Главная / Новости / Новости района
18.11.2022

Лучшие аграрии района получили награды на областном празднике работников сельского хозяйства


Гэты год парадаваў працаўнікоў палёў і ферм не толькі добрым ураджаем збожжавых і іншых культур, прывагамі і надоямі, але і ўзнагародамі. Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу лепшыя працаўнікі вобласці, у тым ліку Астравецкага раёна, прымалі віншаванні ад прадстаўнікоў улады, Мінсельгасхарчу, грамадскіх аб’яднанняў з нагоды прафесійнага свята.

Наш край на ўрачыстасці прадстаўляла 12 чалавек на чале са старшынёй райвыканкама Ігарам Шалудзіным і яго першым намеснікам Іванам Карнілам.

Падзячнымі граматамі Гродзенскага аблыванкама ацэнена работа першага намесніка начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Вольгі Умрыхінай, абласнога Савета дэпутатаў – аднаго з самых вопытных механізатараў раёна Вацлава Кандратовіча з КСУП “Гудагай”.

Трэцяе месца ў абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў у жывёлагадоўлі сярод гаспадарак вобласці заняў КСУП “Гервяты”. Яго дырэктар Ігар Жданаў атрымаў адпаведны Дыплом ад камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні. Начальнік малочна-таварнага комплексу “Рымдзюны” гэтай гаспадаркі Любоў Шапура ўдастоена Падзякі Міністэрства райсельгасхарчу.

Пераможцамі ў конкурсе абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і “бронзавымі” прызёрамі ў працоўным абласным спаборніцтве ў жывёлагадоўлі сталі аператары машыннага даення МТК “Рымдзюны” КСУП “Гервяты” Ларыса Гілевіч і Алена Дзямідчык. Тут варта ўзгадаць і прозвішчы іх калег Ганны і Івана Праўлуцкіх, якія ў гэты дзень даілі кароў на комплексе. Дасягнуты вынік (надой ад каровы з пачатку года склаў 7 972 кілаграмы – “плюс” 591 кг да 2021-га), як і ўзнагарода, – плён іх сумеснай работы.

Па выніках корманарыхтоўчай кампаніі лепшымі ў вобласці сталі Сяргей Урлік з КСУП “Гудагай” (дарэчы, не ўпершыню) і яго калега трактарыст-машыніст Дзмітрый Матусевіч. Гродзенскі абласны аграпрамысловы саюз высока ацаніў работу жывёлавода РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” Тэрэсы Раўда.

Не забыліся ў гэты дзень і пра тых, хто шмат гадоў адпрацаваў ў аграпрамысловым комплексе Гродзенчшыны: на абласным свяце аграрыяў адзначылі былога начальніка МТК “Кярняны” Марыю Тумінскую.

З першых вуснаў

Ігар Жданаў, дырэктар КСУП “Гервяты”:

– Было нечаканым, калі мяне выклікалі на сцэну – да апошняга не ведаў, у якой намінацыі перамаго наша сельгаспрадпрыемства. Лічу, што трэцяе месца сярод звыш 180 гаспадарак аграпрамысловага комплексу Гродзенскай вобласці – годны вынік. Гэта заслуга ўсяго калектыву нашага КСУПа. Хоць гэты год завяршаем не зусім з тымі вынікамі, як планавалі, але лепш, чым 2021-шы.

Марыя Тумінская, былы начальнік малочна-таварнага комплексу “Кярняны”:

– У сельскай гаспадарцы адпрацавала ўсё жыццё – звыш 35-ці гадоў, з якіх 15 узначальвала кярнянскі комплекс. Радасна, што і пра нас, пенсіянераў, не забываюць. Ад ўрачыстай цырымоніі ўшанавання лепшых аграрыяў вобласці засталіся самыя прыемныя ўражанні.

Островецкая правда