Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Астравецкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
16.06.2026

"Патрэбны рэзультат!" Лукашэнка пра стан спраў у айчынным спорце, і не толькі хакеі

  У спорце перш за ўсё неабходны рэзультат, і на гэта павінны быць усе арыентаваны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Нарада ў кіраўніка дзяржавы была прысвечана развіццю хакея, але ў выніку выйшла за рамкі акрэсленай тэматыкі. "Гэта размова аб сітуацыі ў спорце наогул", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Сённяшняя размова, калі ў шырокім сэнсе разглядаць, - гэта размова пра сітуацыю ў спорце наогул. І калі б у нас быў спорт па ўсіх напрамках, хаця б мы развівалі, як у савецкія часы (у нас школы былі нядрэнныя), гандбол, футбол, хакей, яшчэ нейкія віды… Лёгкая атлетыка. Пачынаем мы западаць у зімовых відах спорту, лыжнікаў увогуле не відаць. Баюся, што заўтра весляры "забягуць пад хвалю", - сказаў кіраўнік дзяржавы. "Патрэбны рэзультат! Няма рэзультату - няма руху - няма работы!" - падкрэсліў Прэзідэнт. У сваю чаргу міністр спорту Сяргей Кавальчук у ходзе нарады абазначыў тыя віды спорту, дзе беларусы апошнім часам былі найбольш паспяховыя, заваёўвалі медалі чэмпіянатаў свету і Еўропы. Прычым часта рабілі гэта ў час першых пасля доўгага перапынку стартаў. Напрыклад, на чэмпіянаце Еўропы па скачках на батуце нацыянальная каманда выступіла паспяхова, заваяваўшы 14 медалёў: 9 залатых, 3 сярэбраныя і 2 бронзавыя. Залатыя медалі заваяваны на чэмпіянатах Еўропы па акадэмічным веславанні і веславанні на байдарках і каноэ. Міністр звярнуў увагу, што пасля поспехаў знакамітай беларускі Кацярыны Карстэн у веславанні рыхтуецца дастойная змена. Напрыклад, Яўген Залатой, які заваяваў сярэбраны медаль у гэтым сезоне на этапе Кубка свету, дуэт Таццяны Клімовіч і Алены Фурман, якія выйгралі ў красавіку 2026 года прэстыжную міжнародную рэгату ў Італіі. Абазначыў міністр таксама поспехі беларускіх спартсменаў у мастацкай гімнастыцы. На чэмпіянаце Еўропы ў гэтым відзе спорту зборная Беларусі заваявала 3 медалі (1 залаты, 2 сярэбраныя). Аднак Прэзідэнт на гэта заўважыў, што ў мнагабор'і па мастацкай гімнастыцы беларускі не дэманструюць уражальных вынікаў. "Гэта значыць там, дзе мы заўсёды нечым вызначаліся, мы пайшлі на спад", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Сяргей Кавальчук запэўніў, што ў мастацкай гімнастыцы ёсць маладыя перспектыўныя спартсменкі, якія яшчэ могуць праявіць сябе на міжнародных спаборніцтвах. Аналагічная сітуацыя, паводле яго слоў, і ў грэка-рымскай, вольнай барацьбе. Асобна міністр закрануў сітуацыю ў футболе, падкрэсліўшы ролю трэнера нацыянальнай зборнай краіны па футболе Віктара Ганчарэнкі. Пад яго кіраўніцтвам ужо згуляны некалькі матчаў. Трэнер, паводле слоў міністра, выводзіць на поле розныя склады ігракоў, каб адабраць найбольш перспектыўных у склад нацыянальнай зборнай. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ні ў футболе, ні ў іншых відах спорту нельга рабіць стаўку толькі на аднаго трэнера. Такіх спецыялістаў трэба некалькі ў кожным з відаў спорту. "Няма яго - і бяда потым. Потым вы зноў будзеце тых, якія спатыкаюцца, заікаюцца, трэнерамі запрашаць. Рыхтуйце гэтых трэнераў", - падкрэсліў Прэзідэнт. "Рыхтуем, Аляксандр Рыгоравіч. І ў клубах маладыя трэнеры ёсць нядрэнныя", - адказаў міністр. У якасці прыкладу ён прывёў хакей, дзе беларускім бокам распрацаваны вельмі добрыя праграмы і методыкі. "Праграмы ёсць, трэнераў няма", - крытычна заўважыў кіраўнік дзяржавы. "Гэта працэс. За два гады не падрыхтуеш, на жаль", - адказаў міністр. Аляксандр Лукашэнка папрасіў назваць некалькі кандыдатур, якія маглі б трэніраваць мінскае "Дынама". Міністр звярнуў увагу на некаторыя прозвішчы, растлумачыўшы, што ёсць перспектыўныя спецыялісты, але пакуль яны недастаткова падрыхтаваны, каб займацца такім прэстыжным клубам. Аднак, набраўшыся вопыту, магчыма, падыдуць да гэтага ў будучым. "Трэнеры, якія змогуць працаваць у перспектыве, ёсць. Але сёння недастатковы ўзровень у рабоце трэнераў, мы гэтага не ўтойваем, - сказаў Сяргей Кавальчук. - Цяпер робім акцэнт на замежнага спецыяліста (у якасці галоўнага трэнера мінскага "Дынама". - Заўвага БЕЛТА)". БЕЛТА