Главная / Русская версия / Новости / Новости района
29.07.2022

Рапсу – дэсікацыю, механізатарам – двайную аплату, ці Як праходзіць жніво ў КСУП «Гервяты»

Першымі ўбіраць рапс на Астравеччыне пачалі хлебаробы КСУП «Гервяты». Дарэчы, у гэтай гаспадарцы найбольшыя ў раёне плошчы крыжакветкавага – 900 гектараў, і самы вялікі жніўны клін збожжавых – звыш 4 100 гектараў.

Напачатку тыдня зазірнулі на «гервяцкія» нівы, каб паглядзець, ці добры ўраджай саспеў, даведацца, хто яго сёлета будзе ўбіраць і якія праблемныя пытанні ўзнікаюць на жніве. 

У панядзелак, 25 ліпеня, збожжаўборач­ная тэхніка ў КСУП «Гервяты» была разбіта на два звяны: каля вёскі Мацкі абмалочвалі рапс, ля Малых Якентан – яравы ячмень.

– На масавым жніве ў нас будуць задзей­нічаны 17 камбайнаў, прыблізна столькі ж адзінак тэхнікі – на адвозе збожжа і рапсу, – расказаў галоўны аграном Аляксандр Кавалька, які з дырэктарам КСУП «Гервяты» Ігарам Жданавым назіралі за пачаткам абмалоту крыжакветкавага і давалі парады механізатарам. – Па рашэнні райвыканкама транспарт на дапамогу нам выдзелілі аўтапарк, камунальнікі і доследны лясгас.

Па словах галоўнага тэхнолага гервяцкіх палёў, адзіная праблема, якая хвалюе хлебаробаў, – з-за надвор’я тэрміны жніва ссунуліся больш чым на дэкаду. 

– Па ўсім бачна, што давядзецца адначасова абмалочваць збожжавыя і рапс. Да таго ж працягваецца другі ўкос. І ўсюды патрэбны людзі! За пяты год работы ў гас­падарцы ў якасці галоўнага агранома такі непрадказальны і складаны сезон – першы, – расказвае Аляксандр Кавалька. 

Каб пазбегнуць страт ураджаю крыжакветкавага, у КСУП «Гервяты» сёлета выкарысталі метад дэсікацыі – падсушванне раслін з дапамогай спецыяльных прэпаратаў. Гэта паскарае выспяванне, аблягчае і робіць больш танным працэс уборкі. Па меркаванні спецыялістаў, такі агратэхнічны прыём эканамічна апраўданы, хоць і дастаткова рызыкоўны. 

– Штодзень уносілі прэпараты для даспявання рапсу на плошчы не больш за 100 гектараў, праз 5-7 дзён у поле пускалі камбайны. Самае галоўнае, каб у гэты час не задажджыла – тады ўсе намаганні марныя, – патлумачыў галоўны аграном.

Рапс убіраў добра вядомы на Астравеччыне сямейны тандэм Арцёма Бабойця і Аляксандра Маркуна. Браты працуюць у іншай сферы, але амаль кожнае лета прыходзяць на дапамогу аграрыям. Так, у 2018 годзе яны першымі ў раёне сярод маладзёжных экіпажаў перасягнулі жаданую мяжу ў тысячу тон збожжа. 

Алег Юркойць пакуль убірае рапс адзін. З дня на дзень да яго павінен далучыцца памочнік з лясной гаспадаркі Дзмітрый Юркойць. 

– Рапс выглядае добра, праўда, месцамі сыраваты, – адзначыў камбайнер. – На круг пакуль дае каля 30 цэнтнераў, думаю, далей будзе сыпацца лепш. 
На новым збожжаўборачным камбайне вытворчасці «Гомсельмаш» смела «ныралі» ў рапсавае мора Андрэй Масевіч, для якога гэта шостае жніво, і Сяргей Махнач – юніёр.

