Ці трэба казаць, што прозвішча аўтара ў гледачоў, дарэчы, не толькі астравецкіх, даўно атаясамліваецца са знакам якасці ў драматургіі. Пра гэта сведчаць аншлагі на мінулых пастаноўках (а іх, нагадаю, было тры), іх паўторныя шматлікія паказы і за некалькі тыдняў ужо забраніраваныя ўсе білеты на новы спектакль.
Калі мы прыходзім на прэм’еру, то бачым ужо гатовы прадукт. Між тым паміж нараджэннем п’есы і яе пастаноўкай на сцэне звычайна праходзіць некалькі этапаў. Паколькі я працую з Нінай Аляксееўнай і не першы раз назіраю за працэсам, магу вылучыць наступныя стадыі: “Ура! Дзяўчаткі, я напісала п’есу”, “Хвалююся! Сёння – першая рэпетыцыя”, “Усё ідзе па плану і быццам бы нядрэнна”, “Прэм’ера праз пару тыдняў, а мы не паспяваем” і самая цікавая, звычайна за некалькі дзён да паказу “Шэф, усё прапала! Ад ганьбы нас нішто не выратуе”. У выніку – поўная глядацкая зала, шквал апладысментаў у фінале, кветкі і віншаванні і аб’яўленне даты наступнага паказу, бо для ўсіх жадаючых проста не хапіла білетаў.


Так было і на гэты раз. Асабіста для мяне ўнікальнасць народнага тэатра заключаецца ў тым, што тут зусім па-новаму раскрываюцца людзі, якіх мы прывыклі бачыць у штодзённым жыцці. У гэтым плане “Каханне і мухаморы” асабліва парадавала, бо амаль усе выканаўцы роляў аказаліся знаёмымі незнаёмцамі. Напрыклад, Валерыю Вольскую я ведаю як добрасумленнага, часам строгага супрацоўніка міліцыі, якая з лёгкасцю паставіць на месца любога правапарушальніка. А на сцэне яна пераўвасобілася ў рамантычную дзяўчыну, здольную дзеля самага роднага чалавека, маці, пайсці на злачынства. Дзмітрыя Самсона неаднойчы бачыла ў якасці вядучага і ён цалкам адпавядае сферы культуры і мастацтва, у якой працуе. А ў п’есе мужчына – сапраўдны ўчастковы інспектар, які жыве не толькі па напісаных кодэксах, але ў першую чаргу па чалавечых прынцыпах. Лёгкі на пад’ём актывіст Антон Юркойць прадстаў у якасці рашучага юнака, здольнага дзеля каханай ахвяраваць светлай будучыняй і прафесіяй следчага. Вольга Лябецкая – адзіная, хто іграў у народным тэатры ва ўсіх папярэдніх спектаклях, зноў не расчаравала, а ўразіла шчырасцю, натуральнасцю і поўным растварэннем у вобразе. І, нарэшце, хто на Астравеччыне не ведае лідара раённай меліярацыі, аматара інтэлектуальных гульняў, назаўсёды адданага футболу Вадзіма Вянгроўскага? А вось хатняга тырана, пьянчугу і былога крымінальнага аўтарытэта ў яго адмысловым выкананні гледачы ўбачылі ўпершыню. Гэта было без перабольшвання геніяльна!






Можна доўга апісваць цудоўную гульню акцёраў, але варта разумець, што добры вынік залежыць не толькі ад іх харызмы, але і ад стараннай карпатлівай работы рэжысёра. Цеміра Ісаенка – новае прозвішча ў народным тэатры. І, мяркуючы па ўдалым дэбюце, які натхняе ствараць і працаваць яшчэ і яшчэ, спадзяюся, мы пачуем яго неаднойчы.
Можна доўга расказваць пра п’есу, тым больш што яна створана па апавяданні “Вера”, напісанага на аснове рэальных падзей. І тлумачыць, якое там каханне і пры чым мухаморы… Аднак даўно і не намі прыдуманы надзвычай мудры выраз: лепш адзін раз убачыць, чым сто – пачуць. Таму раю ўсім скарыстацца магчымасцю і схадзіць на спектакль. Эмоцыі і ўражанні вам забяспечаны. Дарэчы, паўторны паказ не за гарамі – сачыце за афішай.


