Главная / Новости / Новости района
19.01.2026

Как в Островце отмечали Крещение Господне

 

Любое царкоўнае свята мае глыбінны сэнс, які цесна пераплятаецца з народнымі традыцыямі. Ва ўрачыстасці Вадохрышча – Богаяўленне, хрышчэнне Ісуса Іаанам Прадцечай і сыход на Сына Божага Святога Духа. У гэты дзень шматлікія вернікі моляцца на літургіі, бяруць з сабой асвечаную бацюшкам ваду, а некаторыя – асабліва смелыя і загартаваныя – акунаюцца ў загадзя падрыхтаваную купель.

Святочнае богаслужэнне сабрала ў астравецкай царкве Святых апосталаў Пятра і Паўла не адзін дзясятак вернікаў.

Здавён вядома, што менавіта ў гэтыя дні вада набывае асаблівыя якасці, становіцца цудадзейнай і на працягу года захоўвае свае ўнікальныя ўласцівасці. Лічыцца, што нават кропля крашчэнскай вады, калі яе дадаць у любы сасуд з вадкасцю, здольна перадаць ёй сваю святасць.

Менавіта на Вадохрышча чын асвячэння вады праводзіцца двойчы: напярэдадні і на само свята Богаяўлення – 18 і 19 студзеня.


Храм поўніўся людзьмі: раздзяліць радасць з братамі-праваслаўнымі завіталі і католікі. Гэта не дзіўна, на Астравеччыне шмат змешаных сямей, а крашчэнская вада аднолькава шануецца ў дзвюх хрысціянскіх канфесіях. Радасна было заўважыць на службе і дзетак з бацькамі.


Пасля чыну асвячэння вады настаяцель храма іерэй Георгій Савіцкі звярнуўся да вернікаў:

– У гэты дзень Гасподзь асвяціў усю водную прыроду. Свята Вадохрышча яшчэ называецца Богаяўленнем: Ісус Хрыстос хрысціўся ў вадзе, а Святы Дух сышоў на Яго. Мы, магчыма, молімся за сябе ці кагосьці з блізкіх і просім аб аздараўленні. І тое, што часцінку асвечанай вады вы возьмеце з сабой у кватэры і дамы, сведчыць пра тое, што Усявышні чуе нашы малітвы. Піце яе па глыточку не толькі кожную раніцу, але і калі адчуваеце сябе дрэнна ці вам нездаровіцца – крашчэнская вада дапамагае пры цялесных і духоўных хваробах.

 

Пасля прыкладання да крыжа вернікі накіраваліся да шматлікіх ёмістасцей з асвечанай вадой, каб набраць гаючай вадкасці.


…Вадохрышча немагчыма ўявіць без акунання ў спецыяльна абсталяваных купелях. Адмысловая іардань была падрыхтавана на вадасховішчы непадалёк ад гарадскога вострава кахання. Спраўна неслі варту, каб у патрэбны момант прыйсці на дапамогу жадаючым акунуцца, вадалазы-выратавальнікі.


Знайшлося паўтара дзясятка смельчакоў, якіх не напалохалі нават сапраўдныя крашчэнскія марозы.

Пасля асвячэння бацюшкам вады ў купелі і цалавання крыжа жадаючыя аздаравіцца цялесна і духоўна па чарзе падыходзілі да палонкі, зробленай у форме крыжа.


На фоне распранутых дарослых, якія чакалі свайго часу, выбівалася двое дзетак з мамай. Аказваецца, акунацца на Вадохрышча ў купелі для іх – сямейная традыцыя.


– Сёння мы не поўным складам, таму што старэйшыя дзеці на вучобе, а са мной толькі малодшыя, – расказала астраўчанка Святлана Грабоўская. – На Вадохрышча акунаюся ў дзявяты раз, Габрые эла – пяты, Елісей – другі. У гэтым годзе сын толькі адзін раз апусціўся пад ваду, у мінулы – тры, але яму вельмі спадабалася. Ведаеце, з уласнага прыкладу магу сказаць, што крашчэнская вада аздараўляе. Летась у мяне была тэмпература, пасля купелі хваробу быццам хтосьці рукой зняў. Прызнацца, у такі мароз, як сёння, значна лягчэй і маральна, і фізічна акунацца, і больш камфортна.

 

– Страшна толькі, калі заходзіш у ваду, – да размовы далучылася Габрыэла.


– За дзяцей не баялася і не перажывала. З Божай дапамогай усё ў нас атрымалася. Пасля акунання адчуваю на душы злягчэнне і спакой, – жанчына ўсміхаецца.


 

Верыцца, што акунанне ў купелі на Вадохрышча стане добрай традыцыяй і для сям’і Багдзевічаў. Мама Дзіяна і тата Арцём рабілі гэта змяняючыся, пакуль за імі з непрыхаванай цікавасцю назіраў гадавалы сын Глеб.


– Муж ужо некалькі разоў акунаўся, а я зрабіла гэта ўпершыню. Эмоцыі і ўражанні проста неперадавальныя, – падзялілася маладая жанчына. – З раніцы гэта абмяркоўвалі, узрадавана, што рашылася. Калі акунаешся першы раз, адчуваецца бязважкасць. Калі вылазіш, нягледзячы на мароз, па целе разліваецца цеплыня. Думаю, у наступным годзе абавязкова паўторым!

 

Для Валерыя Андрушойця сёлетняе акунанне далёка не першае. А пачалося ўсё, як ні дзіўна, з санаторыя.


– Калі адпачываў у “Пралесцы”, нам зладзілі экскурсію ў жыровіцкі манастыр. Менавіта там ўпершыню акунуўся ў купель – і мне спадабалася. Сёлетні мароз не напалохаў, наадварот, у такое надвор’е больш камфортна апускацца ў ваду, – падзяліўся мужчына. – Вылазячы з купелі, адчуваеш абнаўленне, прыліў сіл – гэта своеасаблівая перазагрузка і для цела, і для розуму.

 

…Верыцца, што на працягу года цудадзейная сіла крашчэнскай вады будзе ва ўнісон са шчырымі малітвамі аздараўляць далёка не аднаго чалавека і напаўняць Божай благадаццю.

Астравецкая прауда