Главная / Новости / Новости района
06.12.2022

Культура района: перспективы и реалии


Выязная калегія ўпраўлення культуры Гродзенскай вобласці прайшла на Астравеччыне.

Праграма была насычанай: наведаць не толькі шматфункцыянальны комплекс у Астраўцы, але і шэраг клубаў і бібліятэк сельскай мясцовасці.


КАМПЕТЭНТНА

Алена Клімовіч, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама:

IMG_5603.jpg

– Астравецкі раён для правядзення выязной калегіі выбраны спецыяльна: ён перспектыўны, актыўна развіваецца. Пра гэта сведчыць хоць бы новы шматфункцыянальны комплекс, дзе можна атрымаць цэлы шырокі спектр паслуг. Што датычыцца сельскай мясцовасці – тут развіццё сферы культуры залежыць ад многіх складнікаў. Да прыкладу, колькасці жыхароў і наяўнасці кадраў. Астравецкаму раёну ёсць чым ганарыцца, ёсць каго і што паказаць – і калектывы, і розныя формы работы. Гэта дапаможа абмеркаваць актуальныя пытанні працы з маладымі спецыялістамі, насельніцтвам сталага ўзросту, дзецьмі.

Безумоўна, урбанізацыя –сёння актуальная для ўсяго свету. Аднак намячаецца іншая тэндэнцыя: людзі пачалі з гарадоў вяртацца або пераязджаць у вёску. Так што, лічу, будучыня ў сельскай, і астравецкай у прыватнасці, ёсць, таму шмат увагі мы надаём захаванню менавіта рэгіянальнай аўтэнтычнасці: танцаў, абрадаў, рамёстваў…

Упэўнена, вынікі калегіі будуць станоўчымі, таму што любы абмен вопытам – гэта заўсёды добра.


Комплекс – у комплексе

Знаёмства з раёнам пачалося са шматфункцыянальнага культурнага комплексу, які, да слова, ужо падрыхтаваўся да навагодніх святаў. Але ўразілі гасцей не столькі тэматычныя зоны, колькі сувеніры ручной работы і выстава твораў жывапісу, майстар-класы па выразанні выцінанак і саломапляценні ў аддзеле народных рамёстваў. А яшчэ – новая форма работнікаў бібліятэкі, утульны кіназал і нават трэнажорная зала. Усім удзельнікам калегіі Астравеччына запомніцца і жалудовай кавай! Сапраўды, шматфункцыянальны комплекс – цэлы комплекс паслуг у адным будынку.


Раён паказаў – і на пытанні адказаў

Пра працу ўстановы культуры, якая знаходзіцца ў межах горада, удзельнікі калегіі даведаліся ў Мальскім сельскім клубе.

Работу з маладымі спецыялістамі разгледзелі ў Гервяцкім клубе.

Выставай работ удзельнікаў гурткоў дэкаратыўна-прыкладной творчасці і брэндавым мерапрыемствам “Фестываль сямейнай творчасці” з дэгустацыяй страў ад яго ўдзельнікаў, а асабліва прэзентацыяй работы з дыпламантам і пераможцам шматлікіх вакальных конкурсаў Анастасіяй Ляховіч вызначыўся Альхоўскі сельскі клуб. Пра тое, што тут актыўна працуюць з людзьмі сталага ўзросту, было бачна па прэзентацыі вакальнага гуртка “Анюціны вочкі”.

У Рымдзюнскім сельскім клубе-бібліятэцы госці завіталі на выставы дзіцячых работ і народнага майстра Марыі Мажэйкі, наведалі музейны пакой “Куток старажытнага мясцовага побыту”. У Рымдзюнскім клубе, і гэта ўжо таксама брэнд, прадэгуставалі гарбату даўгалецця. З “тэарэтычных” пытанняў разгледзелі асаблівасці стварэння ўстановы змешанага тыпу – клуба і бібліятэкі ў адным.

Задача калегіі – не толькі прэзентаваць работу раённай культуры, але і разгледзець праблемныя пытанні. Пра гэта ішла размова з загадчыкам сектара культуры Астравеччыны Вольгай Баяровіч. Як арганізаваць работу з насельніцтвам, калі не хапае або ўвогуле няма кадраў, разгледзелі на прыкладзе Варнянскага сельскага клуба.

Шмат пытанняў прагучала на калегіі – і было зразумела, што гасцей цікавіць усё: ад праблем з кадрамі і кошту за паслугі да планаў на наступны год і настрою тых, хто не адзін дзясятак і гадоў адпрацаваў у сферы культуры.


Вынікі – як рэкамендацыі

Мала паглядзець – больш важна прааналізаваць убачанае і зрабіць патрэбныя вынікі, каб зразумець, у якім накірунку рухацца, вызначыць перспектыўныя напрамкі і ліквідаваць прабелы і недапрацоўкі.

Так, магчымасці шматфункцыянальнага культурнага комплексу дазваляюць выкарыстоўваць яго ў поўнай меры.

Важным падаецца выкарыстанне ў рабоце ўстаноў культуры раёна прафесійных калектываў. Нельга забываць і пра рэкламу сваёй дзейнасці.

Амаль для кожнага раёна вобласці праблемнай з’яўляецца арганізацыя брэндавых мерапрыемстваў. Дарэчы, на Астравеччыне іх распрацавана і ўжо праводзіцца восем.

Станоўча ацэнена практыка правядзення ў нашым раёне сумесных мерапрыемстваў бібліятэкі і клуба.

Шмат увагі надаецца дзейнасці нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва. Гэта абслугоўванне стацыянарнымі ўстановамі і аўтаклубамі, кожны з якіх мае канкрэтныя маршруты. Час выездаў павінен быць зручным для сельскіх жыхароў.

Патрабуе ўвагі работа клубных фарміраванняў. Наш раён, на жаль, шмат гадоў запар не падаваў заяўкі на наданне мясцовым калектывам званняў “Народны” і “ Узорны”, хоць ёсць 3 калектывы, якія па творчым патэнцыяле і ўзроўні могуць іх атрымаць.

У шэрагу раёнаў вобласці трэба павялічыць колькасць фальклорных калектываў. Актыўна працуе ў гэтым напрамку Астравеччына. Да прыкладу, у Міхалішках адкрыта дзіцячае клубнае фарміраванне.

Новыя цікавыя і карысныя праекты дапамогуць павялічыць і якасць работы з людзьмі сталага ўзросту. На стадыі рэалізацыі добрая задумка, якой падзяліліся астраўчане, – сумесная дзейнасць прадстаўнікоў трох пакаленняў.

Островецкая правда