Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Островецкий районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
16.11.2024

Как сложился текущий год для сельского хозяйства района - первый заместитель председателя райисполкома Иван Корнило

Па восеньскай традыцыі  перад прафесійным святам вяскоўцаў наш карэспандэнт пагутарыў з першым намеснікам старшыні райвыканкама – начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іванам Карнілам пра вынікі сельскагаспадарчага года, дасягненні аграпрамысловага комплексу і, канешне ж, людзей, якія ў ім працуюць.  – Сёлета прырода з прыхіль­насцю паставілася да хле­баробаў, і створаны патэнцыял, у тым ліку новая тэхніка, карпатлівая падхрыхтоўка да жніва, спрацавалі на вынік. Які ён, астравецкі каравай-2024?  – Па-першае, ён радуе, таму што не толькі ў якімсьці адным накірунку мы дасягнулі добрых вынікаў. Намалацілі і збожжавых, і рапсу, і кукурузы значна больш, чым летась. А самае галоўнае – нарыхтавалі рэкордную колькасць травяністых кармоў. – Не першы год адзначаю для сябе, што хлебаробы падчас жніва жывуць у асаблівым рэжыме: адсочваюць раённыя зводкі лідараў; па чарзе абедаюць з памочнікамі, каб не губляць час і як мага даўжэй затрымацца ў полі. А якой была ўборка для начальніка райсельгасхарчу, і, прызнайцеся, ці хварэлі за кагосьці з камбайнераў з асаблівым імпэтам? – Па шчырасці, фаварыты на жні­ве ў мяне былі. Героем не­каль­­кіх апошніх уборачных кам­паній нязменна станавіўся Яў­ген Грабоўскі з КСУП «Гудагай» з памочнікамі. Безумоўна, ні­хто не змяншае яго старанняў і пра­фесіяналізму, але, ведаю, ме­ха­нізатары з іншых гаспадарак выказвалі крытычныя заўвагі. Аб’ектыўна ў чымсьці яны мелі рацыю: у гаспадарках розныя  ўра­джайнасць збожжа і рапсу, плошчы, тэхніка.  Ад душы парадаваўся за маладога механізатара Уладзіслава Млынкоўскага з КСУП «Варняны», які сёлета ў пары з бацькам другі ў раёне намалаціў тысячу тон збожжа, саступіўшы лідарам літаральна некалькі гадзін. Зазначу, што ўраджайнасць варнянскіх ніў значна меншая за «Гудагай» і «Гервяты». Ды і збожжаўборачны камбайн апошняга быў менш магутны і прадукцыйны, чым у першага «тысячніка» раёна. Нягле­дзячы на ўсе нюансы, варнянскі механізатар (ведаю, што ў 5 раніцы ён ужо быў на майстэрнях, каб абслужыць свой хлебаўборачны агрэгат і першым выйсці ў поле) саставіў годную канкурэнцыю гудагайскаму лідару.  Мяне шчыра радуе, калі і хлебаробы, і вадзіцелі, і аператары зернесушыльных комплексаў, і ўсе іншыя, задзейнічаныя на жніве людзі, з душой ставяцца да справы і працуюць. Пабольш бы такіх старанных і адданых работнікаў – і ўборка для мяне як для начальніка была б яшчэ прасцейшай. (Усміхаецца.) А так усе арганізацыйныя моманты і праблемныя сітуацыі вырашаліся ў штатным рэжыме. Да жніўнай кампаніі мы рыхтаваліся загадзя, таму і прайшла яна дастаткова роўна і спакойна.  – Мяне таксама парадавала, што мой малады зямляк паказаў цудоўны вынік на ўборцы. Што, на вашу думку, трэба рабіць, каб на вёсцы заставаліся маладыя кадры – не толькі спецыялісты, але і рабочыя? Пяць гадоў назад у першым нашым інтэрв’ю вы казалі, што замацаванне залежыць ад трох фактараў: жылля, наяўнасці выхадных і зарплаты. Ваша думка на гэты конт не змянілася? – Мая задача, як і любога чыноўніка, – зрабіць працу вяскоў­цаў больш лёгкай; каб у людзей была не толькі годная заработная плата, але і выхадныя. Узгадваю сябе, калі працаваў галоўным заатэхнікам: зарплата была далёка не самая апошняя, але не ставала часу, каб яе траціць. Я добра разумею спе­цыфіку працы ў сельскай гаспадарцы: заробкі