Па восеньскай традыцыі перад прафесійным святам вяскоўцаў наш карэспандэнт пагутарыў з першым намеснікам старшыні райвыканкама – начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іванам Карнілам пра вынікі сельскагаспадарчага года, дасягненні аграпрамысловага комплексу і, канешне ж, людзей, якія ў ім працуюць.
– Сёлета прырода з прыхільнасцю паставілася да хлебаробаў, і створаны патэнцыял, у тым ліку новая тэхніка, карпатлівая падхрыхтоўка да жніва, спрацавалі на вынік. Які ён, астравецкі каравай-2024?
– Па-першае, ён радуе, таму што не толькі ў якімсьці адным накірунку мы дасягнулі добрых вынікаў. Намалацілі і збожжавых, і рапсу, і кукурузы значна больш, чым летась. А самае галоўнае – нарыхтавалі рэкордную колькасць травяністых кармоў.– Не першы год адзначаю для сябе, што хлебаробы падчас жніва жывуць у асаблівым рэжыме: адсочваюць раённыя зводкі лідараў; па чарзе абедаюць з памочнікамі, каб не губляць час і як мага даўжэй затрымацца ў полі. А якой была ўборка для начальніка райсельгасхарчу, і, прызнайцеся, ці хварэлі за кагосьці з камбайнераў з асаблівым імпэтам?– Па шчырасці, фаварыты на жніве ў мяне былі. Героем некалькіх апошніх уборачных кампаній нязменна станавіўся Яўген Грабоўскі з КСУП «Гудагай» з памочнікамі. Безумоўна, ніхто не змяншае яго старанняў і прафесіяналізму, але, ведаю, механізатары з іншых гаспадарак выказвалі крытычныя заўвагі. Аб’ектыўна ў чымсьці яны мелі рацыю: у гаспадарках розныя ўраджайнасць збожжа і рапсу, плошчы, тэхніка.
Ад душы парадаваўся за маладога механізатара Уладзіслава Млынкоўскага з КСУП «Варняны», які сёлета ў пары з бацькам другі ў раёне намалаціў тысячу тон збожжа, саступіўшы лідарам літаральна некалькі гадзін. Зазначу, што ўраджайнасць варнянскіх ніў значна меншая за «Гудагай» і «Гервяты». Ды і збожжаўборачны камбайн апошняга быў менш магутны і прадукцыйны, чым у першага «тысячніка» раёна. Нягледзячы на ўсе нюансы, варнянскі механізатар (ведаю, што ў 5 раніцы ён ужо быў на майстэрнях, каб абслужыць свой хлебаўборачны агрэгат і першым выйсці ў поле) саставіў годную канкурэнцыю гудагайскаму лідару. Мяне шчыра радуе, калі і хлебаробы, і вадзіцелі, і аператары зернесушыльных комплексаў, і ўсе іншыя, задзейнічаныя на жніве людзі, з душой ставяцца да справы і працуюць. Пабольш бы такіх старанных і адданых работнікаў – і ўборка для мяне як для начальніка была б яшчэ прасцейшай. (Усміхаецца.) А так усе арганізацыйныя моманты і праблемныя сітуацыі вырашаліся ў штатным рэжыме. Да жніўнай кампаніі мы рыхтаваліся загадзя, таму і прайшла яна дастаткова роўна і спакойна. – Мяне таксама парадавала, што мой малады зямляк паказаў цудоўны вынік на ўборцы. Што, на вашу думку, трэба рабіць, каб на вёсцы заставаліся маладыя кадры – не толькі спецыялісты, але і рабочыя? Пяць гадоў назад у першым нашым інтэрв’ю вы казалі, што замацаванне залежыць ад трох фактараў: жылля, наяўнасці выхадных і зарплаты. Ваша думка на гэты конт не змянілася?– Мая задача, як і любога чыноўніка, – зрабіць працу вяскоўцаў больш лёгкай; каб у людзей была не толькі годная заработная плата, але і выхадныя. Узгадваю сябе, калі працаваў галоўным заатэхнікам: зарплата была далёка не самая апошняя, але не ставала часу, каб яе траціць. Я добра разумею спецыфіку працы ў сельскай гаспадарцы: заробкі вяскоўцам дастаюцца цяжкім потам.Мне здаецца, што для маладых спецыялістаў у нас створаны нядрэнныя ўмовы для работы, прадугледжаны пад’ёмныя, даплаты, выдзяляецца жыллё і забяспечваецца падвоз. Тым не менш, яны часта выказваюць пажаданне, каб былі выхадныя, нарміраваны працоўны дзень, але, на жаль, з-за спецыфікі сельскагаспадарчай галіны гэтае пытанне застаецца адкрытым. Аднак увага сельскім кадрам надаецца на самым высокім узроўні. Яскравы доказ – абласныя «Дажынкі» ў Мастах, у якіх паўдзельнічаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка і ўшанаваў лепшых прадстаўнікоў сельскай гаспадаркі, у тым ліку нашага раёна. – Іван Мар’янавіч, тады агучу пытанне, якое часта чула ў розных гаспадарках падчас падрыхтоўкі матэрыялаў у святочны нумар. Многіх вяскоўцаў цікавіць, чаму на абласной урачыстасці ўзнагародзілі толькі працаўнікоў КСУП «Гервяты»?
