Главная / Новости / Новости района
12.10.2020

Как изменился Дом культуры в Ольховке


Яшчэ пяць гадоў назад на гэты двухпавярховы будынак  у Альхоўцы немагчыма было глядзець без жалю: дзіркі ў сценах, шчыліны ў вокнах, напаўразбураны дах. Аднак на працягу ўжо трох гадоў жыхары вёскі назіраюць яго паступовае адраджэнне і не могуць налюбавацца – іх Дом культуры прыгажэе на вачах. І значыць, хутка культурнае жыццё ў іх мясцовасці завіруе з новай сілай. 


Варта адзначыць, што ў якім бы стане не знаходзіўся будынак, праца яго работнікаў ні на дзень не спынялася – тут рэгулярна ладзіліся канцэрты і праходзілі разнастайныя мерапрыемствы. Чаго гэта каштавала, ведаюць толькі іх арганізатары. З кожным годам станавілася ўсё больш відавочным, што Альхоўскаму дому культуры тэрмінова патрэбен рамонт.

– Гэтаму будынку больш за 40 гадоў, – расказвае рэжысёр аддзела культуры і вольнага часу Ганна Уласік. – Калі не лічыць чыста касметычнага фарбавання, яго ні разу за гэты час не рамантавалі. Спачатку будынак знаходзіўся на балансе кардоннай фабрыкі, і толькі ў канцы 90-х гадоў было вырашана перадаць яго тады яшчэ аддзелу культуры райвыканкама. Не ведаю, у чым была справа, але працэс зацягнуўся. Час ішоў і з кожным годам наш Дом культуры выглядаў усё горш. Я прыйшла працаваць сюды ў 2015 годзе – з жахам успамінаю, у якім стане ён знаходзіўся. Памятаю, як аднойчы да нас завітала тагачасны начальнік раённай культуры Наталля Сянюць, паглядзела на ўмовы, у якіх працуем, і паабяцала пастарацца штосьці зрабіць. Не ведаю, яе гэта заслуга ці кагосьці іншага з раённага кіраўніцтва, але пасля справа скранулася з мёртвай кропкі.

1.jpg



Аднаўленне будынку пачалося з унутраных работ: у снежні 2017-га спецыялісты пачалі рабіць глядацкую залу і кабінеты на двух паверхах. У 2019 годзе прыступілі да рамонту фасаду.

– Работы праводзіліся паэтапна, – працягвае Ганна Уласік. – Канешне, часам даводзілася працаваць і ў экстрэмальных умовах, але мы разумелі, што гэта часова – можна пацярпець. Ніколі не забуду, як напярэдадні Новага года паступіла распараджэнне тэрмінова зрабіць два рабочыя кабінеты, якія амаль да столі былі заваленыя скрынкамі з рабочым матэрыялам і будаўнічым смеццем. Мы не спалі ўсю ноч, наводзячы там парадак і разбіраючы рэчы, але ўсё паспелі зрабіць своечасова – і памяшканні падрыхтавалі, і мерапрыемствы на Новы год справілі. Цяпер гэта ўспамінаецца з усмешкай, а тады было не да жартаў.

3.jpg



Сёння Альхоўскі дом культуры не пазнаць і ля яго амаль кругласутачна не сціхаюць гоман і смех: днём тут бавяць час малышы на дзіцячай пляцоўцы, а вечарамі на лаўках збіраецца моладзь. Не менш утульна і ўсярэдзіне будынку: светлае фае, утульныя кабінеты, шыкоўныя танцавальны і глядацкія залы і творчая атмасфера. 

Дарэчы, пад адным дахам размяшчаюцца некалькі аб’ектаў культуры: філіял дзіцячай школы мастацтваў, дзе нараджаецца захапленне музыкай і спевамі, бібліятэка, куды юныя наведвальнікі прыходзяць не толькі пачытаць, а і пагуляць ці змайстраваць падзелку, і, вядома ж, – аддзел культуры і вольнага часу, у якім працуюць два спецыялісты: рэжысёр Ганна Уласік і культарганізатар Ксенія Лапуня. 

4.jpg

5.jpg


– Ды быццам жа якасць мерапрыемстваў залежыць ад колькасці работнікаў? – з умешкай адзначае Ганна Уласік. – Паглядзіце, як наш будынак аднавілі, да завяршэння рамонту засталіся дробязі. Мы яго цяпер называем наш Палац культуры – у параўнанні з тым што было, райскі куток. І за гэта мы ўдзячны старшыні райвыканкама Ігару Шалудзіну і загадчыку сектара культуры Інге Купрэвіч – за падтрымку. А таксама ўсім, хто меў дачыненне да рамонту. І, канешне, кардоннай фабрыцы, дзякуючы якой і з'явіўся ў 70-х гадах наш Дом культуры, – нават майстры, што рабілі цяпер рамонт, адзначылі, што будынак зроблены якасна і на сумленне. 

А калі спатрэбіцца дапамога ў правядзенні мерапрыемстваў, мы аднавяскоўцаў паклічам – яны абавязкова адгукнуцца. У нас жа ўся Альхоўка таленавітая: і заспяваюць, і станцуюць, і ў любым конкурсе паўдзельнічаюць. Менавіта дзеля такой публікі і хочацца працаваць і выступаць. 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.