08.04.2025
Евдокия Григорьевна Сигалёва принимала поздравления по случаю 101-го дня рождения
Еўдакія Рыгораўна Сігалёва з той рэдкай катэгорыі людзей, якія свецяцца знутры неверагоднай энергетыкай дабрыні і спагады. У свой 101-шы дзень нараджэння жанчына, якая зведала што такое фашысцкі плен, прыязна і з усмешкай, дарэчы, як і заўсёды, сустракала гасцей.
Еўдакія Рыгораўна з Брэстчыны перабралася на Астравеччыну да дачкі з дзясятак гадоў назад – і адразу стала сваёй, роднай і для суседзяў, і для людзей, якія завітваюць да жанчыны, каб не толькі павіншаваць са святамі, але і проста праведаць і пагутарыць.
Каму, калі не ёй, расказваць пра перажытае падчас Вялікай Айчыннай вайны, пра тое, як цяжка даводзілася працаваць тым, хто трапіў у нямецкі палон, як забівалі ў канцэнтрацыйным лагеры савецкіх салдат… І заўсёды гераіня з прытоеным дыханнем дадае, што самае галоўнае – жыць пад чыстым мірным небам на роднай зямлі.
Імянінніцу з днём нараджэння павіншавалі старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун, галоўны спецыяліст сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Святлана Пятніцкая, загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН Вольга Альфер, старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Ірына Раткевіч, галоўны спецыяліст раённага камітэта ГА БРСМ Таццяна Сцяблоўская.
– З другім векам жыцця. Вы унікальны чалавек. Самае галоўнае – здароўя, – ад імя прысутных сказала Ірына Баляславаўна.
– Вам, вашым блізкім і ўсім людзям жадаю міра – гэтае самае галоўнае, – падзякавала гасцям Еўдакія Рыгораўна.
Па добрай традыцыі ўсе разам праспявалі “Кацюшу” – любімую песню жанчыны.
Няхай словы нашай зямлячкі ніколі не згубяць свайго сэнсу, і неба над роднай Беларуссю і любімай Астравеччынай заўсёды будзе спакойным і блакітным. Здароўя і доўгіх гадоў жыцця, шаноўная Еўдакія Рыгораўна!
Текст: Алёна Ганулич