Главная / Новости / Новости района
30.07.2026

Прорыв сезона: первыми на Островетчине тысячу тон зерна намолотили хлеборобы КСУП «Ворняны»

 Сёлета, мне здаецца, няма таго чалавека, які б не сачыў за ходам ўборкі і не перажываў за ўраджай. З абмалотам трэці збожжавых плошчаў на Астравеччыне раскрылася галоўная інтрыга жніва: тысячу тон збожжа намалаціў экіпаж у складзе старшага камбайнера Уладзіслава Млынкоўскага і яго памочніка Алега Бусловіча з КСУП “Варняны”. Пасля працяглага перапынку хлебаробы гэтай гаспадаркі вярнуліся на жніўны п’едэстал. Героі жніва прымалі віншаванні ад кіраўніцтва раёна і гаспадаркі, галіновага прафсаюза і Астравецкага раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь”. А галоўнага агранома КСУП “Варняны” Івана Дзенюша адзначылі за найлепшую арганізацыю ўборкі.

Прыгожа, заслужана, трыумфальна – найбольш трапныя эпітэты, якімі можна апісаць перамогу механізатараў у працоўным прафсаюзным спаборніцтве і іх ўзнагароджванне.

Апошні раз “золата” вышэйшай “тысячнай” пробы хлебаробы гэтай гаспадаркі бралі з дзясятак гадоў назад. А сёлета Уладзіслаў Млынкоўскі і Алег Бусловіч даказалі не толькі сабе, але і астатнім, што далёка не ўсё страчана і ў “Варнян” ёсць будучыня; што, калі не проста чагосьці хацець, а днямі навылет працаваць для гэтага, – тады ўсё абавязкова атрымаецца.

Нагадаю, што летась на жніве яны атрымалі “серабро”, гудагайцы іх апярэдзілі літаральна на некалькі гадзін. Калі напачатку масавай уборкі рабіла рэпартаж у КСУП “Варняны”, Улад не ўтойваў амбіцый на перамогу і здабыў яе ў пары з Алегам, намалаціўшы тысячу тон збожжа.

– Я чалавек ад зямлі, таму добра разумею і цаню тое, што вы робіце. Малайцы, на такіх працаўніках і трымаецца сельская гаспадарка! – заўважыў, віншуючы першых тысячнікаў, старшыня Астравецкага райвыканкама Руслан Жукоўскі.

 

Падзякаваў камбайнерам за працу і цудоўны вынік дырэктар КСУП “Варняны” Андрэй Стаповіч.

Да віншаванняў далучылася намеснік старшыні абкама Беларускага прафсаюза рабонікаў аграпрамысловага комплексу Алеся Венско, якая ўзнагародзіла камбайнераў-пераможцаў, а таксама за шматгадовую і плённую працу адзначыла старшыню пярвічнай арганізацыі КСУП “Варняны” Таццяну Лісоўскую. Госця пажадала спрыяльнага надвор’я, спраўнай тэхнікі і яшчэ не адной намалочанай тысячы тон.

Віншаванні працягнуў прафсаюзны лідар аграрыяў Астравеччыны Юрый Адула:

– Вы змаглі вярнуць статус першых тысячнікаў раёна пасля дастаткова працяглага перапынку. Калісьці варнянцы хутчэй за аста тніх дасягалі гэтага рубяжу ў намалоце і нікога не прапускалі наперад, але апошнія дзесяць гадоў былі выключэннем. Віншую з заслужанай перамогай. Будзем спадзявацца, што і надалей вы будзеце ўтрымліваць высока ўзнятую планку не толькі на жніве, але і падчас іншых аграрных кампаній.

 

Юрый Адула падзякаваў хлебаробам за старанні, а таксама адзначыў падарункамі старшыню райвыканкама Руслана Жукоўскага і дырэктара КСУП “Варняны” Андрэя Стаповіча.

Цёплыя словы героям дня адрасавала і сакратар Астравецкага раённага адзялення Беларускай партыі “Белая Русь” Кацярына Качаева.

Шмалікія віншаванні, заслужаныя ўзнагароды (дыпломы і грашовыя прэміі) цудоўна дапоўніў музычны падарунак ад артыстаў раёна.

Віншуем варнянскіх хлебаробаў з пераможным вынікам!

З першых вуснаў

Уладзіслаў Млынкоўскі, першы камбайнер-тысячнік жніва-2026:

– Гэта перамога стала магчымай дзякуючы многім акалічнасцям і старанням не аднаго чалавека майго памочніка, інжынернай, і агранамічнай служб. Асабліва ўдзячны кіраўніку гаспадаркі, дзякуючы яму ў “Варнянах” стала абнаўляцца тэхніка і лепш ісці справы; а таксама блізкім за падтрымку.

Андрэй Стаповіч, дырэктар КСУП “Варняны”:

Сёлета ў нас клін збожжавых у параўнанні з мінулым годам большы на 500 гектараў, акрамя гэтага, 400 гектараў рапсу. Калектыў механізатараў адэкватны, усе практычна варнянцы. Таму людзі стараліся, “лавілі” надвор’е, каб убраць – і сёння мы бачым вынік гэтага плёну. Першымі на Астравеччыне тысячу тон збожжа намалацілі нашы хлебаробы! Безумоўна , адчуваю гонар за хлопцаў. Ведаю, што яны стараліся раней выехаць і даўжэй затрымацца ў полі.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич