
У кастрычніку 2010 года адкрыта экспазіцыя “Дом Казіміра Сваяка” – Астравецкага гісторыка-этнаграфічнага музея ў вёсцы Барані.
Сабраныя экспанаты характэрны для беларускай вёскі першай паловы ХХ стагоддзя, большасць з іх маюць непасрэднае дачыненне да жыцця і дзейнасці Канстанціна Стаповіча і яго сям’і.
Ложак, засцелены “перабіраным” дываном з бялюткімі, як снег, карункамі ўнізе,стол, накрыты саматканым абрусам, са свечкай і крыжыкам на ім-нібы тут нехта толькі што маліўся. Абразы на сценах. Перавыдадзеныя экзэмпляры кніг “Мая ліра”, “Голас душы”, “Дзея маёй мыслі…”, копіі дакументаў і фатаграфій Казіміра Сваяка, яго сям’і, сяброў. Верхняе адзенне рымска-каталіцкага духавенства (арнат), падараваны музею Камайскім ксяндзом, магчыма, менавіта ў гэтым арнаце, які датуецца канцом ХІХ – пачаткам ХХ ст., вёў службу ксёндз К.Сваяк, бо на той час адзенне ксяндза даставалася па спадчыне ад папярэдняга пастыра, імшал (малітоўнік), надрукаваны ў Рыме ў 1905годзе, па якім праводзіўся пахавальны абрад у Камайскім касцёле. Кніга “Казімір Сваяк”.

А вакол дома-сядзібы Стаповічаў нешматлікія, але па-гаспадарску дагледжаныя вясковыя хаты з мноствам кветак у палісадніках. На іх фоне па-багатырску велічна глядзяцца падпіраючыя неба сосны навакольнага лесу. Побач - Баранскае возера, адно з ланцужка “Сарачанскія азёры”, дзе можна палавіць рыбку, пакупацца, палюбавацца воднымі лілеямі і вадаплаўнымі птушкамі, адпачыць душой і целам.
Запрашаем усіх, хто цікавіцца гісторыяй Радзімы, жыццём і творчасцю яе таленавітых сыноў, прыгажосцю прыроды, хто любіць сваю Бацькаўшчыну і цэніць яе духоўныя, прыродныя і матэрыяльныя багацці, наведаць экспазіцыю “Дом Казіміра Сваяка” ў в. Барані Астравецкага раёна, а, магчыма, і папоўніць яе цікавымі экспанатамі.
Час працы экспазіцыі музея “Дом Казіміра Сваяка” у вёсцы Барані:
Аўторак – нядзеля: 10.00 – 19.00, перапынак на абед 14.00 – 15.00.
Выхадныя: панядзелак.
Наведванне і экскурсійнае абслугоўванне праводзяцца па абавязковым папярэднім запісу па тэлефонах: (801591) 70-1-54; 73-6-86.
Адміністрацыя музея ў г. Астравец – пр-т Энергетыкаў, 2.
Дырэктар музея: Вайцяховіч Марыя Анатольеўна
Тэлефон: (801591) 70-1-54; 73-6-86
Час працы адміністрацыі: 8.00 –
17.00, перапынак на абед 13.00
– 14.00.
Выхадныя: субота і нядзеля.
email: museum@ostrovkult.by
|
|
|
|
|
|