Літаральна пад Новы год Астравецкі лясгас зрабіў сабе падарунак: на дрэваапрацоўчым цэху была ўведзена ў эксплуатацыю новая лінія сарціроўкі драўніны.
У чым яе перавагі і што гэтая пакупка прынясе лесагаспадарчаму прадпрыемству, мы даведаліся з першых вуснаў.
Спецыялісты ў адзін голас сцвярджаюць, што сарціроўка круглага лесу – вельмі важны этап у вытворчасці лесаматэрыялаў.
– У асноўным лес сарціруецца сартыментавозамі, пагрузачна-транспартнымі машынамі на прамежкавых складах. На гэта траціцца шмат часу, ды і, прызнацца, немагчыма дасягнуць такой дакладнай сарціроўкі, як ў тых лесагаспадарках, дзе ёсць спецыяльныя аўтаматызаваныя лініі, – расказаў начальнік дрэваапрацоўчага цэха Дзмітрый Волк-Леановіч. – Таму мы набылі спецыяльнае абсталяванне для сарціроўкі круглага лесу. Па-першае, значна павысіцца эфектыўнасць работы цэха, па-другое – павялічыцца выхад гатовых піламатэрыялаў, па-трэцяе – зменшыцца колькасць браку.
Лінію сарціроўкі драўніны астравецкія лесаводы набылі ў ЗАТ “Екацерынбургскія лясныя машыны”. Мантаж абсталявання праводзілі расійскія спецыялісты пры актыўным удзеле работнікаў Астравецкага лясгаса. Работы былі выкананы якасна і ў максімальна кароткія тэрміны.
Лінію абслугоўвае адзін аператар – Аляксей Багаеў. Прадстаўнікі фірмы-вытворцы навучылі яго кіраваць “разумнай” машынай.
– Па адукацыі я сталяр-станочнік. Уся мая працоўная дзейнасць звязана з вытворчасцю лесаматэрыялаў. У Астравецкім лясгасе працую апошнія тры гады, – расказвае аператар лініі сарціроўкі драўніны. – Працэс аўтаматызаваны, але можна працаваць і ў ручным рэжыме. Калі, напрыклад, здарыцца нейкая памылка, то камп’ютар адразу яе пакажа.
Лесавоз загружае бярвенні на накапляльную эстакаду, а затым з дапамогай спецыяльнага механізма яны трапляюць на сканар. Даныя апрацоўваюцца камп’ютарам, і далей па транспарцёры лесаматэрыялы накіроўваюцца да накапляльных кішэняў, куды яны, у залежнасці ад даўжыні і памераў, трапляюць пасля аўтаматычнага скідвання. Адтуль бярвенні маніпулятарам дастае трактар і складвае ў штабелі.
…Калі раней на дрэваапрацоўчым цэху Астравецкага лясгаса за змену сарціравалі максімум 150 кубоў круглага лесу, то з дапамогай расійскай сарціравальнай лініі могуць і 500 кубоў адужаць.