Яшчэ напачатку вучэбнага года ні настаўнікі, ні вучні і ўявіць сабе не маглі, што хутка школьныя аўдыторыі стануць не адзіным месцам для навучання, а сацыяльныя сеткі будуць першым правайдарам да ведаў. Сёння вучоба не выходзячы з дому стала не капрызам асобна ўзятага чалавека, а адным са спосабаў засцерагчыся ад каронавіруснай інфекцыі. Як вучаць і вучацца па-за школай, чытайце ў гэтым матэрыяле. Індывідуальнае суправаджэнне Алеся Кашко, намеснік начальніка аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама:
– Адразу патлумачу: для тых дзяцей, якія па заявах бацькоў засталіся дома, школамі арганізавана не дыстанцыйнае навучанне, а індывідуальнае суправаджэнне. Сёння задача настаўніка – даць інфармацыю аб тым, што вывучалася на ўроку, само заданне і спасылку, дзе знайсці дапаможны матэрыял.
Каб аблегчыць работу настаўніка і вучня, на сайтах аддзела адукацыі і абласнога інстытута развіцця адукацыі створаны тэматычныя раздзелы, дзе змяшчаюцца дапаможнікі, відэаўрокі.
Педагогі з вучнямі ўзаемадзейнічаюць праз інтэрнэт: сацсеткі, Вайбер, настаўніцкія блогі – каму як зручна.
На пачатак чвэрці вучыцца дома засталося 35% дзяцей раёна.
На 29 красавіка на «аддалёнцы» знаходзіцца 30%.
Заданні атрымліваюць бацькі Галіна Чахрач, дырэктар Варонскага НПК:
– У нас вучацца толькі дзеці пачатковых класаў – таму тэмы для вывучэння і заданні для вучняў, якія засталіся дома, атрымліваюць іх бацькі. Настаўнікі высылаюць іх па Вайберы альбо аддаюць асабіста ў рукі – такім жа спосабам перадаюць зробленыя работы для праверкі. Калі што незразумела – звязваюцца з педагогам, і той тлумачыць, дапамагае разабрацца.
Практыкаваць падобнае навучанне мы пачалі, калі прадоўжылі канікулы – губляць часу не хацелася.
З-за таго што чвэрць стала меншай, прыйшлося перагледзець каляндарнае планаванне па прадметах – аб’яднаць некаторыя тэмы. Аднак гэтае пытанне не аставілі на вырашэнне настаўнікаў – патрэбныя дапаможнікі падрыхтаваў нацыянальны інстытут адукацыі.
Добрай падтрымкай для педагогаў стала і метадычная дапамога па правядзенні заняткаў ад выдавецтва «Аверсэв»: у сваёй суполцы «ВКантакце» яны размяшчаюць планы-канспекты ўрокаў.
З настаўнікамі на сувязі
Паліна Ганчарэвіч, вучаніца 7 класа Гервяцкай СШ:
– Мае бацькі не захацелі рызыкаваць і вырашылі, што, пакуль «разгульвае» каронавірус, мне лепш у школу не хадзіць. Тым, хто застаўся вучыцца дома, класн
ы кіраўнік раздаў нумары тэлефонаў настаўнікаў – каб мы маглі быць на сувязі. А яшчэ можна праз сацыяльныя сеткі заданні перакідваць.
Я атрымліваю заданні, выконваю іх і адпраўляю настаўнікам. Вусныя ўрокі правяраюць праз тэсты ў інтэрнэце – тут час строга абмежаваны, у адрозненне ад пісьмовых. Калі ўзнікаюць цяжкасці ці штось незразумела – тады тэлефаную настаўніку альбо гляджу відэаўрокі. Думаю, буду так займацца да канца года.
У рэжыме анлайн Вольга Юргелянец, настаўнік Рытанскага НПК:
– На гэтым тыдні ўжо ўсе вучні прыйшлі ў школу.
Да гэтага я працавала на «аддалёнцы» праз сэрвіс ZOOM. Гэта зручна, бо заняткі праводзяцца ў рэжыме анлайн – калі праз тэлефон сувязь трымалі, калі праз камп’ютар. А так усё, як на ўроку: тлумачэнне тэмы, пытанні-адказы, разбор заданняў – толькі і адрозненне, што я ў класе, а дзеці – дома. Ну і заданні: спачатку я ім адпраўляла, а потым яны зробленыя вярталі мне на праверку. Выкананне тэставых заданняў абмяжоўвала ў часе.
ZOOMам можна карыстацца бясплатна, але пры такой умове ёсць абмежаванні ў працягласці сеансу і колькасці ўдзельнікаў. Для нашай невялікай камплектнасці класаў гэта падыходзіла.
Для аднаго класа – у ім толькі два вучні і абодва выбралі навучанне дома – я праводзіла заняткі згодна з раскладам. А вось з класамі, у якіх частка дзяцей сядзела за партамі, а частка на «аддалёнцы», па-іншаму: спачатку ўрокі ў школе, а на «фортачцы» альбо пасля работы вучыла «надомнікаў» – час мы з імі вызначылі.
Так я вучыла і дзяцей, якія хварэлі.
Складанасцяў няма Андрэй Ствол з Міхалішак, бацька першакласніцы:
– Спачатку мы з жонкай вырашылі, что дачка будзе вучыцца дома, тым больш такая магчымасць у нас была. Такі выбар наклаў не толькі на настаўніка, але і на нас адпаведныя абавязкі – дзіця малое, самастойна прымаць заданні і разбірацца з урокамі яна яшчэ не можа. І тут ужо мы былі ў адказе: дапамагчы, патлумачыць, калі што – пракансульціравацца ў настаўніка.
Працавалі праз Вайбер. Днём нам дасылалі заданні, а вечарам мы дачцэ тлумачылі ўрокі, яна выконвала – і адпраўлялі класнаму кіраўніку. Правераныя заданні настаўнік дасылаў нам, і, калі там былі памылкі, тлумачыў, як і чаму трэба было рабіць. Складанасцяў у такім навучанні не было.
Цяпер дачка ходзіць у школу, але будзем сачыць за сітуацыяй з каронавірусам – можа, зноў вернемся на дамашняе навучанне.
Жывыя стасункі лепш Павел Буйвідовіч, вучань 10 класа СШ №1:
– Хоць «аддалёнка» дае пэўную свабоду: ты можаш сесці за ўрокі не па раскладзе – я прытрымліваюся ўстаноўленага для сябе графіку – у 8.00 ужо за рабочым сталом.
У нашым класе для тых, хто вучыцца дома, створаны чат. Там нам скідваюць спасылкі на відэаўрокі і заданні. Я стараюся не зацягваць: зрабіў – і адразу адаслаў. Потым настаўнік высылае правераную работу і адзнаку за яе. Калі да мяне ёсць нейкія пытанні альбо памылкі ў рабоце, мне пішуць у «лічку».
Вучоба атрымліваецца самастойнай – тут настаўнікі выступаюць у ролі мадэратараў.
Для мяне такая форма навучання не новая: па хіміі і фізіцы я займаюся ў завочнай школе беларускай асацыяцыі «Конкурс». Мне дасылаюць метадычкі з тэмамі, прыкладамі рашэння задач і кантрольныя работы.
А ўвогуле, калі гаварыць пра «аддалёнку», то з аднаго боку гэта добра, бо можаш адвесці на разбор тэмы столькі часу, колькі табе трэба. Аднак з другога – жывых стасункаў з настаўнікамі, аднакласнікамі, сябрамі нішто не заменіць, ды і матэрыял усё ж у калектыве засвойваць лягчэй.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст: Рита Дремо