Главная / Новости / Новости района
26.08.2022

Островчане в новом проекте "Островецкой правды" и районного Совета депутатов "Ровесники независимой Беларуси"

Ужо 31 год наша краіна крочыць сваім шляхам, месцамі – ухабістым, але ад гэтага яшчэ больш трывалым. І разам з ёй упэўнена ідуць яе жыхары, адны з якіх памятаюць жыццё да лёсавызначальных падзей 90-х гадоў, другія нарадзіліся ўжо ў суверэннай Беларусі.
Раённы Савет дэпутатаў і рэдакцыя газеты «Астравецкая праўда» распачынаюць праект «Равеснікі незалежнай Беларусі», у якім будуць знаёміць чытачоў з маладымі людзьмі, якія нарадзіліся ў знакавы для краіны 1991 год.

З першых вуснаў! 

Ірына Тальчук, старшыня раённага Савета дэпутатаў:

–  Моладзь – гэта наша сёння і заўтра, ад яе ў многім залежыць развіццё краіны, у якой будуць жыць нашчадкі. На Астравеччыне да моладзі заўсёды ставіліся з разуменнем і стараліся зрабіць усё, каб маладыя спецыялісты адчувалі сябе камфортна і ўтульна на першых працоўных месцах. У нашым раёне жыве шмат таленавітых, працавітых, здольных прадстаўнікоў маладога пакалення. Дык чаму б не расказаць пра іх, тым больш што 31 год – гэта ўзрост, калі ўжо можна пахваліцца нейкімі дасягненнямі. 

Вольга Дзядзюль:«Не люблю аднастайнасць»
Вольга жыве ў Астраўцы крыху больш за год, але ўжо амаль праз месяц пасля пераезду зразумела, што гэта яе горад, тое месца, куды хочацца вяртацца з далёкіх і блізкіх паездак і з радасцю адчуваць, што ты дома.
Радзіма Вольгі  на  Вілейшчыне – аграгарадок з гучнай назвай Нарач, які, дарэчы, да азёрнага краю ніякага дачынення не мае. Скончыўшы мясцовую сярэднюю школу, дзяўчына паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, дзе атрымала спецыяльнасць «географ-біёлаг», хоць хацела быць урачом.
– У дзяцінстве без боязі перавязвала раны сябрам і часта ўяўляла сябе доктарам, – успамінае Вольга. – Да 8 класа сур’ёзна задумвалася аб паступленні ў медыцынскі, але пасля знаёмства з настаўнікам хіміі, з якім мы не разумелі адзін аднаго, перадумала. Наколькі ўсё ж адзін чалавек можа паўплываць на лёс іншага. (Усміхаецца.) Аднак лічу, што ўсё склалася так, як і павінна быць. Педагогіка – гэта маё. На 5-м курсе я падпрацоўвала ў адной са школ Мінска, а пасля заканчэння вну вярнулася ў родны раён, дзе была настаўнікам біялогіі ў адной з сельскіх школ, пакуль не пайшла ў дэкрэт. І адначасова паступіла на завочнае аддзяленне ў магістратуру. Мне падабаецца вучыцца, самаўдасканальвацца, спасцігаць штосьці новае. Я і цяпер не-не ды і задумваюся: а можа, яшчэ кудысьці паступіць? (Смяецца.)
Аб тым, што Вольга Дзядзюль не любіць статычнасць і аднастайнасць, сведчыць і яе прафесійны шлях. Пасля выхаду з адпачынку па доглядзе за дзіцем яна ўладкавалася метадыстам у аддзел адукацыі Смаргонскага раёна, дзе курыравала шэраг прадметных накірункаў і работу маладых спецыялістаў, затым ёй прапанавалі пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце ў Сольскай сярэдняй школе, дзе адпрацавала 2 гады.
– Усюды было цікава – гэта быў новы вопыт і спроба сіл у розных накірунках педагогікі, – прызнаецца мая суразмоўца. – Аднак мне не хацелася спыняцца, і ў мінулым годзе лёс прывёў мяне ў Астравец. 
У СШ №3 Вольга таксама была намеснікам дырэктара, толькі ўжо па выхаваўчай рабоце. Дзякуючы яе ініцыятыве, на базе навучальнай установы стварылі ваенна-патрыятычны клуб – пілотны праект, які атрымаў шмат станоўчых водгукаў і працягне сваё існаванне. Праўда, ужо без падтрымкі ідэйнай натхняльніцы.  
– Адной чэрвеньскай раніцай мне патэлефанавала начальнік аддзела адукацыі Аксана Землякова і запрасіла да сябе, – працягвае Вольга. – Я думала, што атрымаю пэўныя даручэнні, а пачула прапанову ўзначаліць Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Не скажу, што доўга вагалася. І не таму, што настолькі ўпэўненая ў сваіх сілах – проста прывыкла рухацца наперад, таму пастараюся апраўдаць аказаны давер. Калектыў сустрэў прыязна, гатовы працаваць камандай, у нас шмат ідэй і планаў, якія, спадзяюся, мы паспяхова ажыццявім. 
У ініцыятыўнасці маладога кіраўніка можна не сумнявацца – нават адпачываць Вольга любіць актыўна: сплаўляецца на байдарках, ходзіць у паходы, падарожнічае з сям’ёй. А калі зусім стоміцца – застаецца сам-насам з прыродай. І жыццё зноў становіцца цудоўным! 

Алег Пашкевіч: «Галоўныя дасягненні яшчэ наперадзе»
Алег – карэнны астраўчанін. У райцэнтры прайшло яго дзяцінства. Тут ён скончыў гімназію №1, тут пачаў і працоўную дзейнасць. У дзяцінстве захапіўшыся камп’ютарам, юнак і будучую прафесію выбраў адпаведную: праграміст.
– З чаго можа пачацца захапленне камп’ютарам як не з гульняў – вось і ў мяне так адбылося, – усміхаючыся, расказвае малады чалавек. – У 8 гадоў упершыню ўбачыў гэты цуд тэхнікі, а ў 12-13 – ужо меў свой.  Вядома, тыя камп’ютары не параўнаць з сучаснымі – лёгкімі, плоскімі, з модным дызайнам, але тады і вялікая белая «скрынка» з’яўлялася марай многіх. Як ужо казаў, падабаліся гульні, а пасля пачаў цікавіцца: як працуе сістэмнік, што такое драйвер, адкуль бяруцца праграмы і гэтак далей. Чым больш паглыбляўся, тым больш пераконваўся, што хачу займацца камп’ютарнай справай.
Можна сказаць, Алег двойчы ажыццявіў мару: спачатку атрымаў спецыяльнасць «тэхнік-праграміст» у Маладзечненскім гандлёва-эканамічным каледжы, а пасля завочна скончыў Міжнародны інстытут дыстанцыйнай адукацыі БНТУ і стаў інжынерам-праграмістам. 
– Людзі штодзень на камп’ютары ці ў мабільніках карыстаюцца рознымі праграмамі і дадаткамі – іх распрацоўкай, удасканальваннем, іспытамі займаюцца інжынеры-праграмісты, – патлумачыў спецыфіку спецыяльнасці Алег Пашкевіч. – Складана? Дык у кожнай прафесіі ёсць свае асаблівасці і цяжкасці. Напрыклад, узяць тых жа ўрачоў, якія часам праводзяць такія аперацыі, што толькі дзіву даешся. Справа кожнага чалавека важная і адказная. 
Дарэчы, пра ўрачоў малады чалавек узгадаў нездарма, бо ён не па чутках ведае пра клопаты людзей у белых халатах. Алег Пашкевіч з’яўляецца начальнікам аддзела аўтаматызаваных сістэм кіравання Астравецкай цэнт­ральнай раённай клінічнай бальніцы. Разам з ім у аддзеле працуе яшчэ 3 спецыялісты, якія адказваюць за спраўнасць камп’ютараў установы.
– А іх у бальніцы шмат, – адзначыў малады чалавек. – Адпаведна і работы ў нас хапае. Акрамя абслугоўвання, мы адказваем за сайт, сацыяльныя сеткі – словам, за ўсё, што звязана з тэхнікай. Канешне, гэта не зусім тая спецыфіка, на якую вучыўся, але таксама цікава. Мяне ўсё задавальняе. Аднак, спадзяюся, галоўныя дасягненні яшчэ наперадзе. 
Але не работай адзінай… У вольны час малады чалавек любіць праехаць 20-30 кіламетраў на веласіпедзе ці схадзіць у трэнажорную залу.
– Мне падабаецца Астравец, – дадае малады чалавек. – За апошнія гады ён моцна змяніўся: стаў больш сучасным і модным, з’явілася шмат новых цікавостак. Але і пасёлак майго дзяцінства ўспамінаю з цеплынёй. У буйныя гарады люблю ездзіць на экскурсію ці для адпачынку, а вось жыць дакладна лепш у Астраўцы. 


Островецкая правда