Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Островецкий районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
14.06.2022

О сохранении исторической памяти говорили в районной библиотеке

Навуковы форум з удзе­лам супрацоўнікаў інстытутаў мовазнаўства імя Якуба Коласа і літаратуразнаўства імя Янкі Купалы прайшоў  у раённай бібліятэцы . Ініцыятарам правядзення стала яе дырэктар Наталля Ачарэтава. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў мерапрыемства, якое перарасло ў дыялогавую пляцоўку, былі пытанні ўмацавання гістарычнай памяці народа праз захаванне старабеларускай пісьмовай спадчыны і беларускіх народных гаворак. – 2022 год у нашай краіне праходзіць пад знакам Года гістарычнай памяці. Нацыянальная акадэмія навук праводзіць шмат мерапрыемстваў, прымеркаваных да гэтай даты, прычым не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. Мы арганізуем канферэнцыі, семінары, сустрэчы з дзецьмі і дарослымі, – адзначыў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў. – Ваш край – унікальны, у ім захоўваюцца народныя традыцыі і мясцовыя гаворкі. Размешчаны на памежжы Літвы і Беларусі, дзе ёсць элементы польскай, беларускай, рускай і літоўскай культур, ён прывабны і цікавы для навукоўцаў, якія ставяць задачу захаваць традыцыі, што назапашваліся тут на працягу стагоддзяў, для нашчадкаў.  У планах ладзіць такія сустрэчы пастаянна, каб расказаць жыхарам і гасцям рэгіёна пра архітэктуру, культуру і традыцыі, мову, імёны і прозвішчы жыхароў, знакамітых землякоў. Супрацоўнікі інстытутаў падзяліліся з астраўчанамі навуковым досведам па розных тэмах. Абмеркавалі мясцовыя гаворкі, расказалі пра пісьмовыя помнікі і крыніцы 15-16 стагоддзяў, вернутыя да жыцця, пра падрыхтоўку выданняў твораў класікаў беларускай літаратуры. Праца гэта вельмі цяжкая і карпатлівая: даводзіцца працаваць з архівамі, сустракацца са сваякамі пісьменнікаў і вяртаць тыя старонкі творчай лабараторыі аўтараў, якія доўгі час былі недаступныя шырокаму колу карыстальнікаў. Падчас навуковага форуму вельмі слушна прагучала прапанова праводзіць раз у два гады Мальдзісаўскія чытанні. – У жніўні будзе адзначацца 90-годдзе ўраджэнца Астравеччыны Адама Мальдзіса, які ўнёс вялікі ўклад у нашу культуру, захаванне гісторыка-культурнай спадчыны краіны, – адзначыў Ігар Лявонавіч. – Ён быў чалавекам глыбокіх энцыклапедычных ведаў. Пра гэта сведчаць нават творы, якія ён нам пакінуў. Адам Мальдзіс быў камунікабельным чалавекам, кампанейскім, простым у гаворцы, з якім прыемна было сустракацца. Ёсць ініцыятыва арганізаваць Мальдзісаўскія чытанні, у межах якіх сюды прыедуць навукоўцы і падзеляцца вынікамі сваіх даследаванняў пра ваш раён. На Астравеччыну супрацоўнікі інстытутаў літаратуразнаўства і мовазнаўства прывезлі і плён сваёй працы – падрыхтаваныя імі выданні, якія былі цікавы ўсім прысутным. – Інстытут мовазнаўства праводзіць вялікую работу па захаванні беларускай мовы. Асноўны напрамак – вывучэнне яе гісторыі. У 2017 годзе мы завяршылі ўнікальны праект, які рыхтавалі на працягу многіх гадоў, – выданне гістарычнага слоўніка беларускай мовы, у якім адлюстравана старабеларуская мова 14-18 стагоддзяў, якая была дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім, – расказаў Ігар Капылоў. – Вывучаем таксама гаворкі ўсіх рэгіёнаў краіны, сучасны стан мовы, рыхтуем дапаможнікі і слоўнікі для школ і шырокага кола карыстальнікаў, праводзім супастаўляльныя даследаванні беларускай і рус­кай моў, сувязі яе з іншымі славянскімі мовамі. Спадзяюся, што ў нас атрымаецца захаваць наш духоўны скарб. Островецкая правда