06.08.2021
О себе, пути в сельское хозяйство и жатву рассказывают хлеборобы КСУП "Михалишки"
У жніўні дні ляцяць бы ашалелыя – жніво, як ні як! Камбайнеры, вадзіцелі, аператары зернесушыльных установак і ўвогуле вяскоўцы ў гэты час жывуць і падпарадкоўваюцца яго магутнаму рытму. З надыходам масавай уборкі хлебаробы так уваходзяць у яе смак, што, здаецца, малацілі б збожжа суткамі… Але налётчыкі-дажджы напрыканцы мінулага і на гэтым тыдні крыху астудзілі спрыт жнеяроў: не пускалі ў поле тэхніку. У раённай зводцы КСУП «Міхалішкі» займае апошнія пазіцыі па ўраджайнасці збожжа і тэмпах, тым не менш на жніве тут працуюць адказныя механізатары, якія ведаюць і любяць сваю справу. У адзін з шэрых «плаксівых» дзён мы зазірнулі бадай што на самыя аддаленыя ад райцэнтра механічныя майстэрні – у аграгарадкі Страчанка і Міхалішкі, каб даведацца, чым жывуць і пра што мараць у гэтую пару хлебаробы.
Вадзіцель Іван Зімніцкі больш за 35 гадоў працуе ў сельскай гаспадарцы
Камбайнер
Іван Юшчык:
– Якое па ліку для мяне гэта жніво? Не хопіць пальцаў на руках, каб падлічыць. На «Палессі» дзясяты год убіраю, да гэтага 5 сезонаў на «Лідзе» і 3 гады на «Бізоне» працаваў. Вось і лічыце – атрымліваецца, 18-тае жніво. Штогод па тысячы тон збожжа намалочваю, толькі адзін сезон на гэтым камбайне не дабраў – не хапіла плошчаў. Сёлета, відаць, таксама не атрымаецца – нізкая ўраджайнасць. Яравыя зусім слабенькія, на круг даюць толькі 18 цэнтнераў – за дзень максімум 4 бункеры намалочваю.
У 1995 годзе прыйшоў у калгас «Савецкая Беларусь». Не было тых работ у гаспадарцы, на якіх я не быў бы задзейнічаны: вясной сеяў, летам – жаў, восенню – ізноў сяўба ці культывацыя. Напрыканцы 90-х збожжа таксама было неўраджайным. Часы росквіту СВК «Страча» прыпалі на кіраванне Валерыя Іосіфавіча Руновіча – у сярэдзіне 2000-х гадоў. Калі не памыляюся, валавы намалот у нашай гаспадарцы тады склаў 5 тысяч тон. Да параўнання, летась у КСУП «Міхалішкі» – а гэта 4 аб’яднаныя гаспадаркі – вал быў толькі 6 тысяч. Мой асабісты рэкорд 1 200 тон збожжа, а з кукурузай – пад 2 тысячы набяжыць.
Не ведаю, ці будуць у нас сёлета тысячнікі, хоць ураджай ўбірае толькі 7 камбайнаў. Праязджаючы каля гервяцкіх і гудагайскіх палёў, бачыў, якое збожжа вырасла! Чысценькае, дагледжанае – і хіміі дадзена, і ўгнаенняў.
Два гады ўжо на заслужаным адпачынку, але працую. (Задумваецца.) Не ў тонах шчасце, галоўнае – каб родныя і блізкія былі здаровымі; ну і, канешне, як мага хутчэй убраць з палёў ураджай.
Зернесушыльшчык
Аляксандр Стэльмак:
– Родам я са Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці. На Астравеччыну, у КСУП «Міхалішкі», мяне размеркавалі пасля вучобы ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце. Працую інжынерам-механікам, а сёлета на час жніва прапанавалі паспрабаваць сілы на зернесушыльным комплексе. Думаю: чаму б і не?
З напарнікамі Віктарам Мілашэвічам, Аляксандрам Маляўскім, Дзмітрыем Адашкевічам працуем праз суткі. Дзень на дзень не даводзіцца: найбольш дапрацавалі 120 тон, найменш – каля 60 за змену. Думаю, каля 800-900 тон ужо будзе. Пастаянна кантралюем вільготнасць зерня, якая павінна быць не больш за 14%. Пасля дажджоў, канешне, яго дапрацоўка больш энергазатратная. Галоўнае – каб тэхніка камбайнераў у полі не падводзіла, а хлебаўборачныя машыны ў КСУП «Міхалішкі» даўно не абнаўляліся.
Прэсоўшчык
Яўген Пішчака:
– На Астравеччыну прыехаў за каханай – родам я са Смаргоншчыны. З жонкай пазнаёміліся ў Ашмянскім аграрна-эканамічным каледжы, пасля вучобы вярнуліся на яе радзіму, я пайшоў працаваць у калгас. Як маладой сям’і нам выдзелілі жыллё ў Страчанцы – 10 гадоў прайшло, як Астравеччына стала маёй другой радзімай.
На трактары МТЗ, які працуе ў счэпцы з прэс-падворшчыкам «Кронэ» нямецкай вытворчасці, у рулоны скручваю салому – на прэсаванні чацвёрты сезон. Ні камбайнерам, ні памочнікам ніводнага разу не працаваў – ды, прызнацца, і не цягне. Мне падабаецца мая работа: за дзень у сярэднім накручваю каля 150 «шпулек», бывала, і 250. Колькасць залежыць ад масы саломы, надвор’я.
У іншай сферы сябе не ўяўляю, хоць работа ў сельскай гаспадарцы не абмяжоўваецца графікам «з 8.00 да 17.00», але я прывык – камусьці трэба горад карміць. Сёлета мяне райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу прызнаў лепшым сейбітам на цукровых бураках. Прыемна, што заўважылі і адзначылі.
Лічбы і факты
У КСУП «Міхалішкі» – адзін з найменшых па плошчы ў раёне збожжавы клін. Хлебаробам гаспадаркі сёлета трэба зжаць 2 712 гектараў. На 4 жніўня яны справіліся з гэтай задачай на 22% пры сярэднераённым паказчыку 40% – улічваючы, што апошнія дні тэхніку ў поле не пускалі дажджы.
Як і ў цэлым па раёне, ураджайнасць збожжа сёлета ў гаспадарцы значна меншая, чым летась: на круг хлебаробы намалочваюць каля 18,6 ц, у мінулым годзе – 29. Найлепш сыплецца азімая пшаніца – яе ўраджайнасць складае 26 ц/га. Дарэчы, пад гэтую культуру ў гаспадарцы адведзены найбольшыя плошчы – 727 га. Пад яравую – 400 га. Азімы трыцікале каласіцца на 342 га, з якіх аблачоны 68 га (ураджайнасць 22,1 ц/га). Азімае жыта заняло 150 га, з іх 102 – зжаты (ураджайнасць 23,3 ц/га). Яравы ячмень пасеяны на 635 га (убрана 360, ураджайнасць 15,7 ц/га), а авёс – на 150 га.
Ірына Серакова, загадчык зернесклада
Текст: Алёна Ганулич