– Гэта далёка не так, і людзям не варта хвалявацца. Напрыклад, КСУП «Гудагай» заняў 3-е месца ў абласным спаборніцтве сярод гаспадарак, якія спецыялізуюцца ў малочнай галіне. Адзначу, што кожны год мы стараемся падбіраць кандыдатаў так, каб на свяце адзначылі розных спецыялістаў і работнікаў з розных гаспадарак. Пры гэтым улічваюцца многія фактары: не толькі вынікі работы самаго працаўніка, але эканамічнае становішча прадпрыемства і іншыя.Паўтаруся, мы імкнёмся заўважыць і адзначыць кожнага, хто так ці інакш праявіў сябе і шчыра працуе на зямлі, на фермах і комплексах.Гэта зробім ужо ў гэтую суботу на раённай урачыстасці, дзе будуць падведзены вынікі сельскагаспадарчага года ў розных намінацыях і адзначаны лепшыя. Чакаюцца і абласныя ўзнагароды. Апераджаючы падзеі, падзялюся прыемнай навіной: упершыню за многія гады Астравецкі раён заняў першае месца ў вобласці па нарыхтоўцы кармоў.
– Віншую з перамогай! Іван Мар’янавіч, тады пахваліцеся, што атрымалася дасягнуць у гэтай галіне.
– Сёлета мы змаглі нарыхтаваць рэкордную колькасць травяністых кармоў: без малога 40 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву. Для разумення: для паспяховай зімоўкі буйной рагатай жывёлы (каб захаваць пагалоўе і атрымаць пэўную прадуктыўнасць) мінімальна патрабуецца 25. Нават КСУП «Варняны», дзе былі праблемы з кармавой базай, пад поўную патрэбу нарыхтавалі сенажу, а сіласу – удвая больш. Памятаю, 3 студзеня 2019 года я прыйшоў працаваць у Астравецкі раён, а травяністыя кармы ў гэтай гаспадарцы скончыліся ў снежні 2018-га. Лічыцца, каб зімне-стойлавы перыяд быў беспраблемным, варта сфарміраваць так званы пераходзячы паўтарагадовы запас. Нас навучыў і мінулы засушлівы неўраджайны год. Сёлета мы падстрахоўваліся – і пасеялі больш кукурузы і кармавых культур. Але надвор’е было максімальна спрыяльным. Атрымалася нарыхтаваць і сенажу, і сіласу з добрым лішкам. Кукуруза апраўдала сваю назву каралевы палёў – парадавала. Да прыкладу, яе ўраджайнасць склала 377 цэнтнераў з гектара. Зазначу, што па гэтым паказчыку ў вобласці нас абышлі толькі Шчучынскі і Смаргонскі раёны. На Астравеччыне, магчыма, не самыя лепшыя землі, але вынік атрымаўся адным з самых годных. У раёне найлепш гэтая культура ўрадзіла на сілас і на зерне ў КСУП «Варняны» – адпаведна 442 і 150 цэнтнераў з гектара. – Самы час перайсці ад кармавой базы да яе спажывальнікаў. Ведаю, што і ў жывёлагадоўлі добрыя паказчыкі.
– У цэлым гэты год і для жывёлагадоўлі склаўся дастаткова нядрэнна. Пэўны плён дала мінулагодняя работа па асемяненні кароў. Адпаведна, сплюсавалі па цялятах, а значыць – і па малацэ. Па гэтым паказчыку мы ў лідарах па вобласці сярод 17-ці раёнаў. Упершыню ў гісторыі на канец года мы павінны надаіць каля 8-мі тысяч кілаграмаў малака ад каровы. На пачатак лістапада выйшлі з 6 564 кілаграмамі (+755 да ўзроўню мінулага года).
