Галоўная / Навіны / Навіны раёна
05.01.2026

Трынаццаць падапечных у сацыяльнага работніка Святланы Язерскай

 – і кожнаму яна аддае часцінку сваёй душы.

Сацыяльным работнікам Святлана Язерская, па яе прызнанні, стала выпадкова.


– Я мясцовая, з Рымдзюн, – расказвае жанчына пра сваё, з яе кропкі гледжання, нічым не адметнае жыццё. –Тут нарадзілася, вырасла і цяпер жыву ў бацькоўскай хаце. Замуж выйшла за астравецкага хлопца. Дзяцей доўга не было. Дыягназ “бясплоддзе” быў запісаны на маёй медыцынскай картцы чырвонымі чарніламі. А я той запіс ануліравала: праз 7 гадоў Бог даў нам з мужам сыночка. Я і назвала яго Багданам. А праз чатыры гады і дачушка нарадзілася, Даша. Працавала ў калгасе, потым санітаркай на ФАПе.

 

…У вёсцы ўсе ўсіх ведаюць, усе ўсё бачаць. Неяк звярнулі ўвагу, што 80-гадовая адзінокая бабуля ходзіць узімку па вуліцы распранутая, загаворваецца – відавочныя прыкметы старэчай дэменцыі. Дачка яе памерла маладой, сын у Вільнюсе жыве, прыязджае рэдка. Забілі трывогу, патэлефанавалі ў сацыяльныя службы. Тыя сталі шукаць сацыяльнага работніка.

– Ну хіба што мая Света пагодзіцца, – развяла рукамі загадчык ФАПа Ірына Атмініс, калі да яе звярнуліся за парадай.

 

Жанчына моцна сумнявалася: ці справіцца? Двое дзяцей, Дашы толькі тры гадкі. Але ў вёсцы выбар работ невялікі. Ды і мама, з якой жылі ў адной хаце, абяцала дапамагчы, паглядзець малую, калі што. І яна пагадзілася…

Было гэта ў “ковідным” 2021 годзе. Потым неаднойчы дакарала сябе за тое рашэнне. Хоць і разумела, што інакш не змагла б…

Шасцёра з сямі падапечных, якіх за ёй замацавалі, не дастаўлялі вялікіх клопатаў. Што за бяда – хату прабраць, у краму схадзіць, дроў ці вады прынесці? Для вясковай жанчыны справа прывычная.

Але сёмая… Тая самая бабуля з дэменцыяй, Леанарда Блажка… Да яе немагчыма было зайсці два ці тры разы на тыдзень, як патрабавалі службовыя абавязкі. Жанчыне трэба было не проста зварыць есці, але пракантраляваць, каб яна паела. Ды яшчэ і ўгаварыць, калі адмаўлялася, пытаючы, ці паелі мама з татам. “Паелі, пайшлі абыходзіцца, гэта табе пакінулі, – размаўляла з падапечнай на яе мове Святлана – і тады жанчына снедала ці вячэрала.

А праз паўгода Леанарда Міхайлаўна зламала шыйку сцягна і злегла. Такія пацыенты – не кампетэнцыя сацыяльных работнікаў. Калі няма родных, ім патрэбна сядзелка ці спецыяльная ўстанова. Святлана разумела: там бабуля з яе дыягназамі доўга не працягне.

Здавалася б, табе якая розніца? Яна ж табе ніхто, у цябе свая сям’я… Але да таго часу Леанарда Блажка была для яе ўжо “хто”. Душа за яе балела…

– Мне здаецца, мама нават крыху раўнавала мяне да маіх падапечных, крыўдзілася, што я кідаю яе і дачку і бягу да іх у любы час, – уздыхае Святлана. – І я адчуваю сябе вінаватай: імкнучыся аблегчыць жыццё чужым матулям, не заўважыла праблем са здароўем у сваёй. Калі кінуліся па дактарах, было ўжо позна: рак 4-й стадыі. Згарэла, як свечка… Але, калі б усё вярнуць, то, напэўна, я зноў не змагла б нікога пакінуць…

 

Леанарда Міхайлаўна рэдка называла яе Светай, хоць і ведала з дзяцінства. Найчасцей – Марыяй. “Гэта Марыйка, мне яе Бог паслаў,” – гаварыла, калі хто заходзіў у хату.

Два гады даглядала Святлана Язерская бездапаможную Леанарду Блажку. А калі яе не стала, упала ў дэпрэсію. Нават хацела кінуць работу: адчувала маральную і фізічную знясіленасць, уласную бездапаможнасць.

– Ведаеце, што самае цяжкае ў нашай справе? – гаворыць Святлана Уладзіміраўна і адказвае на сваё пытанне. – Ты прывыкаеш да іх, яны становяцца блізкімі, амаль роднымі. Але час няўмольны, і аднойчы трэба развітвацца назаўжды… Я ўжо сямёра праводзіла ў апошні шлях… І з кожным пахаваннем нібы часцінка душы адрываецца…

 

Але яна не можа дазволіць сабе быць слабай: на яе спадзяюцца, разлічваюць, яна для сваіх падапечных – святло ў акенцы.

– Дай Бог табе здароўя, каб ты нас усіх дагледзела, – такія словы Святлане даводзіцца чуць часта.

 

Але і падапечныя за яе шчыра перажываюць.

– Мае бабулькі і дзядулькі вельмі мяне падтрымалі, калі не стала мамы, – гаворыць Святлана. – А калі сама захварэла і трапіла ў бальніцу, тэлефанавалі ўсе і штодня. Часам падтрымкі было аж зашмат.

 

Сёння ў яе 12 падапечных: 9 у Рымдзюнах і трое – у Гірах, куды сацыяльны работнік ездзіць на веласіпедзе. Зімой падвозіць муж ці шукае якую іншую аказію. Самай старэйшай, Алене Бублевіч, – 87 гадоў. Ёсць і яшчэ жадаючыя трапіць у яе клапатлівыя рукі, ды заканадаўства больш не дазваляе, і без таго Святлана Язерская працуе амаль на паўтары стаўкі.

– Я даглядаю за імі так, як хацела б, каб калі прыйдзе час, даглядалі мяне, – прызнаецца Святлана.

 

Дай Бог, каб гэты час прыйшоў як мага пазней!

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик