Главная / Новости / Новости района
26.10.2022

Осенние сельскохозяйственные хлопоты - подъем зяби

З асноўнай задачай – сяўбой азімых культур у аптымальныя агратэхнічныя тэрміны – хлебаробы Астравеччыны справіліся, цяпер на парадку дня іншыя клопаты: у першую чаргу – падыманне зябліва.

Як сцвярджаюць спецыялісты, вясенняе ўзворванне не ідзе ні ў якое параўнанне з падыманнем зябліва. Дзякуючы апошняму, у глебе адбываецца шмат натуральных працэсаў: паляпшаюцца яе характарыстыкі, лепш назапашваецца вільгаць і многае іншае. Больш таго, гэта значна змяншае напружанасць вясенніх палявых работ. Да пачатку моцных маразоў гаспадаркам раёна трэба правесці зяблевую апрацоўку глебы на плошчы звыш 13 тысяч гектараў. Па аператыўных звестках сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, на раніцу 26 кастрычніка план выкананы на 15%. У сярэднім за дзень механізатары апрацоўваюць звыш 260 гектараў глебы. Найлепшыя тэмпы дэманструюць тры сельгаспрадпрыемствы: КСУП “Гервяты” (21%), Гудагай і РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” (па 19%).

На Астравеччыне завяршаецца ўборка вырашчаных сельгаскультур. Буракі выкапаны на плошчы 1 169 гектараў (71%) – для параўнання, летась на 55%. Накапана звыш 44 500 тысяч тон салодкіх караняплодаў ураджайнасцю 398 цэнтнераў з гектара. Найлепш цукровікі ўрадзілі ў РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” – 504 ц/га (праўда, убраны яны ў гаспадарцы толькі на 18% плошчаў) і ў КСУП “Гервяты” – 435 ц/га.

“Гудагайцы” і “гервятцы” завяршылі ўборку кукурузы на сілас і заклалі ў тэхнічныя ёмістасці для захоўвання травяністых кармоў амаль 61 тысячу і 49 тысяч тон адпаведна. Найбольш урадлівая каралева палёў у КСУП “Гудагай”, дзе з аднаго гектара корманарыхтоўшчыкі набівалі 447 цэнтнераў масы. У сярэднім па раёне кукуруза на сілас убрана з 85% плошчаў.

Тры гаспадаркі з чатырох (КСУП “Гудагай”, “Гервяты”, “Варняны”) абмалочваюць кукурузныя пачаткі на зерне – зжата 260 гектараў (68%). Самая высокая ўраджайнасць у КСУП “Гудагай” – 109 ц/га, самая нізкая – у ў КСУП “Варняны” – 34. Акрамя гэтага, у КСУП “Гервяты” нарыхтоўваюць кукурузу метадам плюшчэння – назапашана 211 тон такога віду корму.

Островецкая правда