Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Астравецкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
04.01.2024

Зацверджана абноўленая Канцэпцыя дзяржаўнай кадравай палітыкі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў абноўленую Канцэпцыю дзяржаўнай кадравай палітыкі. Кіраўнік дзяржавы падпісаў адпаведны Указ № 1. У абноўленай Канцэпцыі забяспечана пераемнасць адносна раней прынятых дакументаў, улічаны практыка работы з кадрамі, агульнасусветныя тэндэнцыі развіцця працоўных адносін, сучасныя рызыкі і пагрозы кадравай бяспецы краіны. Канцэпцыя ўстанаўлівае адзіныя падыходы да фарміравання і рэалізацыі дзяржаўнай кадравай палітыкі, якая разумеецца як "дзейнасць дзяржавы па стварэнні цэласнай сістэмы фарміравання і эфектыўнага выкарыстання працоўных рэсурсаў, развіцця кадравага патэнцыялу галін эканомікі і сфер дзейнасці, арыентаванага на вырашэнне актуальных і перспектыўных эканамічных, сацыяльных і палітычных задач, а таксама па забеспячэнні кадравай бяспекі". Вызначаны мэты дзяржаўнай кадравай палітыкі, яе задачы і прынцыпы, а таксама асноўныя паняцці, у тым ліку новае - "кадравая бяспека - стан абароненасці дзяржавы, галін эканомікі і сфер дзейнасці, рэгіёнаў і арганізацый ад унутраных і знешніх рызык, выклікаў і пагроз, звязаных з кадрамі і іх патэнцыялам". Дзяржаўная кадравая палітыка грунтуецца на прынцыпах законнасці, забеспячэнні рэалізацыі правоў і свабод чалавека, захаванні балансу інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы, сацыяльнай справядлівасці і сацыяльнай адказнасці, патрыятызму, грамадзянскасці і іншых. У дакуменце раскрыты функцыі і роля ў вырашэнні задач дзяржаўнай кадравай палітыкі ўсіх яе суб'ектаў ад Прэзідэнта і Усебеларускага народнага сходу да арганізацый усіх форм уласнасці. У канцэпцыі таксама вызначаны прыярытэтныя напрамкі кадравай палітыкі. Сярод агульных напрамкаў: процідзеянне пагрозам кадравай бяспекі, удасканаленне механізмаў прагназавання кадравай патрэбнасці, стымуляванне кадраў да павышэння прадукцыйнасці працы і ўзроўню кваліфікацыі, а таксама ўпарадкаванне працэсаў працоўнай міграцыі. Прыярытэтамі на макраэканамічным узроўні з'яўляюцца забеспячэнне падрыхтоўкі запатрабаваных спецыялістаў, эфектыўнае выкарыстанне кадраў і стварэнне ўмоў для поўнай занятасці, на рэгіянальным - фарміраванне спрыяльнага асяроддзя і ўмоў для замацавання кадраў на месцах. На дзяржаўнай службе неабходна забяспечыць стабільнасць дзяржаўнага апарату, кіруемасць кадравым складам, дзейснасць сістэмы падбору і расстаноўкі кадраў. Для дасягнення прыярытэтных напрамкаў кадравай палітыкі прадугледжаны канкрэтныя механізмы, у тым ліку: выбудоўванне кіраўнікамі ўсіх узроўняў сістэмнай работы з кадрамі і значнае павышэнне іх персанальнай адказнасці за належнае кадравае забеспячэнне; забеспячэнне ўзгодненасці дзеянняў усіх суб'ектаў па развіцці кадравага патэнцыялу на рэспубліканскім і рэгіянальным узроўнях (ад вызначэння агульнай патрэбнасці эканомікі ў кадрах да распрацоўкі і рэалізацыі рэгіянальных і галіновых кадравых праграм з выхадам на мікраўзровень стратэгічнага бачання кадравай палітыкі арганізацый і прадпрыемстваў); удасканаленне маладзёжнай кадравай палітыкі (падрыхтоўка да свядомага выбару будучай прафесіі, духоўна-маральнае і патрыятычнае выхаванне, стварэнне дадатковых умоў і стымулаў для замацавання на працоўных месцах маладых кадраў); развіццё сістэмы падрыхтоўкі кадраў, рэгулявання працэсаў працоўнай міграцыі, а таксама лічбавізацыя кадравай работы. Эфектыўнасць рэалізацыі дзяржаўнай кадравай палітыкі ацэньваецца з улікам дасягнення паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Пры гэтым улічваюцца сітуацыя на рынку працы, ступень дысбалансу ў попыце і прапанове кадраў, сістэмнасць работы кіраўнікоў з кадрамі, грамадзянская пазіцыя работнікаў і іншыя паказчыкі. Канцэпцыя дасць магчымасць надаць дзейнасці па фармаванні кадравага патэнцыялу Беларусі больш сістэмны і скаардынаваны характар. Дакумент прызначаны стаць метадычным арыенцірам для кадравых службаў і кожнага кіраўніка, на якога ўскладваецца персанальная адказнасць за кадравую работу. Указ № 1 ад 3 студзеня 2024 г. Афiцыйны iнтэрнэт-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь