Главная / Новости / Новости района
23.02.2026

Справаздачна-выбарчая канферэнцыя ветэранаў прайшла ў Астраўцы

 10-я справаздачна-выбарчая канферэнцыя раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў прайшла ў Астраўцы.
 

У фае кінаканцэртнай залы “Астравец”, дзе праходзіла мерапрыемства, дэлегатаў сустракалі дзве выставы: на кніжнай можна было пазнаёміцца са зборнікамі вершаў і краязнаўчых матэрыялаў астравецкіх ветэранаў: Іаланты Валуевіч, Людмілы Кухарэвіч, Святланы Бацюлевай, Капіталіны Пятроўскай, Станіслава Курылы. Іх “самвыдатам” выпусціла раённая бібліятэка. А на фатаграфічнай – паглядзець на здымкі і ўспомніць справы раённай арганізацыі ў справаздачным перыядзе.


Пра зробленае за мінулыя 5 гадоў расказала ў сваім выступленні старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун. Самых розных, цікавых і карысных спраў на рахунку нямала, і большасць дэлегатаў былі іх сведкамі і ўдзельнікамі. Ветэраны прымалі актыўны ўдзел у важнейшых электаральных кампаніях і праводзілі конкурсы; сустракаліся з моладдзю, каб перадаць ім свой багаты жыццёвы вопыт, і ўдзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах; спявалі ў хоры і дапамагалі збіраць дзяцей у школу; ездзілі на экскурсіі і прыводзілі ў парадак магілы ветэранаў вайны; мацавалі сувязі з калегамі з Мядзельскага раёна і ўспаміналі навагоднія ёлкі свайго дзяцінства.


Але не спачываць на лаўрах – гэта якраз пра іх. Новавыбранаму складу раённага савета ветэранаў належыць прадоўжыць добрыя пачынанні папярэднікаў. Асноўная задача, якая стаіць перад імі, – удзел у патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. І гэта не толькі сустрэчы са школьнікамі і моладдзю, расповеды пра гісторыю і сваё жыццё, але і канкрэтныя сумесныя справы. Адной з такіх павінен стаць догляд за пахаваннямі ўдзельнікаў вайны. Ветэраны, школьнікі, супрацоўнікі арганізацый, дзе працавалі гэтыя людзі, павінны ўзяць іх пад сваю апеку.

Дэлегаты канферэнцыі, якія выступілі ў спрэчках і задавалі пытанні – Генадзь Бужымскі, Валерыя Стэх, Пётр Крупенчык – дапоўнілі даклад старшыні расповедамі пра дзейнасць сваіх пярвічных арганізацый. У прыватнасці, Генадзь Іосіфавіч прасіў аднавіць работу лазні ў Альхоўцы, а Пётр Зянонавіч прапанаваў выдаць, папярэдне дапоўніўшы і выправіўшы дапушчаныя памылкі, раённую кнігу “Памяць”.


На справаздачна-выбарчную канферэнцыю савета ветэранаў былі запрошаны шматлікія госці: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Шалудзін, старшыня раённага Савета дэпутатаў Генадзь Бычко, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Вольга Баяровіч (яна ж – старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яданння “Белая Русь”), партнёры і калегі: начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Собалеў, начальнік аддзела адукацыі Алена Васільчык, намеснік дырэктара Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аксана Свірская, лідары раённых грамадскіх арганізацый: Беларускага саюза жанчын – Наталля Баніцэвіч, райкама БРСМ – Вольга Максімава, райкамаў прафсаюзаў работнікаў АПК і адукацыі – Юрый Адула і Марына Кутовіч. Усе яны прыйшлі са словамі падзякі за сумесныя акцыі, за актыўнасць і нераўнадушша і падмацавалі іх граматамі, кветкамі і падарункамі найбольш актыўным паплечнікам.




Адбылося і афіцыйнае ўзнагароджанне. Да гэтага ў нашым раёне было пяцёра ўладальнікаў знака “Ганаровы ветэран”: Генадзь Бужымскі, Марыя Безляповіч, Пётр Крупенчык, Марыя Дземяшкевіч, светлай памяці Часлаў Свіла. На апошняй канферэнцыі такі ж знак уручылі Віктару Ярмаку, шматгадоваму старшыні калгаса імя Калініна і Астравецкага сельскага Савета, намесніку старшыні раённага савета ветэранаў папярэдняга склікання.

На канферэнцыі быў абраны новы склад раённага савета ветэранаў, яго прэзідыум і старшыня. Узначаліць самую масавую грамадскую арганізацыю раёна ў чарговы раз даверылі Ірыне Шляхтун.

Цудоўнай “вішанькай на торце” – смачнай, прыгожай, сакавітай – стаў канцэрт адноўленага хору ветэранаў.

З першых вуснаў

Вольга Баяровіч:

 

– Нашы ветэраны – залаты фонд Астравеччыны. Вашымі рукамі, талентам, розумам створана ўсё лепшае, што ёсць у нашым раёне, чым мы ганарымся. І сёння вы не застаецеся ў баку ад спраў. Ветэранская грамадская арганізацыя – самая шматлікая ў нашым раёне. Вы – актыўныя ўдзельнікі спартыўных, культурных, грамадска-палітычных мерапрыемстваў. Дзякуючы вам у раёне наладжана пераемнасць пакаленняў.

 

Наперадзе ў вас шмат работы. Хочацца пажадаць новавыбранаму раённаму савету ветэранаў працягваць шматлікія ініцыятывы і акцыі, адстойваць правы і законныя інтарэсы пенсіянераў. А галоўнае – актыўна ўдзельнічаць у патрыятычным выхаванні моладзі, бо ваша мудрае слова намнога даражэй чымза любы падручнік.

Генадзь Бычко:

 

– Сёння жыццё нашага раёна немагчыма без актыўнага ўдзелу ва ўсіх яго справах членаў вашай ветэранскай арганізацыі. Я не магу ўявіць Альхоўку без Генадзя Бужымскага, Дайлідкі – без Уладзіміра Грэгуша, школьнае і грамадскае жыццё – без Сяргея Шэіна, школу мастацтваў – без Надзеі Шарэйкі і Дануты Блашкевіч. І пералік гэты можна працягваць бясконца.

 

І не трэба, як многія раяць, глядзець у пашпарт. Узрост – гэта ні пра што. Уінстан Чэрчыль, да прыкладу, да 92 гадоў захаваў цвярозасць думкі. Наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка выходзіць на лёд і паказвае нам усім прыклад. І сярод нашых ветэранаў нямала тых, у каго можна павучыцца адносінам да справы і да жыцця. І гэта дарагога каштуе.

Узнагароды

Падзячным пісьмом старшыні раённага выканаўчага камітэта узнагароджаны старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі КСУП “Гервяты”, аграном Уладзімір Грэгуш.

Падзячнае пісьмо старшыні раённага Савета дэпутатаў атрымала старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі “РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” Валерыя Стэх.

Шэраг ветэранаў адзначаны Падзякамі і падарункамі грамадскіх арганізацый.

Лічбы

– 29 пярвічных ветэранскіх арганізацый дзейнічае ў раёне – за апошнія 5 гадоў іх колькасць павялічылася на 7.

 

– У Астравецкім раёне жыве 4 450 ветэранаў працы – гэта 18% ад агульнай колькасці насельніцтва.

 

– Амаль 1,5 тысячы пенсіянераў працягваюць працаваць у розных галінах народнай гаспадаркі.

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик