Галоўная / Навіны / Навіны раёна
24.08.2026

Погляд прыезджых: што падабаецца ў Астраўцы і чаго не хапае нашаму гораду?

 Сёння ў Астраўцы жыве больш за 15 000 жыхароў (Да слова: да пачатку будаўніцтва атамнай электрастанцыі было амаль удвая менш – крыху больш за 8 тысяч). Ніхто не праводзіў даследаванні (ды і наўрад ці магчыма гэта зрабіць), колькі сярод іх абарыгенаў, карэнных астраўчан, а колькі прыезджых – людзей, якіх размеркаванне, каханне, пошук месца работы ці іншыя жыццёвыя абставіны прывялі ў наш край. Мне ўяўляецца, што не менш за палавіну. 

Напярэдадні дня горада мы сустрэліся з нека­торымі з іх – з тымі, чыё жыццё ў нашым горадзе вымяраецца гадамі і дзесяцігоддзямі, і тымі, хто стаў астраўчанінам не так даўно, і задалі ім пяць пытанняў пра наш горад і іх адносіны да яго.

Пяць пытанняў аб галоўным
  1. Калі і чаму вы з’явіліся ў нашым раён­ным цэнтры? Якімі былі першыя ўра­жанні ад горада?
  2. Ці стаў Астравец за гэтыя час сваім, родным?
  3. Што вам больш за ўсё падабаецца ў нашым горадзе?
  4. Чаго, на вашу думку, яму не хапае?
  5. Якія ў вас любі­мыя месцы, дзе адпачывае і цешыцца душа?

Не родны, але свой

Мікалай Макей, намеснік дырэктара СШ №1 па гаспадарчай рабоце:

1. У Астравец я прыехаў 31 жніўня 1987 года. Пасля заканчэння Валгаградскай вышэйшай следчай школы – сёння гэта Акадэмія МУС Расійскай Федэрацыі – мяне накіравалі ў Гродзенскае ўпраўленне ўнутраных спраў, адтуль – у Астравецкі РАУС. Памятаю, у аддзеле кадраў спыталі: «Ты хоць ведаеш, дзе знаходзіцца Астравец?» «Вядома! – адказаў з упэўненасцю. – На шчучынскім скрыжаванні трэба павярнуць налева, праехаць кіламетраў 20 – і на месцы».

«Хлопчык, ты гаворыш пра Астрыно. Астравец вось тут», – невысокі маёр Пятроў ледзь дацягнуўся ўказкай да самай паўночнай кропкі на карце Гродзенскай вобласці.

Самае першае ўражанне? Аўтобусны прыпынак у Гудагаі. Практычна за мяжой пасёлка, у лесе… Ноч, цемра. Мне 26 гадоў, малады, дужы – не баяўся. Але ўявіў, як тут «весела» чакаць аўтобус якой-небудзь маладой дзяўчыне…

Астравец нічым асаблівым не ўразіў: ён быў такой жа вялікай вёскай, як і мая родная Зэльва, Карэлічы, Іўе і іншыя невялікія райцэнтры. Адзінае: аддзел міліцыі ў Зэльве знаходзіўся ў вялікім прасторным будынку, а ў Астраўцы – у вясковай хаце.

Лесапарк – хутчэй лес, чым парк, не сказаць, каб джунглі, але мала без чаго. Стадыён – на ускрайку поля будка, якая служыла і раздзявалкай для спартсменаў, і офісам для адміністрацыі. Цір – звычайная канава, дзе міліцыянеры стралялі з табельнай зброі. Пад вокнамі дамоў – кучы будаўнічага смецця: цэгла, рэшткі пліт, металу – усё гэта зарасло пустазеллем, і там гуляюць дзеці. Можна толькі здзіўляцца, як ніхто не забіўся і не пакалечыўся. 

2. Не скажу, што Астравец стаў родным, але сваім – адназначна.

Была ў мяне спроба пераехаць у Гродна. У 1990 годзе забралі, як кажуць, на павышэнне. Але не атрымалася… Захварэў, тры месяцы лячыўся. Кіраўніцтва сказала: мы цябе бралі, каб працаваў, па камандзіроўках ездзіў, а хворы ты нам не патрэбен. Вярнуўся назад – добра, што сям’я яшчэ не сарвалася з месца. Тагачасны начальнік РАУС Іван Малец узяў на ранейшую пасаду, нават кабінет той жа застаўся, нібы чакаў мяне. З жонкай – Марына таксама зэльвенская – часам разважаем: калі б сёння давялося пераехаць у родны горад, то, напэўна, прывыкалі б нашмат даўжэй, і яшчэ пытанне, ці прывыклі б. У Зэльве засталіся бацькоўскія дамы – і мой, і жончын. Мы перыядычна там бываем. Але туды едзем у госці, а сюды – дамоў. Гэтае адчуванне прыйшло не адразу, доўгі час было наадварот. 

3. Сённяшні Астравец з гарадскім пасёлкам, куды я прыехаў 39 гадоў таму, не параўнаць. Вядома, быў іншы час, іншыя магчымасці, у тым ліку і фінансавыя, але пераўтварэнне з вялікай вёскі ў сучасны горад пачалося ў гады, калі старшынёй райвыканкама з’яўляўся Адам Дзмітрыевіч Кавалька. Першы значны крок быў зроблены ў 2008 годзе пры падрыхтоўцы да святкавання 540-годдзя Астраўца. І потым кожны з кіраўнікоў раёна ўносіў сваю лепту ў добраўпарадкаванне горада.

Падабаецца мне вельмі многае. Найперш тое, як цяпер ідзе будаўніцтва: спачатку пракладваюць камунікацыі, робяць пад’язныя шляхі, нават тратуары – і толькі потым узводзяць дом. Мы ж памятаем, як будаваліся нашы шматпавярхоўкі: у двары мог праехаць толькі трактар, а прайсці – толькі ў гумовых ботах. 

Падабаецца вуліца Вала­дарскага ад кальца, дзе нядаўна ўстанавілі флаг­шток з дзяржаўным сцягам – цудоўная, дарэчы, ідэя, вельмі прыгожа, знакава – у бок Бялькішак. Такой вуліцай з прыгожымі дамамі, вела- і пешаходнымі дарожкамі далёка не кожны раённы цэнтр можа пахваліцца.

Люблю хадзіць у «Гіпа», хоць і дарагаваты гэты магазін. А за булкамі – у «Санту». Цудоўна, калі ёсць такі выбар. 

Радуе, што ўнукі могуць пайсці хоць на плаванне, хоць на каток – у нашых дзяцей такой магчымасці не было.

Падабаецца новы сучасны аўтавакзал. Будынак суда, на мой погляд, лепшы ў рэспубліцы. Больш сціплы, але таксама вельмі дастойны будынак дэпартамента «Ахова». 

Ды амаль увесь сённяшні Астравец падабаецца!

4. З таго нямногага, што не падабаецца, – вуліца Ленінская ад былога аўтаваказала да будынка пракуратуры: у вокны дамоў цэнтральнай вуліцы можа праходзячы нагой пастукаць. Спадзяюся, што і да яе некалі рукі дойдуць.

Не хапае нашаму гораду прамысловых магазінаў. Засмучае, што няма ніякай прамысловасці. Завод «Радыёдэталь» у разлік можна не браць. 

5. Асабліва любімых месцаў няма. Падабаецца тэрыторыя каля «Імпульса» – у нас з жонкай ужо выпрацаваўся спецыяльны маршрут штовячэрняга праменаду. Любім з унукамі выйсці ў гарадскі сквер, асабліва калі там ладзяцца нейкія мерапрыемствы. Зімой там можна нават рукі пагрэць, калі змерз – прыемна.

