Відэа, падрыхтаванае Астравецкай раённай бібліятэкай, адзначана Дыпломам ІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе творчых работ да Года народнага адзінства.
Конкурс аб’явіла Нацыянальная акадэмія навук Рэспублікі Беларусь, дзе, дарэчы, праходзіла і сама цырымонія ўзнагароджвання. Удзельнікі з розных рэгіёнаў краіны дасылалі творы разнастайных жанраў: вершы, прозу, фатаграфіі, відэа, песні і іншыя. Усяго было прадстаўлена больш за паўтары тысячы работ, сярод якіх журы вызначыла лепшыя ў сямі намінацыях. Відэа супрацоўнікаў Астравецкай раённай бібліятэкі атрымала высокую ацэнку ў намінацыі “Мова зямлі маёй”.
– Цырымонія ўзнагароджвання выклікала непаўторныя эмоцыі – гэта было ўрачыста і велічна, – падзялілася ўражаннем намеснік дырэктара бібліятэкі Наталля Ачарэтава. – Канешне, вельмі прыемна, што нашу работу палічылі адной з лепшых. І ў гэтым заслуга ўсіх, хто прыдачыніўся да яе стварэння, але ў першую чаргу – Галіны Францкевіч, якая прыдумала канцэпцыю.
– Калі нам прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе, адразу падумалася, што большасць удзельнікаў будуць дэманстраваць славутасці свайго краю – храмы і іншыя помнікі архітэктуры, – расказала Галіна Ігнатаўна. – Мне ж хацелася паказаць адметнасць радзімы з іншага боку, напрыклад, праз нашу сакавітую, унікальную і багатую дыялектамі мову і яе славутых носьбітаў – напрыклад, Казіміра Сваяка. Так з’явілася ідэя відэа “Мова зямлі жыве ў нашым краі”. Дзякуй усім калегам, якія падтрымалі задумку і дапамаглі ўвасобіць яе ў тое, што атрымалася. Было вельмі радасна, калі падчас уручэння дыплома хтосьці з членаў журы сказаў, што іх прыемна ўразіла наша работа. Словы навукоўцаў дарагога каштуюць, значыць, варта ганарыцца асаблівай астравецкай мовай.
Администрация сайта