Главная / Новости / Новости района
18.01.2023

Герои Великой Отечественной: Андрей Казак, красноармеец из Гозы

Кожны год напярэ­дадні Дня Перамогі муж з жонкай Казакі сустракаюць ля помніка загінулым землякам у роднай вёсцы ўдзельнікаў аўтапрабегу, ушаноў­ваючы разам з імі памяць тых, хто не вярнуўся з вайны. 
І абавязкова нясуць з сабой кветкі. Не маючы магчымасці пакласці іх на магілу бацькі, яны схіляюць галовы перад мемарыяльнай дошкай, дзе высечана прозвішча роднага чалавека. Менавіта так адбываецца іх спатканне са сваім Героем Вялікай Перамогі.

Імя Андрэя Міхайлавіча Казака – адно з 19-ці, занесеных на мемарыяльную пліту помніка ў в. Газе. 

– Гэта землякі, якія не прыйшлі з Вялікай Айчыннай вайны: былі забіты альбо прапалі без вестак, – удакладняе жыхар вёскі Іосіф Казак. – Мой татка таксама не вярнуўся…
– Бацька тутэйшы, нарадзіўся ў 1905 годзе ў в. Газе Шульніцкага сельсавета Астравецкага раёна Вілейскай вобласці. Сям’я ў іх была вялікая: 5 дачок і 3 сыны, – працягвае сын ветэрана. – А маці з Каценавічаў – яны пазнаёміліся на фэсце ў Міхалішках. Пасля вяселля сталі жыць асобна ад бацькоў – сваю хату набылі. Зямлі мелі чвэрць валокі, жывёлу трымалі: свіней, карову, каня. Гаспадаром татка быў добрым: спрытным, працавітым і нас да гэтага прывучаў. 

IMG_7471.jpg

А пасля пачалася вайна. Андрэю Міхайлавічу прыйшла павестка ў 1944-м.
– У войска яго прызвалі пасля вызвалення Беларусі – у верасні. Мне шэсць тады было, а брат на год меншы, – расказвае Іосіф Міхайлавіч. – Дзень, калі тата ішоў на фронт, помню няясна, як у тумане гэта адбывалася. Мы з братам не разумелі, што бацька можа загінуць, нават думкі не мільгала, што з ім нешта страшнае здарыцца. Шмат хто з нашай вёскі тады ішоў, і гэта ўспрымалася спакойна: паваюе – і вернецца. 
– Свякроў, Яніна Францаўна, мне расказвала пра той дзень, – далучаецца да размовы жонка Іосіфа. – Стаяла яна з сынамі ў пакоі ля стала, а бацька [Андрэй], выходзячы з хаты, спыніўся і пачаў даваць наказы… Дзяцей прасіў, каб маці слухалі, а жонку – каб памятала, што гадуе хлопцаў, мужчын значыць, таму трэба трымаць у яжовых рукавіцах: дысцыпліна каб была, каб не бадзяліся нідзе, свавольстваў не дазвалялі, дапамагалі ва ўсім.
Праводзілі жонка і сыны, як аказалася, Андрэя Казака назаўсёды.
– Тата служыў у Чырвонай арміі – быў стралком 132-га стралковага палка 27-й стралковай дывізіі. Прызываў яго Астравецкі ваенкамат, збіралі байцоў у райцэнтры. Провадаў не спраўлялі – не да таго было, кожная хата са сваім салдатам развітвалася. Мужчыны селі на падводы – і ў Астравец, – удакладняе Іосіф. – Лісты бацька з вайны прысылаў, маці расказвала, пісаў, што кармілі добра. А вось пра баі ды жыццё салдат – ні слова. 
Спярша Андрэй Міхайлавіч Казак трапіў у Волагду, прайшоў там паскоранае навучанне – і быў накіраваны ў Польшчу. 
– На хутары, што некалі быў непадалёк Газы, жыў чалавек. Ён ваяваў у роце сувязі і сустрэўся з нашым бацькам, – прыгадвае расповед свекрыві нявестка ветэрана. – Расказваў, што бачыў яго перад смерцю. У той вечар было наступленне. Быў бой, і бацька мужавы дыскі нёс да кулямёта, а хутаранін яму кажа: «Кідай, Андрэй, гэтыя дыскі ды пойдзем з намі». Гэта да сувязістаў, значыць. Бацька ў адказ: «Не, хлопцы, не магу – мяне там, ля зброі, чакаюць!» 
А ноччу Казака не стала. Андрэй Міхайлавіч загінуў 2 красавіка 1945 года. Даведаліся пра гэта на радзіме праз 20 дзён. Яніну Францаўну ра­зам з іншымі ўдовамі франтавікоў выклікалі ў Астравец, у ваенкамат.

