўваюцца, і вызначыцца з іх магчымым прызначэннем. Васіль Герасімаў далажыў аб выяўленых недапрацоўках у гэтых пытаннях. Даложана Прэзідэнту таксама аб праверцы выканання даручэння па даўгабудах. У прыватнасці, па падыходах, вызначаных у адносінах да недабудаваных аб'ектаў па ўсёй краіне. Даложана, што колькасць такіх аб'ектаў за апошнія гады значна скарацілася, але застаецца шэраг праблемных пытанняў. Камітэт дзяржкантролю таксама ў развіццё даручэння Прэзідэнта ажыццяўляе маніторынг па навядзенні парадку (да 7 лістапада). Гэта датычыцца краіны ў цэлым, і асабліва Віцебскай вобласці, дзе Аляксандр Лукашэнка нядаўна праводзіў нараду па пытаннях развіцця рэгіёна. Старшыня Камітэта дзяржкантролю далажыў аб прамежкавых выніках. Прэзідэнт адзначыў важнасць таго, каб засяродзіцца не толькі на знешнім навядзенні парадку, але і на вырашэнні пытанняў больш глабальнага характару. Кіраўнік дзяржавы даручыў КДК пасля 7 лістапада ўжо грунтоўна праверыць стан спраў у цэлым па краіне і пасля выхадных дзён прадставіць яму грунтоўны даклад аб тым, як выконваецца даручэнне па навядзенні парадку. Акрамя таго, у час даклада Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне Камітэту дзяржкантролю вывучыць рынкі абароту тытунёвых вырабаў і спіртазмяшчальнай прадукцыі, пачынаючы ад размеркавання квот і заканчваючы абаротам гэтай прадукцыі на тэрыторыі краіны. Іван Кубракоў далажыў кіраўніку дзяржавы аб аператыўнай абстаноўцы ў краіне і, у прыватнасці, аб статыстыцы злачыннасці па лініі крымінальнага вышуку. Абстаноўка спакойная і знаходзіцца пад кантролем праваахоўных органаў, прадаўжаецца тэндэнцыя да зніжэння злачыннасці. Як запэўніў кіраўнік МУС, работа на прафілактыку, што раней даручаў Прэзідэнт, дае вынік. Даложана і аб рабоце па раскрыцці злачынстваў мінулых гадоў - рэзанансных, а таксама злачынствах, якія знаходзяцца на кантролі Прэзідэнта. Яшчэ адна тэма - процідзеянне кіберзлачыннасці. Архіважнай праблемай Аляксандр Лукашэнка называў гэту тэму не раз і ставіў перад праваахоўнымі органамі задачу абараніць людзей ад такіх злачынных замахаў. Іван Кубракоў далажыў аб тэндэнцыях на гэты момант - упершыню ў краіне ўдалося змяніць сітуацыю, фіксуецца зніжэнне гэтага віду злачынстваў прыкладна на 10 працэнтаў. Даложана аб мерах па абароне грамадзян, якія прымае міліцыя. Прэзідэнт паставіў задачу асабліва звяртаць увагу і аказваць дапамогу людзям пажылога ўзросту. У ходзе даклада абмеркавана і тэма процідзеяння нелегальнаму абароту наркотыкаў, таксама даложана аб дынаміцы і статыстыцы ў гэтым плане. У цэлым сітуацыя ў гэтай сферы, як было даложана, знаходзіцца пад кантролем. Важная тэма даклада - пытанні дарожнай бяспекі. Акцэнт зроблены на праблемных момантах і прычынах, якія прыводзяць да трагічных наступстваў на дарозе. У тым ліку Прэзідэнту даложана па выніках праведзенай работы пасля змянення ПДР. Кіраўніка дзяржавы цікавіла, як насельніцтва адносіцца да змяненняў заканадаўства ў сферы забеспячэння дарожнай бяспекі, асабліва што датычыцца сродкаў персанальнай мабільнасці. Іван Кубракоў таксама далажыў кіраўніку дзяржавы аб статыстыцы і аператыўнай абстаноўцы па тэме міграцыі. Па ўсіх пытаннях Прэзідэнт даў канкрэтныя даручэнні.-0-
Падпісвайцеся на нас у