Главная / Новости / Новости района
02.09.2024

В Ворнянской СШ председатель райисполкома Сергей Медзвецкас поздравил с началом учебного года учителей, учеников и их родителей



Строгія касцюмы ў хлопчыкаў і белыя банты ў дзяўчынак, букеты ў руках вучняў, непрыхаванае хваляванне бацькоў… На ўрачыстую лінейку ў Варнянах першы званок паклікаў 280 дзяцей. Сімвалічна, што ўпершыню тут сёлета сядуць за парты 19 першакласнікаў, для такой жа колькасці юнакоў і дзяўчат гэты навучальны год апошні…

Прысутных і гасцей вітала дырэктар Алена Юркойць, а Буквар запрасіў учарашніх дашкалят папоўніць шэрагі вучняў.

Раздзяліць радасць ад Дня ведаў у Варнянскую СШ завіталі шматлікія госці, у тым ліку старшыня Астравецкага райвыканкама Сяргей Мядзвецкас.


– Дарагія першакласнікі, хочацца вам пажадаць, каб тая трансфармацыя, якая будзе адбывацца ў 1 класе, прайшла паспяхова, без стрэсу. Паверце, у вас усё абавязкова атрымаецца. Паважаныя адзінаццацікласнікі, жадаю, каб на фінішнай прамой вы дакладна для сябе вызначылі мэту, таму што разлічваць толькі на адну ўдачу, якая, несумненна, таксама важная, – недастаткова. Варта разумець, што толькі праз цярпенне і працу вы дасягнеце вынікаў і ажыццяўлення тых мэт, якія для сябе паставіце. У гэтым вам, канешне, будуць дапамагаць настаўнікі, бацькі. Канчаткова вызначыце, якія прадметы варта падцягнуць, каб паступіць у жаданую навучальную ўстанову. Памятайце: наймальніку патрэбен не чалавек з дыпломам, а прафесіянал. Вас будуць ацэньваць па вашых ведах і навыках – гэта пранясіце праз усё сваё жыццё. У любым выпадку, калі будзе разуменне і імкненне да гэтага, поспех непазбежны, – у віншавальным слове адзначыў Сяргей Мядзвецкас. – Бацькам жадаю цярпення, удачы ў новым навучальным годзе. Настаўнікам – не спыняцца на дасягнутым. Са святам! І ў добры шлях!




Таксама кіраўнік раёна звярнуў увагу, што ільвіная доля фінансаў на капітальныя рамонты навучальных устаноў была трансфармавана менавіта ў будынку Варнянскай школы. Да пачатку навучальнага года цалкам адрамантаваны дах, зроблены цякучы рамонт, на якія зрасходавана звыш 400 тысяч беларускіх рублёў. Па словах Сяргея Тадэвушавіча, гэта інвестыцыя ў нашых дзяцей – у будучыню краіны.

За ўдзел у абласных спаборніцтвах “Бізнес-ідэя” была адзначана сакратар Таццяна Тарашкевіч, Падзячнае пісьмо атрымалі Юрый і Наталля Мажэйкі за выхаванне дачкі Лізаветы.

Віншаванні адрасавалі і духоўныя лідары аграгарадка: пробашч касцёла Святога Юрыя ксёндз Віктар Захарэўскі і настаяцель храма свяціцеля Іаана, архіепіскапа Шанхайскага і Сан-Францыскага айцец Мікалай Уцякалка.


Дырэктар КСУП “Варняны” Андрэй Стаповіч уручыў кожнаму першакласніку партфель з неабходнай канцылярыяй. Акрамя таго, мясцовая гаспадарка падарыла школе каляровы прынтар. За плённае супрацоўніцтва з Астравецкім лясгасам (нагадаю, што на базе навучальнай установы дзейнічае першае і адзінае ў раёне школьнае лясніцтва) сертыфікат на  тысячу рублёў з рук ляснічага мясцовага лясніцтва Юрыя Філіпчыка атрымала дырэктар Варнянскай СШ Алена Юркойць. Падарункавыя сертыфікаты ад упраўлення капітальнага будаўніцтва перадала яго дырэктар Тамара Кацяк.




За перамогу ў конкурсах і значны ўклад у развіццё сістэмы адукацыі начальнік аддзела адукацыі Аксана Землякова ўручыла ганаровыя граматы намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Аксане Керне, настаўніку-дэфектолагу Вікторыі Мятлеўскай. А вучаніца 8 класа Алёна Радзевіч атрымала Дыплом ІІІ ступені па выніках абласной алімпіяды па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”.



Кранальная патрыятычная песня і танец у выкананні педагогаў і вучняў сталі завяршаючым акордам свята. Першы званок паклікаў дзяцей на першы ўрок, які сёлета прысвяцілі Году якасці і 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 



Островецкая правда