IMG_7467.jpg

– Пасадзілі жанчын за стол і абвясцілі, што мужы іх загінулі… Мама знепрытомнела, – расказвае Іосіф Андрэевіч. – Па страце карміль­ца потым плацілі грошы –  кніжачка спецыяльная ў нас была. Хоць маці і разумела, што бацькі няма, яго не вернеш, але хацела сабраць хоць нейкія звесткі пра яго нядоўгае баявое жыццё, апошнія дні – усё шукала людзей, якія бачыліся з ім на вайне… 
Замуж удава франтавіка больш не выйшла. Сваталіся да яе неаднойчы, а яна адмаўляла, рашыла: калі лёс такі напаткаў, значыць, дзяцей гадаваць будзе адна.
– Свякроў не ведала, дзе пахаваны яе Андрэй. Я ўжо замужам за Іосіфам была, як мы пачалі гэта высвятляць, – прыгадвае Ніна Казак. – Паехалі ў ваенкамат, там нам паказалі патрапаную, прапаленую даведку аб смерці – копія ў нас ёсць. Пазней у райвыканкаме падказалі, што можна адправіць запыт пра нашага бацьку ў Маскву ў Чырвоны Крыж – так і зрабілі. Не спадзяваліся, праўда, што з гэтага штосьці атрымаецца, – столькі людзей палягло на той вайне, дзе ж пра ўсіх звесткі будуць. Аднак адказ прыйшоў, што ляжыць наш Андрэй Міхайлавіч Казак у брацкай магіле ў Польшчы на ўскраіне г. Гдыня, пасёлак Янава. 

IMG_7468.jpg

– Нялёгка нам жылося без бацькі. І зямлю апрацоўваць, і за гаспадаркай глядзець – усё баба (маці. – Заўв. аўт.) ды дзеці, – прыпамінае сын ветэрана. – Добра, конь быў. Дык сусед за тое, што яму каня дадзім заараць зямлю, і нашу апрацоўваў. Дзед з бабуляй па матчынай лініі дапамагалі. Яны добра жылі, валоку зямлі трымалі, мелі работніка – часам адпраўлялі таго чалавека да нас працаваць. Мы з братам хутка пасталелі: і касіць, і баранаваць навучыліся, араць толькі спачатку цяжка было – моцы не хапала. А як пачалі калгасы арганізоўваць, пайшлі туды. Толькі, здавалася, да лепшага стала ісці, жыццё наладжвалася, як праз 10 гадоў пасля татавай смерці ў сям’ю яшчэ адна бяда прыйшла: згарэла хата, усе гаспадарчыя прыбудовы, жывёла, толькі карова засталася… Давялося мыкацца па радні, пакуль дзядзька не дапамог купіць у Баравых невялічкую лазенку, якую перавезлі на папялішча, – так у нас з’явілася хатка. Яна і цяпер стаіць, на ёй – пяцікутная зорачка…
Сын з нявесткай Яніны Францаўны Казак гавораць, што пра ўдаву франтавіка не забывалі: кожнае 9 Мая яна атрым­лівала віншаванне-трохкутнічак ад Аляксандра Лукашэнкі, падарункі, прадуктовыя наборы.
– Калі маці занемагла, мы яе да сябе забралі, даглядалі да апошняга дня, – кажа Іосіф Андрэевіч і з сумам дадае: – На жаль, у нас не захавалася ні бацькавых лістоў з вайны, ні яго фотакартак – згарэлі падчас пажару. Толькі і засталіся ў памяці нешматлікія расповеды мамы ды два дакументы пра яго пагібель… 

Островецкая правда