Главная / Русская версия / Новости / Новости района
17.08.2022

Лучшие хлеборобы района получили премии и подарки от профсоюза работников охраны здоровья

Па даўняй традыцыі падчас уборачнай кампаніі галіновыя прафсаюзы шэфствуюць над рознымі раёнамі рэспублікі. Не першы год за Астравеччынай замацаваны прафсаюз работнікаў аховы здароўя. Лепшыя хлебаробы раёна КСУП “Гудагай” і “Гервяты” атрымалі ад медыкаў падарункі і грашовыя прэміі.

Апошні раз кіраўніцтва рэспубліканскага прафсаюза медыцынскіх работнікаў сустракалася з хлебаробамі на астравецкіх нівах 2017 годзе. Яго тагачасны старшыня, наш зямляк, Роберт Часнойць тады ўручыў падарункі “гервяцкім” працаўнікам.

На гэтым тыдні на Астравеччыну завіталі першы намеснік старшыні рэспубліканскага камітэта прафсаюза аховы здароўя Алена Латушкіна і абласны прафсаюзны лідар медыкаў Уладзіслаў Галяк.

– За нашай абласной прафсаюзнай арганізацыяй замацаваны шэраг сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Астравецкага і Смаргонскага раёнаў. Падчас уборачнай кампаніі ўсе прафсаюзы, нягледзячы на галіновую прыналежнасць, адсочваюць умовы працы сельскіх працаўнікоў, іх забяспечанасць спецыяльнымі абуткам, адзеннем і гарачым харчаваннем. За некалькі тыдняў да пачатку масавага жніва з маніторынгам мы пабывалі ў вашым раёне, – адзначыў Уладзіслаў Робертавіч. – У гэты дзень мы завіталі на Астравеччыну з ганаровай місіяй: ад медыцынскай грамадскасці вобласці адзначыць работу лепшых хлебаробаў.

Да віншаванняў далучылася і першы намеснік старшыні рэспубліканскага камітэта Алена Латушкіна:

– Мы ўдзячны вам за нялёгкую, але такую патрэбную працу. Уражвае і здзіўляе, што на на ўборцы на роўных з мужчынамі працуюць жанчыны. Няхай вас не падводзяць ні тэхніка, ні надвор’е, а верным спадарожнікам па жыцці будзе моцнае здароўе.

У КСУП “Гервяты” была адзначана работа сямейнага экіпажа Янковічаў. Вераніка не першы год дапамагае мужу Дзмітрыю на жніве. Упершыню ў пары абмалочваюць гервяцкія нівы памочнік камбайнера Сяргей Махнач і Андрэй Масевіч, для якога гэтае жніво – шостае. На новым камбайне КЗС-1218 вытворчасці “Гомсельмаш” хлебаробы запісалі на свой рахунак звыш 1 300 тон збожжа і рапсу. Нязменны лідар уборкі сярод вадзіцеляў, якія працуюць на аўтамабілях з грузападымальнасцю да 5 тон, Валерый Вялікі першы ў раёне перавёз тысячу тон збожжа.

Вадзіцеля Генадзя Масальскага заспелі на зернескладзе ў Палушах –мужчына возіць збожжа па тэрыторыі сховішча і з палёў. У першай пяцёрцы лідараў-камбайнераў упэўнена трымаюцца Уладзімір Шаблавінскі і Ігар Бараноўскі, хоць на жніве яны разам упершыню, але ў кожнага за плячыма вопыт работы на хлебаўборачнай тэхніцы. Уладзіміру Вянгроўскаму, які неаднойчы ўваходзіў у тройку першых вадзіцеляў-тысячнікаў раёна, прэмію абяцалі перадаць: у дзень візіту прафсаюзых лідараў мужчына быў у камандзіроўцы.

У тэму

На раніцу 16 ліпеня на Астравеччыне абмалочана амаль 60% жніўнага кліна. 17 камбайнерскіх экіпажаў намалацілі па тысячы і больш тон збожжа і рапсу, на падыходзе – двухтысячнікі. Звыш двух тысяч тон перавезлі 3 вадзіцелі, па тысячы тон – 16, з якіх адзін працуе на аўтамабілі ГАЗ-САЗ. 7 звёнаў аператараў зернесушыльных комплексаў давялі да патрэбнай кандыцыі па 2 і больш тысячы тон, адно звяно дапрацавала амаль 7 тысяч тон.