Бадай што наша з жонкай любімае месца – першая (для нас – ва ўсіх сэнсах) школа. Марына працавала тут усё жыццё: сюды прыехала пасля заканчэння ўніверсітэта і адсюль пайшла на пенсію. Яе заканчвалі нашы дочкі. І я апошнія 9 гадоў загадваў тут гаспадарчай часткай. Так, першая астравецкая школа будавалася, можна сказаць, гаспадарчым спосабам – і гэта бачна няўзброеным вокам. Але за апошнія гады яна таксама моцна пераўтварылася, як і ўсё ў Астраўцы, – і гэта радуе.

Прыязджайце вы да нас!

Дар’я Сыраватка, урач агульнай практыкі Астравецкай ЦРКБ:

1. У Астравец я прыехала ў 2020 годзе пасля заканчэння Гродзенскага медуніверсітэта. 

Першыя ўражанні? Яшчэ як толькі ўязджалі ў го­рад, кінуўся ў вочы гандлёвы цэнтр ZAMI і магазін «Гіпа». А потым – будынак паліклінікі з выкладзенымі чырвонай цэглай камуністычнымі лозунгамі «Слава КПСС» ці нешта падобнае. Напачатку падумала, што гэта інтэрнат. А потым аказалася – першае месца маёй работы. Праўда, у яго былі шансы стаць і месцам жыхарства: мне прапанавалі нейкі час пажыць у адной з палат былой бальніцы. Як варыянт – ложка-месца ў інтэрнаце для сярэдняга медыцынскага персаналу. Я выбрала апошняе.

У інтэрнаце было весела! Там, дарэчы, я пазнаё­мілася з будучым мужам, рэнтгенлабарантам Яўгенам Сыраваткам. Адносіны нашы развіваліся імкліва і праз паўгода мы пажаніліся. Нам выдзелілі арэндную двухпакаёўку. Нарадзілася дачушка Саша, тры гады я знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку. Цяпер зноў на прыёме.

2. Хоць часу з таго моманту, як я стала астраў­чанкай, прайшло не так і шмат –  адчуваю сябе сваёй у гэтым горадзе. Мне тут падабаецца! Я родам з аграгарадка Любча Навагрудскага раёна. З-за таго ці не, толькі не люблю вялікія гарады: кожная паездка ў Мінск для мяне – выпрабаванне! Але і на радзіму вяртацца не хацела. Мне здаецца, не самае лепшае рашэнне – пачынаць самастойны працоўны шлях, дзе цябе ўсе ведаюць. Хацелася пісаць працоўную біяграфія з чыстага аркуша.

Верыце ці не, але цяпер дахаты не вельмі ахвотна езджу. Кажу родзічам і сябрам: лепш вы да нас прыязджайце! І яны з радасцю прымаюць запрашэнне. Астравец усім падабаецца!

3. Ды ўсё мне, у прынцыпе, задавальняе – работа, жыллё, дзіцячы садок, куды ходзіць Аляксандра. Тое, што таксі прыязджае, не паспееш выклікаць. (Усміхаецца)

Асабліва падабаюцца людзі. Яны тут надзвычай прыветлівыя, добразычлівыя. Пачынала працаваць я падчас пандэміі, калі ўсе хадзілі ў масках – тады сам сябе не пазнаваў, не тое што каго іншага. Потым дэкрэт – дома сядзела. А выйшла на работу – на вуліцы, у магазіне ўсе вітаюцца, усміхаюцца. Неяк едзе аўтобус, я іду па тратуары – бачу, як праз акно незнаёмы чалавек мне рукой махае. Прыемна! 

4. Адзінае, чаго, на мой погляд, не хапае Астраўцу, – гэта магазіна прамысловых тавараў. За адзеннем і абуткам трэба ехаць у буйныя цэнтры: Мінск, Маладзечна. А я ўжо казала, што не люблю мітусні вялікіх гарадоў. 

Яшчэ мне як маці малой дачушкі, хацелася б, каб у нашым горадзе з’явіўся нейкі забаўляльны цэнтр, дзе для дзяцей былі б розныя актыўнасці і цікавосткі.

5. У дачушкі любімыя мясціны – усе, дзе можна пабегаць і паскакаць, яна ў нас вельмі жвавая, актыўная. Самая блізкая – дзіцячая пляцоўка ў нашым двары, дзе яна гатова дняваць і начаваць.

Любім пагуляць усе разам па востраве кахання – там ціха, спакойна, прыгожа. Пакарміць у лесапарку качак і лебедзяў. 

Словам, усё мне тут падабаецца. І мужу таксама. Мяняць месца жыхарства мы не збіраемся, прынамсі, пакуль. Ад дабра дабра не шукаюць.

Тут збываюцца мары!

Валерыя Вольская, старшы інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС:

1. У Астравец прыехала ў 2017 годзе ўслед за мужам, які стаў працаваць на Беларускай АЭС. Я таксама нейкі час была занята ў адной з расійскіх фірм. А потым прыйшла ў міліцыю. Служба ў праваахоўных органах была маёй марай дзяцінства, але мне здавалася, што дзяўчыне вельмі складана ўладкавацца туды. У Астраўцы ўсё атрымалася. Спачатку замяняла дэкрэтны адпачынак, а калі часовая служба закончылася, мне прапанавалі пастаяннае месца.

Астравец я палюбіла, можна сказаць, з першага погляду. Спадабалася, што горад прасторны, прыгожы, акуратны: газоны пастрыжаны, кветкі буяюць… 

З другога і наступных поглядаў адзначыла, як імкліва ён расце і развіваецца. Калі мы прыехалі і пасяліліся на Кветкавай вуліцы – гэта насупраць «Санты», хоць яе адкрылі пазней, – то за прадуктамі хадзіла ў цэнтр, бліжэй нічога не было. А цяпер усё ў крокавай даступнасці!

2. Так сталася, што за свае няпоўныя 30 гадоў мне давялося змяніць некалькі месцаў жыхарства. Нарадзілася і першыя гады пражыла ў Пінску. Затым былі Орша, Віцебск, Драгічын… Нядаўна злавіла сябе на думцы, што ў Астраўцы затрымалася найдаўжэй. Дзевяць гадоў – гэта тэрмін, нідзе так столькі не жыла.

Ці стане гэты горад маім назаўжды? Цяжка загадваць далёка наперад – жыццё непрадказальнае. Пакуль што мне не хочацца нічога мяняць.

3. У Астраўцы мне больш за ўсё падабаюцца людзі – добрыя, спагадлівыя, гатовыя раздзяліць з табой і гора, і радасць. 

Тут усё побач. Некаторым здаецца, што ад майго дома да месца работы – РАУС – вельмі далёка, а насамрэч – толькі 25 хвілін хуткім крокам. Гэта не Мінск, дзе трэба з аднаго канца горада дабірацца ў другі на розных відах транспарту з трыма перасадкамі!

Для заняткаў спортам у нашым горадзе створаны ўсе ўмовы. Фізкультурна-аздараўленчы комп­лекс знаходзіцца праз дарогу ад нашага дома, рэгулярна бегаю туды ў спартыўную залу і басейн.

А яшчэ Астравец збывае мары! І я маю на ўвазе не толькі сваю работу. Я марыла іграць на сцэне – і мяне запрасілі ў народны тэатр на галоўную ролю у спектакль «Каханне і мухаморы». Цудоўна!

4. Няма таго, што не падабалася б ці чаго б не хапала! Прыгожы спакойны горад. Збіраюся купіць аўтамабіль – думаю, тут найлепш напрацоўваць практыку ваджэння.

Для паўсядзённага жыцця ў Аст­раўцы, як па мне, ёсць усё! А калі некаму нечага не хапае, то можна выехаць у сталіцу ці куды далей і пашукаць там відовішчаў ці вострых адчуванняў.

5. Калі прыязджаюць родзічы і сябры, абавязкова вязём іх у Гервяты – усе ў захапленні ад нашага беларускага Нотр-Дама. Любім пагуляць на востраве кахання, пакарміць лебедзяў.

Зрэшты, увесь Астравец – любімае месца! Тут можна бясконца блукаць па вуліцах – і атрымліваць асалоду.

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик, из архива героев