– Як прасоўваецца будаўніцтва малочна-таварных комплексаў? І як гэта паўплывае на эканоміку гаспадарак?
– Увод у эксплуатацыю МТК «Сакалойці» КСУП «Гервяты» запланаваны на канец гэтага года, а МТК «Дравянікі» КСУП «Гудагай» – на канец 2025-га. Зазначу, што будаўніцтва комплексаў у нашым раёне ажыццяўляецца ў межах даручэння Прэзідэнта цалкам перавесці дойны статак на МТК. З пункту гледжання эканомікі, рэнтабельнасць малака на комплексах дасягае 60% і звыш. Прасцей кажучы, укладзены рубель дае аддачу ў 60 капеек. Па аб’ектыўных прычынах такога не можа быць на лінейных малочна-таварных фермах. Таму і пастаўлена задача перад аграрным сектарам большасць статка перавесці на аднатыповае круглагадовае ўтрыманне, якое прадугледжана на сучасных комплексах. Па-першае, гэта дазволіць павысіць рэнтабельнасць малочнай вытворчасці ў разы; па-другое, знізіць затраты па многіх пазіцыях. Так званая канцэнтрацыя вытворчасці дае адчувальны эканамічны эфект. Па вялікім рахунку, мы ж займаемся малаком не для самой вытворчасці, а каб атрымліваць прыбытак. – Каго б вы назвалі чалавекам года ў аграпрамысловым комплексе раёна? Гэта можа быць не адна асоба, а цэлы калектыў.
– У нас шмат вартых людзей і адзначыць кагосьці аднаго, напэўна, не змагу. Хоць і кажуць, што роля асобы значная ў гісторыі. Найбольш годна, на мой погляд, спрацавалі бясспрэчны лідар раённай сельгасвытворчасці КСУП «Гудагай» і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», які паступова выходзіць з цяжкага эканамічнага становішча і рухаецца наперад. Гэта заслуга, як кіраўнікоў, так і калектываў. – А якая тады будучыня чакае КСУП «Міхалішкі» і «Варняны»?
– Станоўчая дынаміка там назіраецца. Самае галоўнае, што гэтыя прадпрыемствы нарыхтавалі кармоў амаль на дзве зімоўкі наперад. Будзе жывёла накормлена – будзе адпаведна расці і яе прадуктыўнасць. Спадзяюся, што паціху, маленькімі крокамі ўслед за «Падольцамі» падымуцца «Міхалішкі» і «Варняны». – Што б вы сказалі працаўнікам вёскі?
– За ўсімі дасягненнямі сёлетняга сельскагаспадарчага года, якімі можа ганарыцца наш раён, заўсёды стаяць людзі. З іх маленькіх перамог і самаадданай працы і атрымаўся такі вынік. Дзякуй усім за работу! Калегам, ветэранам сельскай гаспадаркі і яе працаўнікам у першую чаргу жадаю здароўя, ладу ў сем’ях, дабрабыту, а таксама – спрыяльнага надвор’я. – Дзякуй, Іван Мар’янавіч, за змястоўную і шчырую гутарку. І вас – з надыходзячым святам!
Вынікі 2024-га
Паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця сельскай гаспадаркі Астравеччыны за 10 месяцаў
49 755 гектараў – плошча сельгасугоддзяў,
33 372 гектара – ворыва,
1 420 чалавек працуе,
1 662,9 рубля – сярэдняя зарплата,
63 695 тон – валавы намалот збожжа (з кукурузай) у першапачаткова апрыходаванай вазе,
40,1 цэнтнераў з гектара – ураджайнасць у першапачаткова апрыходаванай вазе,
34,1 ц/га – ураджайнасць рапсу,
486,9 ц/га – ураджайнасць цукровых буракоў,
267,8 ц/га – ураджайнасць бульбы,
56,4 цэнтнера кармавых адзінак нарыхтавана на ўмоўную галаву,
39,9 ц.к.адз. – травяністых кармоў,
66 583 тон – валавы надой малака,
6 564 кілаграмаў – надой ад каровы,
699 грам – сярэднясутачная прывага буйной рагатай жывёлы,
110 177 тысяча рублёў – прыбытак,*
8,4– рэнтабельнасць прадаж.*
* дадзеныя за 9 месяцаў
Астравецкая праўда