вяскоўцам дастаюцца цяжкім потам. Мне здаецца, што для маладых спецыялістаў у нас створаны нядрэнныя ўмовы для работы, прадугледжаны пад’ёмныя, даплаты, выдзяляецца жыллё і забяспечваецца падвоз. Тым не менш, яны часта выказваюць пажаданне, каб былі выхадныя, нарміраваны працоўны дзень, але, на жаль, з-за спецыфікі сельскагаспадарчай га­ліны гэтае пытанне застаецца адкрытым. Аднак увага сельскім кадрам надаецца на самым высокім узроўні. Яскравы доказ – абласныя «Дажынкі» ў Мастах, у якіх паўдзельнічаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка і ўшанаваў лепшых прадстаўнікоў сельскай гаспадаркі, у тым ліку нашага раёна.  – Іван Мар’янавіч, тады агучу пытанне, якое часта чула ў розных гаспадарках падчас падрыхтоўкі матэрыялаў у святочны нумар. Многіх вяскоўцаў цікавіць, чаму на абласной урачыстасці ўзнагародзілі толькі працаўнікоў КСУП «Гервяты»? – Гэта далёка не так, і людзям не варта хвалявацца. Напрыклад, КСУП «Гудагай» заняў 3-е месца ў абласным спаборніцтве сярод гаспадарак, якія спецыялізуюцца ў малочнай галіне. Адзначу, што кожны год мы стараемся падбіраць кандыдатаў так, каб на свяце адзначылі розных спецыялістаў і работнікаў з розных гаспадарак. Пры гэтым улічваюцца многія фактары: не толькі вынікі работы самаго працаўніка, але эканамічнае становішча прадпрыемства і іншыя. Паўтаруся, мы імкнёмся заўважыць і адзначыць кожнага, хто так ці інакш праявіў сябе і шчыра працуе на зямлі, на фермах і комплексах. Гэта зробім ужо ў гэтую суботу на раённай урачыстасці, дзе будуць падведзены вынікі сельска­гаспадарчага года ў розных на­мі­нацыях і адзначаны лепшыя. Ча­­каюцца і абласныя ўзнагароды.  Апераджаючы падзеі, па­дзялюся прыемнай навіной: упершыню  за многія гады  Астравецкі раён  заняў першае месца  ў вобласці  па нарыхтоўцы кармоў.  – Віншую з перамогай! Іван Мар’янавіч, тады пахваліцеся, што атрымалася дасягнуць у гэтай галіне.  – Сёлета мы змаглі нарыхта­ваць рэкордную колькасць тра­вяністых кармоў: без малога 40 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву. Для разумен­ня: для паспяховай зімоўкі буйной рагатай жывёлы (каб захаваць пагалоўе і атрымаць пэўную прадуктыўнасць) мінімальна патрабуецца 25.  Нават КСУП «Варняны», дзе бы­лі  праблемы з кармавой базай, пад поўную патрэбу нарыхтавалі сенажу, а сіласу – удвая больш. Памятаю, 3 студзеня 2019 года я прыйшоў працаваць у Астравецкі раён, а травяністыя кармы ў гэтай гаспадарцы скончыліся ў снежні 2018-га.  Лічыцца, каб зімне-стойлавы пе­рыяд быў беспраблемным, варта сфарміраваць так званы пера­ходзячы паўтарагадовы запас. Нас навучыў і мінулы за­суш­лівы неўраджайны год. Сёлета мы падстрахоўваліся – і пасеялі больш кукурузы і кармавых культур. Але надвор’е было максімальна спрыяльным. Атрымалася нарыхтаваць і сенажу, і сіласу з добрым лішкам. Кукуруза апраўдала сваю назву каралевы палёў – парадавала. Да прыкладу, яе ўраджайнасць склала 377 цэнтнераў з гектара. Зазначу, што па гэтым паказчыку ў вобласці нас абышлі толькі Шчучынскі і Смаргонскі раёны. На Астравеччыне, магчыма, не самыя лепшыя землі, але вынік атрымаўся адным з самых годных. У раёне найлепш гэтая культура ўрадзіла на сілас і на зерне ў КСУП «Варняны» – адпаведна 442 і 150 цэнтнераў з гектара.  – Самы час перайсці ад кармавой базы да яе спажывальнікаў. Ведаю, што і ў жывёлагадоўлі доб­рыя паказчыкі. – У цэлым гэты год і для жывё­лагадоўлі склаўся дастаткова нядрэнна. Пэўны плён дала мінулагодняя работа па асе­мя­ненні кароў.  Адпаведна,  сплю­са­валі  па цялятах,  а значыць –  і па малацэ.  Па гэтым паказчыку мы ў лідарах  па вобласці сярод 17-ці раёнаў.  Упершыню ў гісторыі на канец года мы павінны надаіць каля 8-мі тысяч кілаграмаў малака ад каровы. На пачатак лістапада выйшлі з 6 564 кілаграмамі (+755 да ўз­роўню мінулага года).  – Як прасоўваецца будаў­ніцт­ва малочна-таварных комп­лек­саў? І як гэта паўплывае на эканоміку гаспадарак? – Увод у эксплуатацыю МТК «Сакалойці» КСУП «Гервяты» запланаваны на канец гэтага года, а МТК «Дравянікі» КСУП «Гудагай» – на канец 2025-га. Зазначу, што будаўніцтва комплексаў у нашым раёне ажыццяўляецца ў межах даручэння Прэзідэнта цалкам перавесці дойны статак на МТК.  З пункту гледжання эканомікі, рэнтабельнасць малака на комп­лексах дасягае 60% і звыш. Прасцей кажучы, укладзены рубель дае аддачу ў 60 капеек. Па аб’ектыў­­ных прычынах такога не можа быць на лінейных малочна-таварных фермах. Таму і пастаўлена задача перад аграрным сектарам  большасць статка перавесці на аднатыповае круглагадовае ўтрыманне, якое прадугледжана на сучасных комплексах. Па-першае, гэта дазволіць павысіць рэнтабельнасць малочнай вытворчасці ў разы; па-другое, знізіць затраты па многіх пазіцыях. Так званая канцэнтрацыя вытворчасці дае адчувальны эканамічны эфект. Па вялікім рахунку, мы ж займаемся малаком не для самой вытворчасці, а каб атрымліваць прыбытак.  – Каго б вы назвалі чалавекам года ў аграпрамысловым комп­лексе раёна? Гэта можа быць не адна асоба, а цэлы калектыў. – У нас шмат вартых людзей і адзначыць кагосьці аднаго, напэўна, не змагу. Хоць і кажуць, што роля асобы значная ў гісторыі.  Найбольш годна, на мой пог­ляд, спрацавалі бясспрэчны лідар ра­ён­­най сельгас­вытвор­часці КСУП «Гу­дагай» і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», які паступова вы­хо­­дзіць з цяжкага эканамічнага ста­­новішча і рухаецца наперад. Гэта заслуга, як кіраўнікоў, так і ка­лектываў.  – А якая тады будучыня чакае КСУП «Міхалішкі» і «Варняны»? – Станоўчая дынаміка там назі­раецца. Самае галоўнае, што гэтыя прадпрыемствы нарыхта­валі кармоў амаль на дзве зімоўкі наперад. Будзе жывёла накормлена – будзе адпаведна расці і яе прадуктыўнасць. Спадзяюся, што паціху, маленькімі крокамі ўслед за «Падольцамі» падымуцца «Міхалішкі» і «Варняны».   – Што б вы сказалі працаўнікам вёскі?  – За ўсімі дасягненнямі сёлет­няга сельскагаспадарчага года, які­мі можа ганарыцца наш раён, заў­сёды стаяць людзі. З іх ма­лень­кіх перамог і самаадданай працы і атрымаўся такі вынік. Дзя­куй усім за работу! Калегам, ветэранам сельскай гаспадаркі і яе працаўнікам у першую чаргу жадаю здароўя, ладу ў сем’ях, даб­рабыту, а таксама – спрыяльнага надвор’я.  – Дзякуй, Іван Мар’янавіч, за змястоўную і шчырую гутарку. І вас – з надыходзячым святам! Вынікі 2024-га Паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця сельскай гаспадаркі Астравеччыны за 10 месяцаў 49 755 гектараў  – плошча сельгасугоддзяў, 33 372 гектара  – ворыва, 1 420 чалавек  працуе, 1 662,9 рубля  – сярэдняя зарплата, 63 695 тон  – валавы намалот збожжа  (з кукурузай) у першапачаткова апрыходаванай вазе, 40,1 цэнтнераў  з гектара – ураджайнасць у першапачаткова апрыходаванай вазе, 34,1 ц/га  – ураджайнасць рапсу, 486,9 ц/га  – ураджайнасць цукровых буракоў, 267,8 ц/га  – ураджайнасць бульбы, 56,4 цэнтнера  кармавых адзінак нарыхтавана на ўмоўную галаву, 39,9 ц.к.адз.  – травяністых кармоў, 66 583 тон  – валавы надой малака, 6 564 кілаграмаў  – надой ад каровы, 699 грам  – сярэднясутачная прывага буйной рагатай жывёлы, 110 177 тысяча рублёў  – прыбытак,* 8,4 – рэнтабельнасць прадаж.* * дадзеныя за 9 месяцаў Астравецкая праўда