– Працаваць на новай тэхніцы – адно задавальненне, – прызнаўся Андрэй. – У «Гервятах» камбайны ў асноўным давераны вопытным механізатарам, памочнікамі працуе шмат моладзі, як, напрыклад, і Сяргей, які прыйшоў у родную гаспадарку пасля заканчэння Іўеўскага прафесійна-тэхнічнага каледжа.
Аднаго з самых вопытных у гаспадарцы камбайнераў і корманарыхтоўшчыкаў Валянціна Гайдуля заспела за ўборкай яравога ячменю – пад гэтую культуру «гервятцы» адвялі 860 гектараў. На жніве мужчыне сёлета дапамагае Арцём Баніцэвіч.

– Найбольшы  намалот у мяне за сезон быў каля 1 600 тон. Колькі сёлета вазьму? Не люблю наперад загадваць – гэта стане зразумелым, калі хоць трэць плошчаў убяром, – расказаў камбайнер. – З культур найбольш падабаецца пшаніца – хораша яна сыплецца. А нелюбімая – ячмень: жатка забіваецца. 
Менавіта з яго, «вусатага», КСУП «Гервяты» па традыцыі пачалі ўборку збожжавых. 

– На першых абмалочаных участках ячмень сыпаўся пад 43-45 цэнтнера з гектара, летась было толькі 33. Збожжавыя сёлета ўрадлівыя – гэта радуе. Але дадае клопату, што тэрміны жніва, другога ўкосу траў і падрыхтоўкі глебы пад азімую сяўбу сёлета практычна супалі. Хоць ты разарвіся, – патлумачыў складанасці сёлетняга сезону Аляксандр Кавалька. 

У гаспадарцы з дня на дзень пачнуць рыхтаваць глебу да сяўбы рапсу. Сёлета ў «Гервятах» пад яго збіраюцца адвесці рэкордную плошчу – ажно тысячу гектараў. Такое рашэнне ўзважанае і эканамічна абгрунтаванае: у гаспадарцы запусцілі ў работу цэх па перапрацоўцы рапсавага насення. Атрыманы алей ідзе на рэалізацыю, а жмых – на корм буйной рагатай жывёле: гэта значна эканоміць сродкі на набыццё бялковай сыравіны. 

У КСУП «Гервяты» дбаюць не толькі пра ўраджай і вытворчыя паказчыкі, але і пра занятых на жніве людзей. Механізатарам і вадзіцелям у поле прывозяць гарачыя абеды і падвячоркі. Перагледзелі ў гаспадарцы і расцэнкі: камбайнеры за кожную намалочаную тону збожжа ў гэтым годзе будуць атрымліваць удвая больш, чым летась.

Напрыканцы паездкі па ячменных і рапсавых палях КСУП «Гервяты» пацікавілася ў Аляксандра Кавалькі, за што найбольш ён хвалюецца ў гэтую гарачую для хлебаробаў пару. 

– За людзей спакойны, як і ў цэлым за жніво. Турбуе стан дарог на Міцюны і Чэхі – разбітыя, цяжка вадзіцелям. А галоўнае – своечасова ўбраць з палёў салому і ў аптымальныя тэрміны пасеяць рапс, – сказаў на развітанне галоўны аграном.


Другі сезон на камбайне КЗС-1218 працуе Алег Юркойць


На новым камбайне ўпершыню працуюць разам Андрэй Масевіч і Сяргей Махнач

Памочнік Мікіта Сарокін і камбайнер Віктар Мачэль

Адказны за ўборку на дайлідскім участку Уладзімір Грэгуш

Галоўны аграном КСУП «Гервяты» Аляксандр Кавалька

Валянцін Гайдуль і Арцём Баніцэвіч


Павел Мажэйка, Генадзь Лабачэўскі (на фота) і Аляксандр Сасноўскі даводязць да патрэбнай кандыцыі збожжа і рапс

 


Вадзіцель Валерый Кірпа неаднаразова прызнаваўся лепшым на адвозе збожжа

Браты Аляксандр Маркун і Арцём Бабойць і па жыцці, і на жніве – разам

Островецкая правда